/ / Общественно-политические и в области права
29.03.2017

З чым ідуць да дэпутата? Уражаннямі ад першых месяцаў работы ў галіне заканатворчасці падзяліліся некаторыя з абраных прадстаўнікоў

Не так даўно змяніўся склад Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Дэпутаты паспелі папрацаваць у акругах, глыбей пазнаёміцца з праблемамі, што цікавяць іх выбаршчыкаў. Сваімі ўражаннямі ад першых месяцаў работы ў галіне заканатворчасці падзяліліся некаторыя з абраных прадстаўнікоў.

Валерый Курсевіч

Валерый Курсевіч, член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па мінскай Аўтазаводскай акрузе №92, сам некалі працаваў на машынабудаўнічым прадпрыемстве, так што праблемы рабочых у яго былі на слыху.

– Першыя тыдні ці не на кожнай сустрэчы людзі цікавіліся, калі іх жыллё паставяць у чаргу на рамонт, як хутка будуць выкананы работы. Прыходзілі скаргі і на недастатковасць паслуг, і на іх якасць. Мы з прадстаўнікамі раённых улад гэтыя пытанні спрабуем вырашаць: робім праверкі, стараемся, каб дом, што патрабуе рамонту, быў пастаўлены ў чаргу. У нашай акрузе ёсць жыллё 50-х гадоў пабудовы. Зразумела, умовы там не адпавядаюць сучаснаму разуменню камфорту, па тую ж ваду жыхарам даводзіцца хадзіць да калонкі ў двары. Так што неабходна было вызначыцца з памерамі аплаты некаторых камунальных паслуг, наогул удакладніць лёс жыльцоў і будынкаў.

Што датычыцца іншых пытанняў, то, мяркую, з імі сутыкнуліся многія дэпутаты незалежна ад акругі. Напрыклад, моладзь цяпер асабліва цікавіць Дэкрэт №3. На маю думку, трэба як мага паўней інфармаваць людзей па любых новых законах. Разуменне таго, што адбываецца, не дае прасторы для чутак і адразу змяншае «напал» у грамадстве. Напрыклад, пры выездзе на прадпрыемства стараюся дэтальна адказваць на пытанні рабочых, гаварыць з людзьмі, нават калі тыя прыпыняюць на вуліцы.

Людміла Макарына-Кібак

Людміла Макарына-Кібак, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па мінскай Грушаўскай акрузе №99, адзначыла, што першыя месяцы на працы аказаліся напружанымі: у гэтай частцы Маскоўскага раёна горада шмат новабудоўляў.

– Стараюся працаваць індывідуальна з кожным зваротам. Новабудоўлі – гэта не толькі пытанні па атрыманні кватэры. Людзям хочацца, каб побач з домам была адладжаная інфраструктура: пабудаваныя школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі... У нас даволі добра ходзіць грамадскі транспарт, побач – лінія метро, але наколькі зручна перамяшчацца па акрузе людзям з абмежаванымі магчымасцямі? Такое пытанне задаў адзін з выбаршчыкаў, і мы разам з камісіяй правяралі безбар'ернасць асяроддзя. Наогул, па любым пытанні да мяне можна звярнуцца падчас прыёму, але людзі ведаюць, што я працую ўрачом і, бывае, зазіраюць у бальніцу не толькі з медыцынскім клопатам. Часам чалавек не зусім разумее, якім чынам даць справе ход, ён спадзяецца, што дэпутат павінен адразу вырашыць праблему, хаця для гэтага дастаткова было б звярнуцца да патрэбнага прадстаўніка выканаўчай улады.

Алена Анісім

Сёння жыццё вельмі дынамічнае і праблемы, якія даводзіцца разглядаць, часам выходзяць за межы акругі, лічыць
Алена Анісім, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Стаўбцоўскай акрузе №70.

Асноўныя пытанні, з якімі прыходзяць выбаршчыкі, датычацца водазабеспячэння і якасці дарожнага пакрыцця. У сельскай мясцовасці гэта асабліва актуальна, бо часта замест асфальту вуліца ўяўляе сабой брукаваную ці проста грунтовую дарогу.

– Цяпер ідзе газіфікацыя, рабочыя кладуць трубы і не заўсёды прыводзяць вуліцы ў першапачатковы выгляд. У такіх выпадках многія абураюцца дарожным зборам, бо не бачаць вынікаў гэтых выплат. Падобныя сітуацыі стараюся вырашаць праз раённую ўладу. Мяркую, што сёння трэба асабліва падтрымліваць і развіваць мясцовыя органы кіравання. Сельскія Саветы дэпутатаў пры пэўнай актыўнасці маглі б аператыўней паведамляць пра недахопы ў раён і кантраляваць якасць пэўнага віду работ – той жа дарожнай службы на месцах.

Наогул, дэпутат займаецца даволі вялікім спектрам спраў – ад крыўдаў на судовыя рашэнні да пошуку памяшкання пад краязнаўчы музей. Вострым пытаннем застаецца пабудова чыгуначнага прыпынку каля адной з вёсачак на Стаўбцоўшчыне. Па словах Алены Анісім, такі аб'ект не толькі палепшыў бы транспартнае забеспячэнне, але і зрабіў бы мясцовасць больш прывабнай для моладзі.

– Дэпутат павінен глядзець на праблему не толькі з пазіцыі ўласнай акругі. Сёння запатрабаваны аналітычны падыход, каб на аснове асобных фактаў вымалёўваць агульную сітуацыю. А каб ведаць розныя аспекты жыцця ў краіне, трэба абменьвацца назіраннямі і раіцца з калегамі.

Вольга Папко

Вольга Папко, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Навагрудскай акрузе №57, ўпэўнена, што ў рэгіёны неабходна прыцягваць інвестыцыі і наладжваць там эфектыўную вытворчасць.

– Безумоўна, гэта не так проста. Але стварэнне перспектыўных прадпрыемстваў сельскай мясцовасці не толькі забяспечыць работнікаў працоўнымі месцамі і заробкам, але і дасць сродкі ў мясцовы бюджэт праз падаткі.

Па словах дэпутата, многа зваротаў у першыя месяцы паступіла наконт паслуг ЖКГ, афармлення дакументаў на новае жыллё. Скардзіліся выбаршчыкі і на высокія расцэнкі ў мясцовай лазні. Асабліва складаным аказалася пытанне жылля для ўдоў ветэранаў-афганцаў. На жаль, пакуль што дапамагчы па гэтай праблеме не атрымалася: трэба ўносіць змены ў заканадаўства.

– Часам да мяне паступаюць рацыяналізатарскія прапановы ад выбаршчыкаў. Іх нямнога, але я вельмі ў іх зацікаўлена. Напрыклад, адна з іх звязана з лясной гаспадаркай. Для мяне гэта новая тэма, таму з усіх бакоў стараюся падысці да вырашэння такога пытання. На маю працу дэпутата ўплывае і папярэдні вопыт работы ў сферы культуры, бо часта людзі звяртаюцца з прапановамі па развіцці і захоўванні гісторыка-культурных, мастацкіх здабыткаў. Часам атрымліваю звароты не толькі ад выбаршчыкаў акругі, але і ад грамадзян з іншых рэгіёнаў нашай краіны. Змена заканадаўства – не такі хуткі працэс, як, магчыма, думаюць некаторыя, але я ўжо выбрала кірункі заканатворчай ініцыятывы, па якіх буду працаваць. У першую чаргу мяркую прапанаваць шэраг паправак у Кодэкс аб культуры.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, «Звязда», 29 сакавіка 2017 г.

(фота – «Звязда»)