/ / Общественно-политические и в области права
29.05.2017

У СНД ствараецца агульная інфармацыйная база даных па тэрарыстах і іншых зламысніках, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы

Супрацоўніцтва ў межах СНД выходзіць на новы ўзровень. Пра гэта ішла размова на пасяджэнні Савета кіраўнікоў пенітэнцыярных службаў дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У ведамстве пенітэнцыярных службаў – выкананне крымінальных пакаранняў. Кожная з краін гатова падзяліцца сваім у чымсьці ўнікальным досведам у гэтай сферы.

Савет быў створаны ў 2015 годзе Беларуссю, Расіяй і Кыргызстанам, пазней да яго далучыліся Арменія і Казахстан. Цяпер працэдуру ратыфікацыі праходзіць Туркменістан. Як паведаміў намеснік дырэктара федэральнай службы выканання пакаранняў Расіі Валерый МАКСІМЕНКА, дзейнасцю Савета зацікавіліся спецыялісты не толькі дзяржаў – удзельніц Садружнасці, але і іншых краін з шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, у прыватнасці прыбалтыйскіх, і нават кубінскія калегі.

На першым плане ў рабоце Савета зараз супрацоўніцтва па процідзеянні экстрэмізму разам з іншымі сілавымі структурамі і антытэрарыстычным цэнтрам. Адзін з галоўных кірункаў – стварэнне агульнай інфармацыйнай базы даных па тэрарыстах і іншых зламысніках, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы.

– Мы хочам зрабіць так, каб небяспечныя злачынцы не маглі бескантрольна перасякаць мяжу іншых краін. Базы кожнай дзяржавы паасобку ўжо практычна гатовыя, думаю, мы зможам аб'яднаць іх на працягу года. У агульную базу будуць унесены даныя пра тых, хто ўтрымліваецца ў месцах пазбаўлення волі, ужо вызваліўся, і тых, хто знаходзіцца ў вышуку, – растлумачыў Валерый Максіменка.

Падчас дзейнасці Савета адбылося абмеркаванне сумесных мер па барацьбе са злачыннасцю, якія будуць уключаны ў праект міждзяржаўнай праграмы на 2019–2023 гады. Яшчэ адзін кірунак узаемадзеяння – абмен вопытам у падрыхтоўцы спецыялістаў. Важнай тэмай па-ранейшаму застаецца і пытанне экстрадыцыі – перадачы злачынца дзяржавай, дзе ён здзейсніў супрацьпраўнае дзеянне, той, грамадзянінам якой ён з'яўляецца. Галоўная ўмова, каб пакаранне на радзіме не было больш суровым, чым першапачаткова прызначанае. Механізм перадачы зняволеных яшчэ неабходна ўдасканаліць.

Акрамя працы за сталом перагавораў, удзельнікі Савета змаглі пазнаёміцца са спецыфікай дзейнасці беларускай пенітэнцыярнай сістэмы ў рэальных умовах. Чыноўнікі наведалі папраўчую калонію №14 упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па г. Мінску і Мінскай вобласці, дзе была арганізавана выстаўка прадукцыі, якую вырабляюць на рэспубліканскіх унітарных прадпрыемствах крымінальна-выканаўчай сістэмы. Асартымент вельмі шырокі: ад вопраткі да зрубаў хат. Акрамя таго, беларускія зняволеныя займаюцца вытворчасцю, напрыклад, розных відаў мэблі, посуду, сельскагаспадарчых прылад, камплектуючых для тэхнікі многіх буйных прадпрыемстваў, такіх як «МАЗ» і «Гомсельмаш», і нават карцін і інфармацыйных стэндаў. Тым не менш асноўнымі напрамкамі дзейнасці з'яўляюцца дрэва- і металаапрацоўка, швейная і абутковая вытворчасць. Толькі дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы прапаноўваюць больш за 830 найменняў прадукцыі.

Удзельнікі Савета змаглі ўбачыць, як наладжана вытворчасць у калоніі, дзе вырабляюць садовую мэблю, абсталяванне для вадасцёкавых сістэм, запасныя часткі да сельгастэхнікі, тратуарную плітку, платы і агароджы, ацынкаваны посуд і многае іншае. Сярод партнёраў РУП – 10 найбуйнейшых машынабудаўнічых прадпрыемстваў краіны, з некаторымі супрацоўніцтва наладжана на працягу больш як 30 гадоў. Асабліва цікавым для міжнародных экспертаў было тое, што сярод пакупнікоў ёсць прадстаўнікі сямі замежных краін.

Пасля знаёмства з вытворчасцю ўдзельнікі Савета адправіліся ў турму № 8 у Жодзіне, на тэрыторыі якой пасадзілі сімвалічную алею сяброўства.

Дар'я КАСКО, «Звязда», 27 мая 2017 г.