/ / Общественно-политические и в области права
12.05.2017

У Беларусі плануецца ўскладніць практычны экзамен на атрыманне вадзіцельскага пасведчання для матацыклістаў

У краіне плануецца змяніць практычны экзамен на атрыманне вадзіцельскага пасведчання для матацыклістаў – яго ўскладняць. Пра гэта ў красавіку заявіў начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк. Чаго чакаць байкерам, даведалася карэспандэнт «Р».

Колькасць зарэгістраванага мотатранспарту расце штогод. Калі летась было 413 257 адзінак мотатранспарту, то ў гэтым – 415 761. Усе яго ўладальнікі, безумоўна, здаюць экзамен на атрыманне катэгорыі «А». Вучацца, а потым нярэдка вяртаюцца да сваіх інструктараў з пытаннем: як ім правільна рухацца па гарадскіх вуліцах? Справа ў тым, што курсанты – будучыя матацыклісты не здаюць на практычным экзамене язду па горадзе. І вось менавіта на гэта і звярнулі ўвагу ва УДАІ.

Практычныя заняткі на пляцоўцы

Мяркуецца, што ў іспыт будзе ўключана экстраннае тармажэнне і экзамен у горадзе. Што пра гэта думаюць тыя, хто вучыць вадзіць матацыклы, курсанты і, канешне, байкеры з шматгадовым вопытам?

Мы знаходзімся на вуліцы Сямашкі, 15а, дзе размясціўся ДТСААФ Маскоўскага раёна. На пляцоўцы рассякаюць на матацыклах тры навучэнцы ў шлемах. Адзін з іх – 19-гадовы Максім Кухарэнка. Ён ужо мае права на кіраванне аўтамабілем і вось вырашыў навучыцца ездзіць на матацыкле:

– У мяне гэта пакуль другі занятак. Раблю асноўныя практыкаванні – «васьмёрку» і праезд па «калейнай дошцы». Як аказалася на практыцы, матацыкл і машына моцна адрозніваюцца. У машыне ты абаронены, галоўнае – сачыць за дарогай і руліць. А тут прыходзіцца задзейнічаць усё цела. Пластыка вельмі важная. Экзамен у горадзе неабходны – аўтамабілісты ж здаюць яго нездарма.

Яго інструктар – Аляксей Палевіч, за рулём байка ўжо больш за 20 гадоў. Тут кожны дзень ён вучыць не толькі асновам кіравання, але і расказвае пра свой досвед:

– Усе нашы курсанты выконваюць на здачы экзамену два асноўныя элементы – «васьмёрку» і «калейную дошку», але пры выездзе ў горад ім гэтага не хапае. Яны вяртаюцца зноў на пляцоўку і задаюць нам шмат пытанняў. Як правільна прытарможваць, куды глядзець? У горадзе яны сутыкаюцца з вялікім патокам удзельнікаў руху, і гэта не параўнаць з тым, што адбываецца на навучальнай пляцоўцы.

Практычныя заняткі на пляцоўцы

Прыходзяць сюды вучыцца людзі розных узростаў – ад юнакоў да пенсіянераў. Нядаўна вучыўся 65-гадовы байкер.

– Колькасць жадаючых навучыцца кіраваць матацыклам з кожным годам расце. Думаю, звязана гэта з даступным коштам матацыклаў. За 1,5 тысячы долараў можна купіць добры байк, – працягвае ён. – Пасля 18-гадзіннай практычнай пера¬падрыхтоўкі і гадзіны тэорыі можна атрымаць правы і ездзіць на матацыкле ў сваё задавальненне. Я цалкам згодны са зменамі, якія плануюцца ў правілах прыёму іспыту. На пляцоўках няма аўтамабілістаў і пешаходаў – значыць, няма рэальнасці.

За чатыры месяцы гэтага года па віне вадзіцеляў мотатранспарту здзейснена 23 ДТЗ – гэта мінус 34,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Але цяжар наступстваў вырас! У гэтых ДТЗ загінулі сем чалавек – гэта на 75% больш у параўнанні з мінулым годам. У чым праблема?

Ва УДАІ МУС кажуць, што, на жаль, пачасціліся выпадкі, калі матацыклісты збіваюць пешаходаў на пераходах. Чаму? Позна заўважаюць і не паспяваюць затармазіць. Гэта значыць, экзамен у горадзе і экстранае тармажэнне дакладна не будуць лішнімі іспытамі перад тым, як выпусціць байкераў на дарогі. Што думае на гэты конт знакаміты ў мотаколах Пітбуль – ён жа Дзмітрый Сцепаненка, прэзідэнт мотаклуба Racing ClanМСС?

– Зараз моташколы не вучаць тым навыкам, якія неабходныя для язды ў горадзе. Як паводзіць сябе ў гарадскім патоку? Як тармазіць? Усім гэтым элементам навучаюць вадзіцеляў аўтамабіляў на пляцоўцы і ў горадзе. Матацыклістаў такому трэба вучыць у два разы больш актыўна. Таму што любая памылка пачаткоўца на аўто – гэта максімум падрапаны бампер, а ў матацыкліста – падзенне, і не толькі зламаны матацыкл, але і косці.

Змены глабальна не вырашаць пытанне аварыйнасці, але гэта адзін з крокаў да памяншэння іх колькасці. Як мінімум, матацыклісты-пачаткоўцы будуць гатовыя да рэалій дарог. Матацыкліст павінен добра навучыцца тармазіць і здаць такі экзамен да таго, як выедзе на вуліцу. Інакш бяды не абмінуць. Калі ўладальнікі аўто і мота будуць акуратныя на дарозе, будуць ведаць усе правілы і паважаць адзін аднаго, пакінуўшы эмоцыі ў гаражы, то на дарогах будзе парадак.

Пацвярджаюць словы байкера і супрацоўнікі ДАІ Маскоўскага раёна Мінска: акалічнасці ДТЗ з матацыклістамі сведчаць пра тое, что ім часта не хапае практычных навыкаў.

Аліна Касель, «Рэспубліка», 12 мая 2017 г.
(фота – Віталь Піваварчык)