/ / Общественно-политические и в области права
24.03.2017

Цяпло ў батарэях з лічыльнікамі абыходзіцца танней: эканомія цепласпажывання ў такіх дамах дасягае 10–15%

Камунальнікі адзначаюць, што, нягледзячы на пастаянны прырост жыллёвага фонду за кошт будаўніцтва, выдаткі на яго ўтрыманне ў зімовы перыяд пастаянна зніжаюцца. Напрыклад, калі ў 2010 годзе на ацяпленне жылля было накіравана больш за 23,4 млн гігакалорый, то ў 2015 годзе гэта лічба склала каля 22 млн гігакалорый. І спецыялісты адзначаюць, што справа тут не ў глабальным пацяпленні.

Не губляць тэмпературу па дарозе

Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі – дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіл Малашанка расказаў, што сёння працягваецца мадэрнізацыя цеплавых трас і сістэм цеплазабеспячэння. Штогод папярэднеізаляванымі трубамі (ПІ-трубамі), якія значна скарачаюць страты цяпла пры транспарціроўцы, пракладваецца ад 750 да 840 кіламетраў трубаправодаў. Цяпер у цэлым у сістэме ЖКГ цеплавыя трасы складаюцца на 52,6% менавіта з гэтых ПІ-труб. А вынікам мадэрнізацыі стала істотнае памяншэнне тэхналагічных страт на рух цеплавой энергіі ў сетках: у 2011 годзе яны складалі 19,4%, летась – ужо толькі 12%.

Штогод пэўная колькасць старых жылых дамоў падпадае пад цеплавую рэабілітацыю. Паводле слоў спецыяліста, спажыванне цеплаэнергіі на душу насельніцтва ў 2016 годзе было 2,3 Гкал, у 2010 годзе – 2,5 Гкал. «Гэтыя вынікі дасягнуты як сістэмай ЖКГ, так і пры дапамозе самога насельніцтва, таму што яно пачало эканоміць», – сказаў Міхаіл Малашанка.

Працягваецца работа па замяшчэнні прыроднага газу і выкарыстанні мясцовых відаў паліва. Сёння каля 76% энергакрыніц у сістэме ЖКГ выкарыстоўваюць драўнянае і тарфяное паліва.

Больш за тое, у балансе кацельна-пячнога паліва ў Віцебскай вобласці доля мясцовых відаў наблізілася да 68%, у Магілёўскай вобласці – да 52%. Праводзяцца іншыя агульнарэспубліканскія мерапрыемствы. Усё гэта добра, але для больш сур'ёзнага эфекту цяпло трэба эканоміць у кожнай кватэры. А вось тут ёсць праблемы...

Метад бізуна і перніка

Начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і сродкамі масавай інфармацыі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксціловіч кажа, што цяпер каля 94% жылфонду мае сістэмы аўтаматычнага рэгулявання спажывання цяпла.

Паводле яго слоў, усяго дамоў з цэнтральным ацяпленнем, якія маюць тэхнічную магчымасць абсталявання такімі сістэмамі, каля 27 тысяч. Больш за 25,5 тысячы дамоў сёння працуюць з аўтаматыкай. «Засталіся толькі жылыя дамы, што з'яўляюцца аб'ектамі малапавярховай забудовы. Па іх ёсць тэхнічныя пытанні, але яны вырашаюцца», – запэўніў Генадзь Аксціловіч.

На сённяшні дзень пакватэрныя лічыльнікі і рэгулятары цяпла стаяць прыблізна ў 2,7 тысячы жылых дамоў, што складае 10% ад эксплуатаванага шматкватэрнага жыллёвага фонду.

Спецыяліст паведаміў, што, паводле праведзенага аналізу, скарачэнне цепласпажывання жылога дома, дзе стаяць пакватэрныя лічыльнікі, пры іншых роўных умовах дасягае 10–15%. Эканомія сур'ёзная. Аднак пакуль многія не спяшаюцца іх прымяніць. Нагадаю, што яшчэ летась планавалася з 2017 года перайсці на абавязковы разлік па індывідуальных прыборах уліку за цеплавую энергію там, дзе гэтыя прыборы ўстаноўлены. Высветлілася, што аднымі перакананнямі тут абысціся наўрад ці ўдасца.

Спецыялісты з Дэпартамента па энергаэфектыўнасці вырашылі выкарыстоўваць эканамічныя метады стымулявання аплаты цеплаэнергіі па індывідуальных прыборах уліку. «Сёлета створана рабочая група пад кіраўніцтвам Намесніка Прэм'ер-міністра Анатоля Калініна. Распрацаваны праекты пастаноў Урада, дзе прадугледжваюцца эканамічныя метады стымулявання грамадзяніна, які мае ва ўласнасці кватэру, абсталяваную індывідуальнымі прыборамі ўліку цеплавой энергіі, разлічвацца па паказаннях лічыльніка», – адзначыў Міхаіл Малашанка.

