/ / Общественно-политические и в области права
12.05.2017

Абавязковае накіраванне на медыяцыю пры разглядзе шлюбна-сямейных праблем плануецца ўвесці ў Беларусі

Не панацэя, а альтэрнатыўная дапамога ў вырашэнні працоўных, сямейных і крымінальных канфліктаў.

Шлюбна-сямейныя праблемы

Абавязковае накіраванне на медыяцыю (пазасудовае пагадненне бакоў) пры разглядзе шлюбна-сямейных праблем неабходна ўвесці ў адпаведны беларускі закон. Пры абмеркаванні праекта па ўдасканаленні закона медыятары прапаноўвалі ўжываць гэтую альтэрнатыву пры разглядзе спрэчак па аліментах, дзецях, маёмасці і іншых пытанняў. Разам з тым яны перасцерагаюць не насаджаць медыяцыю ў грамадстве загадным шляхам – менавіта з прычыны карыснасці гэтай працэдуры.

Усёпранікальная з'ява

З дапамогай медыяцыі можна разабрацца і дамовіцца па розных пытаннях: працоўных, канфесіянальных, палітычных і іншых, сцвярджаюць спецыялісты. Пры гэтым пазасудовае пагадненне нельга лічыць панацэяй, бо ў некаторых выпадках кіравацца яго прынцыпамі немагчыма, напрыклад пры разглядзе сітуацыі, дзе ў сям'і існуе гвалт. А для найлепшага вырашэння сямейных канфліктаў неабходна наладжваць партнёрскія адносіны паміж медыятарамі, школай, сацыяльнымі работнікамі, натарыятамі і іншымі службамі, якія ўспрымалі б гэта як дапамогу ў сваёй рабоце.

У Партугаліі, напрыклад, многія канфлікты па хатнім гвалце вырашаюцца шляхам крымінальнай медыяцыі. Пра магчымасць карыстацца ёю і ў Беларусі казалі эксперты:

– Медыяцыя – гэта будучыня. Навакольны свет жорсткі, злачынствы здараюцца, аднак не ўсе асуджаныя такія ўжо нягоднікі і павінны сядзець за кратамі. Некаторыя маглі б працягваць прыносіць карысць грамадству і выхоўваць сваіх дзяцей, калі б да іх прымянілі працэдуры пакрыцця шкоды, прымірэння і іншыя. Думаю, мы стаім ля вытокаў развіцця гэтага руху ў Беларусі, – выказалася Вікторыя СЯРГЕЕВА, рэгіянальны дырэктар Офіса Penal Reform Іnternatіonal (Міжнароднай турэмнай рэформы) па Расіі, Украіне і Беларусі.

Спрэчкі ў іншых сферах таксама вырашальныя праз медыяцыю, упэўнены спецыялісты:

– Медыяцыя – усёпранікальная з'ява, і наша дзяржава і грамадскасць могуць карыстацца гэтай альтэрнатывай на карысць усіх. Мы заахвочвалі дэпутатаў вучыцца на медыятараў, каб яны пранікнуліся тым, як працуе гэты механізм, і сталі яго рэалізатарамі, – расказаў Віктар КАМЯНКОЎ, дырэктар вучэбна-практычнай установы (далей – ВПУ) «Цэнтр «Медыяцыя і права». – Ва ўмовах аптымізацыі дзяржапарату частку функцый па вырашэнні праблем можна перадаць медыятарам, якія па-іншаму, з новым поглядам падыдуць да разгляду канфліктаў. Працоўныя адносіны, напрыклад, абавязкова трэба разглядаць праз медыяцыю. Можна ўключаць у яе і банкруцтва, і палітычныя, і канфесійныя пытанні.

Сям'я заўжды ў крызісе?

Сям'я – самы медыяцыйны асяродак, дзе дамаўляцца прыходзіцца пастаянна. Сямейная медыяцыя развіваецца ў Беларусі са снежня 2014 года, як толькі пачалося першае навучанне медыятараў.

– З першага ж дня мы развіваем адразу два кірункі: дадатковае навучанне медыятараў рабоце з сям'ёй і будаванне іх адносін з іншымі спецыялістамі: тэрапеўтамі, адвакатамі, натарыяльнымі канторамі, каб аказваць сужэнцам максімальна поўную паслугу, – расказаў Андрэй ЗДРОК, кіраўнік праекта «Сямейная медыяцыя» ВПУ «Цэнтр «Медыяцыя і права». – Усё больш людзей ведаюць, што такое медыяцыя, аднак часта яны не вераць, што менавіта іх праблему можна вырашыць з яе дапамогай. Неабходна выкарыстоўваць нейкія новыя інструменты, каб пераканаць грамадзян, што медыяцыя здольная прынесці вынік. Дзеля гэтага, напрыклад, можна рабіць першую сесію (сустрэчу) з медыятарам бясплатнай.

