/ / Общественно-политические и в области права
17.05.2017

Беларускія парламентарыі абмеркавалі законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі»

«Самы складаны закон», – так выказваюцца пра законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі» некаторыя дэпутаты. Гэты дакумент не ўдаецца прыняць ужо шмат гадоў з-за няўзгодненасці паміж дэпутатамі, якія курыруюць дакумент, і грамадскасцю, якую многія палажэнні не задавальняюць. Парламентарыі імкнуцца азнаёміцца з рознымі пунктамі гледжання на праблему, таму чарговае выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве, якая працуе над законапраектам, адбылося на базе дзяржаўнага прадпрыемства «Фаўна горада» ў Мінску.

Незвычайныя пастаяльцы

– Мы пачалі працаваць з ліпеня мінулага года, – расказвае дырэктар арганізацыі Тамара ЦАРЫКОЎСКАЯ. – І на сённяшні дзень мы – першая дзяржаўная гасцініца для жывёл. Нават у Расіі такіх няма.

Гасцініца можа прыняць 72 «пастаяльцы». Жывёліну можна пакінуць не толькі на суткі і больш, але і на пэўны дзённы час – дырэктар называе такую паслугу «дзіцячы сад».

Нягледзячы на тое, што прадпрыемства зарабляе грошы менавіта часовым утрыманнем жывёл, Тамара Уладзіміраўна настойвае на тым, што надоўга пакідаць свайго гадаванца непажадана. «Калі сабака сумуе і скуголіць, то ў яго могуць развіцца адмоўныя якасці», – тлумачыць дырэктар. Дарэчы, пакуль найбольш частыя госці «Фаўны» – кошкі і сабакі, а нядаўна ў гасцініцу ўпершыню прыехаў тхор.

– Ва ўсіх жывёл, якія трапляюць да нас, ёсць пашпарт. Калі пры паступленні ён адсутнічае, то мы заводзім яго на месцы. І я выключна станоўча стаўлюся да чыпавання, – падкрэслівае Тамара Царыкоўская. – Наогул, лічу, што сёння ўлік жывёл – гэта самае правальнае пытанне.

Чаго чакаць?

Законапраект «Аб абыходжанні з жывёламі» спрабуюць прыняць ужо больш за 15 гадоў, аднак пакуль далей абмеркавання справа не прасунулася.

На думку абаронцаў жывёл і грамадскасці, дакумент практычна не датычыцца безпрытульных жывёл, а таксама значна абмяжоўвае дзеянні валанцёраў. Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля ГУЙВІК лічыць, што няспынныя спрэчкі шкодзяць усім:

– Абаронцы жывёл не разумеюць, што пакуль у нашай прававой дзяржаве не будзе нормы ў выглядзе пэўнага нарматыўна-прававога акта, мы не ссунемся з месца. Хай дакумент з'явіцца ў тым выглядзе, які ёсць цяпер, таму што яго неабходна апрабаваць на практыцы. І калі ў ім будуць пэўныя прабелы, то мы дапрацуем яго.

Па словах дэпутата, гэты законапраект з'яўляецца самым складаным у яе практыцы.

– Не магу зразумець абаронцаў жывёл – яны хочуць, каб мы раўняліся на Еўропу, але ў нас няма такіх казачных грошай.

Што датычыцца канкрэтных палажэнняў законапраекта, то дэпутаты падтрымліваюць чыпаванне толькі самых небяспечных парод, тады як абаронцы жывёл настойваюць на ўсеагульнай працэдуры для ўсіх жывёл. «Пакуль не плануецца чыпаванне ўсіх жывёл, мы павінны апрабаваць гэтую норму на сабаках пэўных парод», – лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Юрый ДАРАГАКУПЕЦ. Парламентарый падкрэслівае: у рэальнай эканамічнай сітуацыі трэба цвяроза ацэньваць свае магчымасці.

Акрамя таго, паводле новага закона, уладальнікам нельга будзе трымаць у кватэры больш чым дзве жывёлы, калі гаворка ідзе пра сабак і катоў. «Гэта самая прымальная колькасць», – кажа Наталля Гуйвік.

Знайсці кансэнсус

Прытулкі для кінутых чатырохногіх – гэта яшчэ адно няпростае пытанне ў рамках законапраекта. Абаронцы жывёл настойваюць на стварэнні большай колькасці прытулкаў, тады як парламентарыі звяртаюць увагу на тое, што ў заходніх краінах яны прыватныя. Нялёгка растлумачыць людзям, чаму на бюджэтныя грошы пабудавалі прытулак для жывёл, а не новы дзіцячы сад.

Па словах Наталлі Гуйвік, для бяздомных жывёл, якія трапляюць у прытулак, будзе прадугледжана стэрылізацыя. Гэта таксама выклікае пытанні ў апанентаў.

Словам, пакуль застаецца шмат няўзгодненых момантаў, аднак у сумеснай рабоце дэпутаты, абаронцы жывёл і грамадскасць шукаюць кансэнсус. Праект закона «Аб абыходжанні з жывёламі» плануецца прыняць у першым чытанні ўжо падчас вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, «Звязда», 17 мая 2017 г.