/ / Общественно-политические
08.11.2017

Якія змены могуць адбыцца ў пенсійным заканадаўстве? У Палаце прадстаўнікоў рыхтуюць да разгляду праект Закона «Аб пенсійным забеспячэнні»

З 1 лістапада для беларусаў выраслі мінімальныя працоўныя і ўзроставыя пенсіі. Для асобных катэгорый грамадзян павялічыліся надбаўкі, даплаты і дапамогі. Але работа ў сферы пенсійнага забеспячэння на гэтым не канчаецца. Цяпер у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі рыхтуюць да разгляду ў першым чытанні праект закона «Аб пенсійным забеспячэнні».

Перш за ўсё, неабходна прывесці палажэнні закона ў адпаведнасць з нормамі Указа Прэзідэнта № 233 «Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян». Ён уступіў у сілу 1 жніўня гэтага года. Мэта новаўвядзенняў – змякчыць умовы фарміравання права на працоўную пенсію па ўзросце асобным катэгорыям грамадзян. Такім чынам адбываецца зніжэнне да 10 гадоў мінімальнага стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Беларусі.

Па словах Юліі МУРЫНАЙ, члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях, якая зараз працуе над гэтым законапраектам, прапанаваныя змяненні закрануць асоб, якія працяглы перыяд займаюцца грамадска значнай дзейнасцю. Да яе адносяцца догляд за дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў, інвалідамі І групы і асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, а таксама за тымі, хто мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.

«Для гэтай катэгорыі грамадзян пенсія па ўзросце прызначаецца пры наяўнасці страхавога стажу не менш за 10 гадоў і пры агульным стажы работы ў жанчын не менш за 35 гадоў, у мужчын – не менш за 40 гадоў. Акрамя таго, павялічана працягласць уключанага ў стаж перыяду догляду інвалідаў І групы да дасягнення тымі, хто здзяйсняе догляд, узросту 60/65 гадоў (для жанчын/мужчын), якія па дасягненні агульнапенсійнага ўзросту не сфарміравалі права на працоўную пенсію», – растлумачыла дэпутат.

Таксама прынята рашэнне ў дачыненні да грамадзян, што праходзілі ваенную службу (службу ў ваенізаваных арганізацыях), якім для права на пенсію па ўзросце неабходна наяўнасць агульнага стажу працы не менш за 25 гадоў у мужчын і 20 гадоў у жанчын. Пры гэтым згаданы стаж абавязкова павінен уключаць не менш за 10 каляндарных гадоў ваеннай службы (службы ў ваенізаваных арганізацыях).

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «МС» аб тым, якія тэндэнцыі мае сучаснае пенсійнае забеспячэнне, Юлія Мурына выказала меркаванне, што да выплат варта прыцягваць і замежныя фінансы: «Ва ўмовах эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі, якая складваецца ў апошнія гады, у прыярытэце застаецца работа па ўтрыманні пенсійных выдаткаў у межах паступленняў у бюджэт фонду і забеспячэнні своечасовай выплаты пенсій. На мой погляд, далейшая работа па ўдасканаленні пенсійнага заканадаўства будзе кропкавай. Мяркую, што асноўная ўвага будзе ўдзяляцца развіццю і ўдасканаленню міжнароднай дагаворна-прававой базы па пытаннях пенсійнага забеспячэння ў мэтах прыцягнення фінансавых рэсурсаў замежных дзяржаў, на тэрыторыі якіх працавалі грамадзяне, да суфінансавання выплаты пенсій».

Сваёй гісторыяй падзялілася 48-гадовая мінчанка Людміла Пятрова. Яе маці страціла зрок з-за ўскладненняў ад цукровага дыябету і атрымала інваліднасць першай групы. Цяпер яе даглядае дачка, якая да гэтага працавала медсястрой. Непасрэдна на Людмілу новаўвядзенне не паўплывае, але яна лічыць, што меры, прынятыя ў сувязі з доглядам за інвалідамі, справядлівыя і правільныя: «Так склалася, што я цяпер не працую па спецыяльнасці, а даглядаю маці. І, хачу вам сказаць, што гэта не меншая колькасць работы, чым мне даводзілася выконваць калісьці ў паліклініцы. Догляд – гэта таксама праца, і ўключэнне яе ў працоўны стаж цалкам справядлівае. Калі маці перастала бачыць, мне было 42. А калі б гэта здарылася раней, калі ў мяне працоўнага стажу было менш? Я ўсё адно б яе не пакінула на плечы сацыяльных работнікаў. Бо хто так дагледзіць маю маму, як я сама, родны ёй чалавек?..»

Вераніка ПУСТАВІТ, «Звязда», 8 лістапада 2017 г.