/ / Общественно-политические и в области права
29.05.2017

Што трэба ведаць паляўнічым на казулю – расказваюць спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

У краіне распачаўся адзін з самых цікавых для паляўнічых сезонаў здабычы – на казулю. А ўсё таму, што жаданым трафеем з'яўляюцца рогі гэтай жывёлы. Па якіх крытэрыях ацэньваць іх? Увогуле, калі маладняк казулі пераходзіць ва ўзроставую групу «дарослыя»? Ці заўсёды проста самому паляўнічаму вызначыць трафейныя або селекцыйныя якасці жывёлы? Сёння на гэтыя пытанні даюць адказы спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Косуля

Паляванне на казулю: што трэба ведаць

З 15 мая ў Беларусі адкрылася паляванне на дарослых самцоў казулі, а таксама селекцыйных жывёл любога полу і ўзросту. Паляваць можна з засады і з падыходу на працягу сутак. Дазволена выкарыстоўваць наразную (з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў), гладкаствольную (з выкарыстаннем патронаў з куляй або карцеччу) і кідальную (лукі і арбалеты) паляўнічую зброю.

Як правіла, пытанне аднясення жывёл да дарослай узроставай групы ў паляўнічых у дадзеным сезоне не выклікае цяжкасцяў, паколькі відавочныя марфалагічныя асаблівасці (памер цела, наяўнасць рагоў і да т. п.) істотна адрозніваюць дарослага самца казулі ад сяголеткаў. Датай пераходу капытных паляўнічых жывёл з узроставай групы «маладняк» ва ўзроставаю групу «дарослыя» варта лічыць дату пачатку новага біялагічнага года – 1 красавіка. Звяртаем асаблівую ўвагу, што ў адпаведнасці з Крытэрыямі аднясення паляўнічых жывёл да трафейных і (або) селекцыйных (зацверджанымі пастановай Мінлясгаса ад 20.09.2010 № 21), трафейнымі жывёламі варта лічыць дарослых самцоў казулі, якія маюць рогі тыповай формы даўжэйшыя за вушы з трыма атожылкамі на кожным розе, незалежна ад наяўнасці ў іх селекцыйных прыкмет.

Да селекцыйных жывёл, якія падлягаюць селекцыйнаму адстрэлу, адносяцца:

– паляўнічыя жывёлы любога полу і ўзросту, якія маюць відавочна выражаныя парушэнні апорна-рухальнага апарату з прычыны атрыманых траўмаў, калецтваў (жывёла кульгае, цягне канечнасці, у яе парушаная каардынацыя рухаў);

– паляўнічыя жывёлы з відавочнымі прыкметамі захворвання і (або) знясілення (для жывёлы характэрная марудлівасць руху, пасіўнасць, кашаль, абвісанне заду, згорбленасць);

– паляўнічыя жывёлы з прыкметамі відавочна запозненай лінькі (з наяўнасцю зімовага воласу на баках і крупах у ліпені або з наяўнасцю гадовага воласу на баках і бруху ў снежні);

– паляўнічыя жывёлы са стратай зроку на адзін або абодва вокі;

– сяголеткі, якія знаходзяцца ў сезон палявання ў паляўнічых угоддзях без маці.

Таксама да селекцыйных жывёл варта адносіць:

– дарослых самцоў (старэйшых за два гады) з рагамі, якія маюць адзін або абодва завостраныя ствалы без атожылкаў;

– самцоў з рагамі карацейшымі за даўжыню вушэй;

– самцоў з рагамі нетыповай (анамальнай) для гэтага віду ці выродлівай формай.

Ва ўсіх пералічаных выпадках атожылкамі лічацца вырасты, уключаючы верхні канец рога, даўжынёй два сантыметры і больш.

У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 282 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, незаконнае адабранне (здабыча) казулі караецца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў – усё з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Акрамя таго, асоба, якая здзейсніла гэтае злачынства, абавязана пакрыць нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду ў памеры 120 базавых велічынь (2760 рублёў) за кожную незаконна адабраную асобіну.

Форма рагоў – як адбіткі пальцаў у чалавека

Адкрыццё палявання з сярэдзіны мая абумоўлена асаблівасцямі біялогіі казулі, гон у якіх у асноўным праходзіць у ліпені-жніўні. Рогі казулі з'яўляюцца жаданым трафеем для многіх, у тым ліку замежнікаў, якія наведваюць Беларусь у рамках паляўнічых тураў.

У дарослых самцоў казулі фарміраванне рагоў пачынаецца з канца лістапада, і да пачатку мая яны ўжо цалкам сфарміраваны і ачышчаныя ад скуры. Працэс ачысткі доўжыцца каля тыдня. Рэшткі, якія застаюцца пры гэтым на галінах дрэў і хмызняку, ахвотна ядуць самі самцы. Форма рагоў казулі індывідуальная і амаль не змяняецца ў сталым узросце, за выключэннем выпадкаў іх фізічнага пашкоджання ў перыяд росту, знясілення або хваробы жывёлы. У такіх самцоў рогі звычайна несіметрычныя, на іх могуць быць нарасты, скрыўленні або іншыя анамаліі.

Як правіла, у дарослых самцоў казулі рогі маюць тры атожылкі. Іх колер вар'іруецца ад светла-шэрага да цёмна-карычневага і амаль чорнага. Асабліва цэняцца сіметрычныя цёмныя, амаль чорныя рогі з магутнымі разеткамі і так званай жамчужнасцю (наяўнасцю бугаркоў).

Крытэрыі, па якіх жывёлу адносяць да трафейнай і (або) селекцыйнай, вызначаны пастановай Мінлясгаса № 21 ад 20.09.2010 года. Такім чынам, да трафейных самцоў казулі адносяцца дарослыя жывёлы, якія маюць рогі тыповай формы даўжэйшыя за вушы, з трыма атожылкамі на кожным розе. Тэхнічныя патрабаванні да ацэнкі паляўнічых трафеяў вызначаны кодэксам устаноўленай практыкі ТКП 267-2014 (02080) «Правілы вымярэння і ацэнкі паляўнічых трафеяў».

Сяргей РАСОЛЬКА, «Звязда», 29 мая 2017 г.