Асабіста ад сябе магу заўважыць, што ў маёй кватэры гэтыя лічыльнікі на батарэях стаяць. Ёсць у нас і кранікі, што рэгулююць падачу цяпла. Дык вось, жыхары ўсіх кватэр на працягу зімы ў доме плацяць за цяпло адпаведна плошчы кватэры – усе аднолькава. А вясной інфармацыя па гэтых лічыльніках збіраецца і аналізуецца. Тым, хто кранік падкручваў і цяпло зімой эканоміў, праз сістэму жыровак пераплачаныя грошы вяртаюць. А тым, хто гэтага не робіць, прыходзіцца даплачваць. Напрыклад, мне летась за ацяпленне двухпакаёвай кватэры 350 тысяч рублёў старымі вярнулі.

«Паставіць на лічыльнік» стары фонд?

Акрамя таго, цяпер распрацоўваецца праграма забеспячэння індывідуальнымі прыборамі ўліку цеплавой энергіі тых дамоў жыллёвага фонду, дзе іх сёння няма, расказаў Міхаіл Малашанка. Днямі спецыялісты Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі агучылі кошт арганізацыі пакватэрнага ўліку цяпла пры вертыкальнай разводцы. Гэта пакуль прыблізныя лічбы. Генадзь Аксціловіч растлумачыў, што арганізацыя пакватэрнага ўліку і рэгулявання спажыванай цеплаэнергіі пры вертыкальнай разводцы магчымая шляхам аснашчэння кожнага ацяпляльнага прыбора рэгулятарамі і размеркавальнікам цеплавой энергіі, якія дазваляюць вызначыць долю кожнага памяшкання ва ўдзельным аб'ёме спажытай усім домам энергіі. Так, кошт размеркавальніка электроннага тыпу складае каля 30 рублёў, тэрмарэгулятара – ад 20 да 80 рублёў у залежнасці ад тыпу. Аснашчэнне аднаго ацяпляльнага прыбора размеркавальнікам цяпла і тэрмарэгулятарам (з улікам мантажных работ) абыдзецца ў суму каля 130 рублёў.

Адразу ўзнікае пытанне: хто будзе гэтым займацца і прафінансуе? Спецыялісты згаджаюцца, што праграма дзяржаўная, але сёння каля 95% жылога фонду знаходзіцца ва ўласнасці насельніцтва.

Таму цалкам зразумела, што ў фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў, якія ў канчатковым выніку павышаюць спажывецкія якасці кватэр і, адпаведна, рынкавы кошт жылля, павінны ўдзельнічаць і яго ўласнікі.

Святло – цяпло: 72 на 17

Эксперты адзначаюць, што энергаэфектыўнае будаўніцтва стрымлівае ў нашай краіне парушэнне парытэту коштаў на цяпло і электраэнергію.

Сёння насельніцтва пакрывае 72% выдаткаў на электраэнергію і ўсяго толькі 17% на цяпло, паведаміў Міхаіл Малашанка. Такая неадпаведнасць з'яўляецца адной з прычын таго, што жыхары дамоў, дзе ёсць сістэма прымусовай вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, не імкнуцца карыстацца сучасным абсталяваннем, паколькі для яго работы неабходна электрычнасць. Акрамя таго, пры сучасных нізкіх тарыфах на цяпло насельніцтву нявыгадна пераплачваць пры куплі жылля за ўстаноўку абсталявання, якім, хутчэй за ўсё, эфектыўна карыстацца не давядзецца.

У Беларусі ёсць ужо нямала дамоў, якія прэтэндуюць на званне энергаэфектыўных. Каля двух дзясяткаў з іх аснашчаны сістэмай рэкуперацыі цяпла вентыляцыйных выкідаў. Тры жылыя будынкі (у Мінску, Гродне і Магілёве) пабудаваны ў рамках праекта праграмы развіцця ААН і глабальнага экалагічнага фонду «Павышэнне энергетычнай эфектыўнасці жылых будынкаў у Рэспубліцы Беларусь». На іх прыкладзе плануецца паказаць, як комплекснае ўкараненне існуючых тэхналогій дазваляе дасягнуць жаданага выніку. У прыватнасці, акрамя сістэм рэкуперацыі, плануецца ўстаноўка цеплавых помпаў і сонечных калектараў, а таксама выкарыстанне цяпла сцёкавых вод у Магілёве і Гродне – недалёка ад праектаваных будынкаў праходзяць гарадскія каналізацыйныя калектары. Аднак пакуль энергаэфектыўныя дамы варта разглядаць як жыллё павышанай камфортнасці са здаровым мікракліматам, правільная эксплуатацыя якога дасць магчымасць палепшыць экалагічную абстаноўку і эканоміць паліўна-энергетычныя рэсурсы краіны.

Паводле слоў спецыялістаў, у жыллёвым сектары ёсць велізарныя рэзервы для зніжэння энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту і замяшчэння імпартаваных відаў паліва. Жыллёвы фонд Беларусі валодае значным патэнцыялам у сферы энергазберажэння і скарачэння выкідаў парніковых газаў. У сектары ЖКГ выкарыстоўваецца каля 38% паліўна-энергетычных рэсурсаў, якія спажывае краіна ў цэлым. Улічваючы ўзрастаючую ролю эканоміі цеплавой і электрычнай энергіі, вялікае значэнне варта надаваць будаўніцтву энергаэфектыўнага жылля, асабліва класаў энергаэфектыўнасці дамоў А і А+, лічыць дырэктар дэпартамента.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 24 сакавіка 2017 г.