/ / Общественно-политические
24.05.2017

Грамадскае абмеркаванне пакета прававых актаў па стымуляванні дзелавой актыўнасці скончана. Ці стане менш патрабаванняў да бізнесу?

У красавіку Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў грамадскае абмеркаванне пакета прававых актаў па стымуляванні дзелавой актыўнасці і выключэнні залішніх патрабаванняў да бізнесу. Месяц грамадзяне і прадпрымальнікі ўносілі свае прапановы наконт таго, якім яны бачаць заканадаўства ў гэтай сферы. Грамадскае абмеркаванне скончана. Цяпер пакет дакументаў дапрацоўваецца рабочай групай і ў найбліжэйшы час будзе накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта.

Старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр КАЛІНІН падкрэслівае, што гэты пакет дакументаў з'яўляецца лагічным працягам Дырэктывы №4, якая, як стратэгічны дакумент, вызначыла развіццё малога і сярэдняга бізнесу ў нашай краіне. «Гістарычная мэта – давесці долю малога і сярэдняга бізнесу і долю дзяржаўнага бізнесу да суадносін 50 на 50, каб стварыць устойлівую шматукладную эканоміку. Пакет дакументаў, які цяпер абмяркоўваецца, адпавядае знешнім выклікам, якія ўзніклі ў апошні час. На жаль, крызісныя з'явы вакол нашай краіны вядуць да таго, што ў нас затармазіліся тэмпы развіцця малога бізнесу, нават у мінулым годзе крыху ўпала занятасць у адпаведным сектары. Таму прыняцце гэтага дакумента будзе стымуляваць рост заработнай платы ў прыватных структурах і стварэнне новых працоўных месцаў».

У грамадскія прыёмныя «Белай Русі» паступіла, напрыклад, больш за 40 зваротаў па азначанай тэме. Намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Сяргей ПІГАРАЎ праінфармаваў, што бізнес-супольнасць, як правіла, прапаноўвала знізіць падатковую нагрузку, стаўкі па крэдытах, памеры штрафаў і колькасць праверак. «Радавых жа грамадзян турбуе, як лібералізацыя адаб'ецца на іх непасрэдным дабрабыце. Нават у цяперашніх умовах жорсткага рэгулявання бізнесу мы сутыкаемся з грубымі парушэннямі нормаў працоўнага заканадаўства пры прыёме на працу і звальненні з боку прадпрымальнікаў. Не ўсім грамадзянам зразумелыя падыходы да цэнаўтварэння. Да гэтага часу мае месца выплата заработнай платы ў канвертах. І калі на момант яе атрымання работніка ўсё задавальняе, то на момант выхаду на пенсію і вылічэння памераў гэтай пенсіі ўзнікаюць пытанні. Калі мы будзем разглядаць толькі апошні факт, то ён ужо ў недалёкай будучыні можа стаць прычынай сур'ёзных сацыяльных хваляванняў».

Вельмі важна фарміраваць пазітыўны вобраз прадпрымальніка. Зараз, як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў ШЧЭПАЎ, узровень ведаў у фінансавай і юрыдычнай сферах і гатоўнасць моладзі займацца прадпрымальніцтвам вельмі нізкія. Павышаць іх можна праз дадатковыя курсы ў раёнах ці спецыяльныя дысцыпліны ў навучальных установах.

Камісія па эканамічнай палітыцы ўдзельнічае ў падрыхтоўцы пакета законапраектаў. «Найважнейшы дакумент у пакеце, – на думку Уладзіслава Шчэпава, – Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, які непасрэдна разглядаецца дэпутатамі і будзе дапрацоўвацца і прымацца. Цяпер у Палаце прадстаўнікоў таксама знаходзяцца заканадаўчыя акты, якія датычацца Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, Крымінальнага кодэкса, у якіх канкрэтна разглядаюцца нормы па дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў і складаў злачынстваў».

– У нас ідзе цяпер рэструктурызацыя эканомікі, – кажа намеснік старшыні Савета па развіцці Сяргей НАВІЦКІ. – І гэты працэс так ці інакш будзе звязаны з акцыянаваннем прадпрыемстваў. Можа быць, некаторыя прадпрыемствы, якія не змогуць выжываць, прыйдзецца закрываць, нейкая колькасць людзей могуць апынуцца незапатрабаванымі. Гэты дакумент накіраваны на тое, каб людзі, якія, магчыма, страцяць па розных прычынах працу, маглі знайсці сябе як прадпрымальнікі або заснавальнікі ўласнага бізнесу.

Надзея АНІСОВІЧ, «Звязда», 24 мая 2017 г.