/ / Общественно-политические
13.11.2017

Што змянілася ў пенсійным забеспячэнні? Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дало свае тлумачэнні

Як ужо паведамляла «Звязда», дэпутаты прынялі ў першым чытанні папраўкі ў закон аб пенсійным забеспячэнні. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў сувязі з гэтым дало свае тлумачэнні.

Калькулятор

Як вядома, згодна з законам аб пенсійным забеспячэнні, пачынаючы з 1 студзеня гэтага года пенсійны ўзрост штогод павышаецца на 6 месяцаў да дасягнення ўзросту мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі – 58 гадоў. Такімі ж тэмпамі будзе павышацца і ўзрост для прызначэння датэрміновых пенсій.

Спецыялісты Мінпрацы і сацабароны нагадваюць, што абавязковай умовай атрымання працоўнай пенсіі па ўзросце і працоўнай пенсіі за выслугу гадоў з'яўляецца наяўнасць стажу працы (або іншай дзейнасці) з выплатай абавязковых страхавых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта так званы страхавы стаж.

Страхавы стаж штогод з 1 студзеня таксама павялічваецца на 6 месяцаў – да дасягнення 20 гадоў. Для прызначэння пенсіі ў 2017 годзе ён павінен складаць не менш за 16 гадоў, у 2018 годзе – 16 гадоў 6 месяцаў, у 2019 годзе – 17 гадоў і г. д.

Для некаторых катэгорый асоб быў устаноўлены меншы страхавы стаж. Так, для прызначэння датэрміновых пенсій па ўзросце бацькам дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства); шматдзетным маці, якія нарадзілі пяцёра і больш дзяцей; інвалідам з дзяцінства; інвалідам вайны; маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, ліліпутам і карлікам патрабуецца 5 гадоў страхавога стажу (пры выкананні іншых умоў, прадугледжаных заканадаўствам).

* * *

Але ў сувязі з тым, што некаторыя беларусы, якія ажыццяўлялі сацыяльна значную дзейнасць, трапілі ў так званую «пастку» страхавога стажу, было прапанавана ўнесці папраўкі ў дзеючае заканадаўства, якія і прынялі на днях дэпутаты. Згаданыя папраўкі прадугледжваюць памяншэнне працягласці страхавога стажу для асоб, якія ажыццяўлялі догляд за інвалідам І групы або за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама за пажылымі людзьмі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Такія асобы будуць мець права на працоўную пенсію па ўзросце пры наяўнасці 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу працы не менш за 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў – у жанчын.

Працягласць страхавога стажу таксама была паменшана для грамадзян, якія доўгі час (не менш за 10 гадоў) праходзілі ваенную службу (службу ў ваенізаваных арганізацыях), але не маюць права на пенсію па заканадаўстве аб пенсійным забеспячэнні ваеннаслужачых. Гэтая катэгорыя будзе мець права на працоўную пенсію па ўзросце пры наяўнасці 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу працы не менш за 25 гадоў у мужчын і 20 гадоў – у жанчын.

Згаданыя папраўкі ў заканадаўства прывялі яго ў адпаведнасць з прынятым раней Указам Прэзідэнта № 233 «Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян», які быў падпісаны 29 чэрвеня 2017 года.

* * *

Што датычыцца агульнага працоўнага стажу, то ў Мінпрацы і сацабароны растлумачылі, што ў агульны стаж, акрамя перыядаў работы (іншай дзейнасці) з выплатай абавязковых страхавых унёскаў уключаецца таксама служба ва Узброеных Сілах СССР, Рэспублікі Беларусь, час догляду за дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў (але не больш за дзевяць гадоў увогуле), перыяд догляду за інвалідам І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту і якая мае патрэбу ў пастаянным доглядзе, а таксама перыяд атрымання ў дзённай форме прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі, перыяд атрымання дапамогі па беспрацоўі (але не больш за 6 месяцаў увогуле) і некаторыя іншыя. Працягласць агульнага стажу ўплывае таксама на памер пенсіі. Максімальная працягласць агульнага стажу, якая ўлічваецца, складае 45 гадоў для мужчын і 40 гадоў – для жанчын.

Таксама ў Мінпрацы адзначылі, што пры прызначэнні працоўнай пенсіі ў 2017 годзе яна вылічаецца з заробку за апошнія 23 гады запар стажу працы, але не больш чым за фактычна існуючы стаж працы. Пры гэтым у перыядах работы, прадпрымальніцкай дзейнасці ўлічваецца фактычны заробак (даход), а за перыяды іншай дзейнасці, якія ўключаны ў стаж, у якасці фактычнага заробку ў разлік прымаецца 40% сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за адпаведныя месяцы.

Да ведама

І аб памерах пенсій

У студзені сярэдні памер прызначаных пенсій па ўзросце складаў 305,79 рубля, а ў лістападзе – ужо 323,45 рубля. Такім чынам, сярэдні памер пенсій па ўзросце з пачатку года вырас на 17,66 рубля.

Пераразлік ажыццяўляўся ў сувязі з ростам сярэдняй зарплаты. Адначасова з такім павышэннем пераразлічваўся памер даплаты да мінімальных працоўных пенсій. А ў сувязі са змяненнем бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва павышаліся мінімальныя працоўныя пенсіі, сацыяльныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да іх, даплаты пенсіянерам, старэйшым за 75 гадоў.

У цэлым, у нашай краіне вызначаны мінімальныя гарантыі. Так, мінімальны памер працоўнай пенсіі па ўзросце складае 25% найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны за два апошнія кварталы.

Мінімальны памер працоўнай пенсіі па інваліднасці І і ІІ груп складае 100%, па ІІІ групе – 50%, маці-гераіням (незалежна ад групы інваліднасці) – 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Мінімальны памер працоўнай пенсіі за выслугу гадоў, а таксама з прычыны страты карміцеля складае 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, у двухразовым яго аб'ёме – дзецям-сіротам, асобам з ліку дзяцей-сірот (пры ўмове неатрымання ў сувязі са смерцю аднаго з бацькоў штомесячнай страхавой выплаты).

Святлана БУСЬКО, «Звязда», 11 лістапада 2017 г.