/ / Общественно-политические и в области права
15.05.2017

Патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства нагадваюць спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Зімовы час скончыўся. Вясна – падстава для новых магчымасцяў і радасцяў у аматараў актыўнага адпачынку. Але свежае паветра, сонейка і квецень прыроды не павінны расслабляць паляўнічых і рыбаловаў у плане выканання патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства. Пра гэта сёння ў нашай рубрыцы чарговы раз нагадваюць спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, звяртаючы ўвагу аматараў актыўнага адпачынку на самыя актуальныя пытанні сезона.

Паляванне

Што такое паляўнічая схованка?

З другой суботы сакавіка ў Беларусі адкрыты веснавы сезон палявання на гусей і качароў качак. У спісе дазволеных да здабычы птушак – гусь белалобая, гуменнік шэры, казарка канадская, а таксама самцы (качары) крыжанкі, чэрнеці чырвонагаловай і чубатай, чырка-траскунка і чырка-свістунка. Паляваць на іх можна з засады і толькі са схованкі. А з першай суботы красавіка здабываць можна і самцоў слонкі – зброевым спосабам з засады (на цязе).

Для здабычы гэтых птушак дазволена выкарыстоўваць гладкаствольную паляўнічую зброю, зараджаную выключна шротавымі патронамі, для вышуку і падачы здабытай дзічыны – пэўныя пароды паляўнічых сабак.

Асноўныя асаблівасці палявання выкладзены ў дадатку 2 да Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. І ўсё ж у Дзяржінспекцыю даволі часта звяртаюцца паляўнічыя з просьбай растлумачыць асобныя пытанні. Што можна лічыць схованкай і як яна павінна быць абсталявана, ці можна дабіраць падранкаў па-за схованкай, у якіх выпадках паляўнічым дазволена карыстацца маламернымі судамі – бо ў перыяд нераставай забароны перамяшчэнне на іх у рыбалоўных угоддзях, дзе часцяком праводзяцца паляванні, забаронена. Цікавяць паляўнічых асаблівасці выкарыстання падсадных жывёл, чучал, профіляў і вабікаў, а таксама паляўнічых сабак.

Усе гэтыя нюансы растлумачаны ў сумесным лісце Мінлясгаса (ад 14.07.2016 года №08-22/3075) і Дзяржаўнай інспекцыі (ад 18.07.2016 года №03-02-09/1469). Больш падрабязна з імі можна азнаёміцца на сайтах названых афіцыйных структур.

Спецыфіка веснавой здабычы

Спецыялісты Дзяржінспекцыі нагадваюць, што агульная працягласць веснавога сезона палявання на гусей і качароў качак не можа перавышаць чатырох тыдняў (28 каляндарных дзён) запар у прадугледжаным Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання дыяпазоне (у 2017 годзе – з 11 сакавіка па 14 мая). Канкрэтныя тэрміны ўстанаўліваюцца рашэннямі карыстальнікаў паляўнічых угоддзяў.

Падзел веснавога сезона палявання на некалькі перыядаў не прадугледжаны Правіламі і не дапускаецца. 28 каляндарных дзён з'яўляюцца максімальным перыядам часу (тэрмінам палявання), на працягу якога можа праводзіцца веснавое паляванне на гусей і качароў качак.

З улікам патрабаванняў пункта 116 Правілаў, веснавое паляванне на гусей і качароў качак, у межах устаноўленых карыстальнікам паляўнічых угоддзяў канкрэтных тэрмінаў веснавога сезона палявання на названых жывёл, дазваляецца ў суботу, нядзелю, у дзяржаўныя святы, святочныя дні, аб'яўленыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь непрацоўнымі, і ў асобныя працоўныя дні ў выпадку іх пераносу Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь на выхадныя дні. Карыстальнікі паляўнічых угоддзяў маюць права ўстанаўліваць дадатковыя два дні на тыдзень, дазволеныя для правядзення названага вышэй палявання. Аб устанаўленні такіх дадатковых дзён палявання карыстальнікі паляўнічых угоддзяў абавязаны праінфармаваць адпаведныя падраздзяленні органаў паляўнічага кантролю, на тэрыторыі адказнасці якіх знаходзяцца паляўнічыя ўгоддзі, не пазней чым за пяць дзён да пачатку сезона палявання.

