/ / Общественно-политические и в области права
22.05.2017

Даўгі лепш вяртаць своечасова: паўнамоцтвы судовых выканаўцаў і спагнаннікаў павялічыліся

Нявыдача крэдытаў, адключэнне сотавай сувязі і тэлебачання, часовае абмежаванне выезду за мяжу, арышт маёмасці і іншыя меры ўздзеяння на даўжнікоў, якія ўхіляюцца ад выплаты запазычанасцяў, будуць выконвацца яшчэ больш пільна. У сілу ўступіў Закон «Аб прымусовым выкананні», прыняты яшчэ летась. А 13 мая запрацаваў Закон «Аб судовых выканаўцах». Ён пашырыў магчымасці і правы гэтых службовых асоб і павысіў іх статус, а таксама ўзмацніў ролю патрабавальнікаў доўгу.

У прыватнасці судовыя выканаўцы змогуць уносіць рашэнні аб прыводзе даўжнікоў і абвяшчэнні іх у вышук, што раней рабілася толькі па рашэнні суда. У кампетэнцыю выканаўцаў трапіла і права замены боку выканаўчай вытворчасці. Затрымаць аўтамабіль даўжніка і адбуксіраваць яго на штраф-стаянку, забраць пасведчанне кіроўцы, дакументы на паляванне ці ваджэнне маламерных суднаў – таксама ў кампетэнцыі выканаўцаў. Сустракаюцца сярод неплацельшчыкаў і такія асобы, што жывуць у шыкоўных палацах, якія ім на паперы не належаць.

Патрабавальнік у сваю чаргу цяпер можа самастойна вырашаць, прад'яўляць выканаўчы дакумент для прымусовага выканання ці даўжнік верне патрабуемае добраахвотна. Ён таксама можа сам накіраваць выканаўчыя дакументы на вядомае месца працы даўжніка, з заробку якога на карысць патрабавальніка будуць утрымлівацца грошы. Разам з тым, расходы па выкананні цяпер могуць легчы на плечы спагнанніка.

Прагрэсіўныя нормы законаў зробяць працэс выканання судовых рашэнняў больш эфектыўным і эканамічным. Гэтыя дакументы павінны ўніфікаваць падыходы прымусовага выканання па катэгорыях спагнання даўгоў з юрыдычных асоб і грамадзян. Разрозненыя па Грамадзянскім і Гаспадарчым кодэксах нормы, якія рэгулявалі работу судовых выканаўцаў, цяпер упарадкаваны, зазначыў Міністр юстыцыі Беларусі Алег СЛІЖЭЎСКІ.

– Само па сабе судовае рашэнне, якое абавязвае даўжніка вярнуць грошы, яшчэ не гарантуе, што правы патрабавальніка будуць абаронены. Таму судовыя выканаўцы і працуюць, каб законнымі метадамі прымусіць даўжніка выканаць свой абавязак па вяртанні доўгу. І з прымяненнем сучасных інфармацыйных тэхналогій нашы судовыя выканаўцы робяць жыццё грамадзян-патрабавальнікаў больш абароненым, – заўважыў ён.

На сайце Міністэрства юстыцыі створаны рэестр даўжнікоў, дзе можна ўвесці УНП юрыдычнай асобы ці асабісты нумар фізічнай асобы, каб даведацца, ці ёсць у яго запазычанасці. Актыўна развіваецца праграма «АІС ПВ» – аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма прымусовага выканання. Пасля канчатковай мадэрнізацыі можна будзе мець доступ да ўсёй базы выканаўчых дакументаў, а таксама ў рэжыме анлайн ствараць асабісты кабінет боку выканаўчай вытворчасці.

– Патрабавальнік зможа праз асабісты кабінет бачыць усе дзеянні, якія ажыццяўляюцца па яго выканаўчым дакуменце, – растлумачыў Алег Сліжэўскі. – І без накіравання запытаў і наведвання судовага выканаўцы з любой мабільнай прылады адсочваць усе яго дзеянні.

Выканаўчыя рашэнні прымаюцца па самых розных даўгах: адміністрацыйных штрафах, спагнаннях па крымінальных справах, аліментах, запазычанасцях грамадзян перад жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Не выключаюць у Мінюсце і магчымасці карыстацца працэдурай медыяцыі ў сферы выканаўчай вытворчасці, аднак гэтае пытанне толькі пачынаюць абмяркоўваць.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 20 мая 2017 г.

 

Теги: суд, закон