/ / Общественно-политические
29.05.2017

Што патрэбна, каб стаць сурагатнай маці ў Беларусі – прававыя і арганізацыйныя асновы

Мы з мужам вельмі хочам дзіця, аднак я ніяк не магу зацяжарыць. Мая сяброўка выхоўвае дачку адна. Муж ніяк матэрыяльна ёй не дапамагае, а на ўтрыманне дзіцяці вельмі патрэбныя грошы. Сяброўка гатовая вынасіць і нарадзіць нам малое. Скажыце, ці можа яна стаць сурагатнай маці? Святлана, г. Мазыр.

Кацярына Рынейская

На пытанне адказвае Кацярына РЫНЕЙСКАЯ, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення норматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

– Перш за ўсё адзначу, што паслугай сурагатнай маці можа скарыстацца толькі жанчына, для якой выношванне і нараджэнне дзіцяці па медыцынскіх паказчыках фізіялагічна немагчыма або звязана з рызыкай для яе жыцця ці (або) жыцця немаўляці. А патэнцыйная сурагатная маці павінна адпавядаць шэрагу крытэрыяў, якія дазволяць ёй нарадзіць дзіця для іншай пары.

Прававыя і арганізацыйныя асновы прымянення сурагатнага мацярынства вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь ад 7 студзеня 2012 г. «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях» (далей – Закон).

Згодна з названым законам, сурагатнай маці можа быць жанчына ад 20 да 35 гадоў, якая знаходзіцца ў шлюбе, мае дзіця і не валодае медыцынскімі супрацьпаказаннямі да сурагатнага мацярынства і на момант заключэння дагавора на сурагатнае мацярынства:

– не прызнавалася судом недзеяздольнай або абмежавана дзеяздольнай;

– не пазбаўлялася судом бацькоўскіх правоў і не абмяжоўвалася ў іх;

– не адхілялася ад абавязкаў апекуна, папячыцеля за неналежнае выкананне ўскладзеных на яе абавязкаў;

– не з'яўляецца былым усынавіцелем (удачарыцелем), калі ўсынаўленне (удачарэнне) адменена судом па яе віне;

– не асуджвалася за здзяйсненне цяжкага, асабліва цяжкага злачынства супраць чалавека;

– не падазраецца і не абвінавачваецца па крымінальнай справе.

Сурагатнае мацярынства прымяняецца на падставе дагавора сурагатнага мацярынства (далей – Дагавор), істотныя ўмовы якога акрэслены ў артыкуле 21 Закона.

Дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і патрабуе натарыяльнага засведчання. Асобы, якія знаходзяцца ў шлюбе, заключаюць Дагавор з пісьмовай згоды сваіх сужэнцаў.

Пацыенты, у дачыненні да якіх мяркуецца прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, павінны прайсці медыцынскі агляд. Гэта патрабаванне пастанаўлення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2012 г. № 54 «Аб некаторых пытаннях прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій». Гэты ж дакумент зацвярджае пералік медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў да сурагатнага мацярынства.

Медыцынскія агляды пацыентаў праводзяць арганізацыі аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу. Па выніках праведзенага абследавання ўрач-тэрапеўт выносіць пацыентцы адно з наступных заключэнняў:

– прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і выношванне цяжарнасці не супрацьпаказана;

– прымяненне дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій і выношванне цяжарнасці супрацьпаказана.

Па інфармацыі «Звязда», 28 мая 2017 г.
(фота - «Звязда»)