Пры правядзенні паляўнічых тураў, у тым ліку з удзелам замежных грамадзян, паляванне ў межах устаноўленых карыстальнікам паляўнічых угоддзяў канкрэтных тэрмінаў веснавога сезону палявання на гусей і качароў качак дазваляецца ў дні тыдня ў адпаведнасці з дагаворамі аказання турыстычных паслуг на правядзенне паляўнічых тураў.

Дадаткамі 1, 2 да Правілаў прадугледжаны пералікі паляўнічых жывёл, а таксама дазволеных тэрмінаў, спосабаў і прылад палявання на асобныя віды названых жывёл, у тым ліку ў веснавым сезоне палявання.

Дзяржінспекцыя звяртае асаблівую ўвагу паляўнічых, што ў працэсе палявання дапускаецца здабыча толькі паляўнічай жывёлы, у тым ліку птушак, названых у паляўнічай пуцёўцы. Пры любым законным знаходжанні ў паляўнічых угоддзях у мэтах палявання паляўнічым дазваляецца таксама здабыча ваўка, лісіцы, янотападобнага сабакі, вароны шэрай, сарокі, адстрэл бадзяжных катоў і беспародных сабак з выкарыстаннем спосабаў і прылад палявання, дазволеных для палявання на паляўнічых жывёл, указаных у паляўнічай пуцёўцы.

Нават ненаўмысная здабыча ў працэсе палявання дзікай жывёлы, не аднесенай да паляўнічай, або паляўнічай жывёлы, не ўказанай у паляўнічай пуцёўцы, з'яўляецца незаконнай.

Падводнікі: як у нас і за мяжой

У многіх краінах Еўропы падводнае паляванне пад забаронай. Так, у Германіі за занятак падводным паляваннем можна атрымаць да 10 гадоў турмы, цалкам адсутнічае ён у Швецыі, Аўстрыі, Нідэрландах, Бельгіі, Чэхіі і шэрагу іншых краін.

У Літве з трох тысяч вадаёмаў падводнае паляванне дазволена толькі на сямі на падставе білета рыбалова. У Эстоніі здабываць рыбу такім спосабам можна ўсяго на двух азёрах – Курэмаа і Саад'ярв – і таксама на падставе рыбалоўнай карты. У Латвіі падводнае паляванне дазволена толькі ў вадаёмах, пералік якіх зацвярджаецца Міністэрствам земляробства, у ім – каля 30 рыбалоўных угоддзяў.

Да 2006 года ў Беларусі таксама штогод зацвярджаўся пералік водных аб'ектаў, дзе можна было ажыццяўляць падводнае паляванне. Ён уключаў 34 водныя аб'екты па ўсёй краіне (у тым ліку 16 участкаў рэк): у Брэсцкай вобласці – 7, у Віцебская вобласці – 11, у Гомельскай – 5, Гродзенскай – 6, Магілёўскай – 5. У Мінскай вобласці падводнае паляванне не дазвалялася ні на адным вадаёме і вадацёку. З пералікамі вадаёмаў, на якіх раней дазвалялася падводнае паляванне ў адпаведнасці з пастановамі Мінпрыроды, пры жаданні можна азнаёміцца ў сістэме пошуку прававой інфармацыі «КансультантПлюс».

З пачатку 2006-га і да сярэдзіны 2014 года падводнае паляванне ў краіне стала арганізоўвацца па рашэннях мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Спіс рыбалоўных угоддзяў, дзе можна было займацца падводным паляваннем, значна расшырыўся ў параўнанні з пералікам, які існаваў да гэтага. У той жа час колькасць такіх вадаёмаў і вадацёкаў (на якіх дазвалялася падводнае паляванне) была ў разы меншая за колькасць водных аб'ектаў, на якіх у цяперашні час у фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў дазваляецца аматарскае рыбалоўства спосабам падводнага палявання (з улікам патрабаванняў пастановы Мінсельгасхарча ад 19.05.2014 года №22 у рэдакцыі 29.03.2016 года №14).

Сяргей РАСОЛЬКА, «Звязда», 13 мая 2017 г.