Да ўзнікнення разнастайных канфліктаў паміж людзьмі прыводзіць адсутнасць культуры дыялогу паміж імі, што робіць немагчымым паразуменне.

– Медыяцыя прывучае людзей, што ўступаць у дыялог можна па розных праблемах, у тым ліку і па сямейных. І тут важна, каб людзі выслухалі адно аднаго, высветлілі, што ім перашкаджае, і да нечага дамовіліся, – упэўнены Рустэм МАКСУДАЎ, прэзідэнт Цэнтра «Судова-правая рэформа» (Расія). – Сямейная медыяцыя вельмі важная, бо сёння гэта канфлікт адной сям'і, а заўтра ён звязаны з праблемай наркаманіі і правапарушэннямі. Калі не слухаць дзяцей, адбываецца працэс выкідвання іх з сям'і. А ў многіх выпадках гэтага можна пазбегнуць, калі б існаваў дыялог бацькоў і дзіцяці. Школа – таксама рэсурс медыяцыі пры наладжванні зносін паміж настаўнікамі, бацькамі, вучнямі.

Экамедыяцыя – найлепшы варыянт пры разглядзе сямейных пытанняў, і яе можна пакласці ў аснову нацыянальнай мадэлі развіцця медыяцыі, лічыць Аксана ЗДРОК, трэнер ВПУ «Цэнтр «Медыяцыя і права»:

– Спецыфіка экамедыяцыі ў тым, што мы выпрацоўваем пагадненне з улікам патрэбаў не толькі канфліктуючых бакоў (як правіла, бацькоў), а і ўсіх членаў сям'і. Такім чынам медыяцыя вядзецца не з двума людзьмі, а з цэлай сямейнай сістэмай. Сям'я – тое, што пастаянна развіваецца, і яна заўжды перажывае крызісы. Першы год пасля шлюбу, калі людзі прыціраюцца адно да аднаго, пасля нараджэння дзіцяці, якое перацягвае на сябе ўвагу, падлеткавы ўзрост малых і іншыя перыяды.

Добраахвотная абавязковасць

Добраахвотная медыяцыя па сямейных пытаннях павінна быць абавязковай, упэўнены медыятары. Супярэчлівасць такой пастаноўкі яны тлумачаць тым, што людзі могуць выбраць медыятара самастойна, аднак ім абавязкова трэба схадзіць да яго, перш чым судзіцца. Такія сустрэчы зарыентуюць канфліктуючых, чаго ім чакаць у судзе і як паводзіць сябе далей адно з адным і са сваімі дзецьмі.

– У адрозненне ад астатніх сродкаў урэгулявання канфліктаў медыяцыя скіравана на будучае і захоўванне нармальных адносін, якія складуцца пасля разводу. І гэта першасная задача, а не захаванне сям'і, – адзначыў Іван ХУРС, дырэктар Гродзенскага філіяла ВПУ «Цэнтр «Медыяцыя і права». – Часцей за ўсё мне кажуць, што пасля разводу муж і жонка больш ніколі не пабачацца. Тады я тлумачу, што ім усё роўна прыйдзецца мець стасункі ў будучым і дамаўляцца. Думаць пра агульных дзяцей, іх адукацыю, пра маёмасць, якую часцей за ўсё не так проста падзяліць адразу, бо яна набытая ў крэдыт. Тры месяцы, што даюцца судом на развагі перад разглядам справы аб скасаванні шлюбу, нічога не дадуць, калі сужэнцам ніхто не дапаможа.

– Дакумент, які мы павінны прыняць, будзе працаваць перш за ўсё на карысць чалавека, – падкрэсліла Наталля ГУЙВІК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве. – Мы хочам на заканадаўчым узроўні даць бакам магчымасць абавязковай інфармацыйнай кансультацыі, каб яны даведаліся, што гэта, і атрымалі вынік. І суды не будуць прымаць іскавую заяву і не пачнуць па ёй працэс, пакуль не будзе паперы аб дасудовым звароце да медыятара: медыяцыйнага пагаднення або заключэння аб спыненні медыяцыі.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 12 мая 2017 г.