/ / Общественно-политические
24.03.2017

З красавіка для працягу тэрміна дзеяння дазволу на захоўванне і нашэнне зброі ўладальніку трэба будзе прынесці медыцынскую даведку

У красавіку ў краіне пройдзе аперацыя «Арсенал». Супрацоўнікі міліцыі засяродзяцца на пошуку незаконнай зброі і боепрыпасаў. Правераць таксама ўмовы іх захоўвання. Карэспандэнт «Р» даведалася, як атрымаць дазвол на захоўванне зброі, якія экспертызы трэба прайсці.

Зброя

Пісталет ТТ з памятнай гравіроўкай на ручцы: «Сяржанту Буйкевічу за баявыя заслугі. Камандуючы. 30 мая 1946 года»

У нас рэгіструюць толькі зброю заводскай вытворчасці. Самаробную не рэгіструюць у прынцыпе, захоўваць яе дома таксама нельга. За гэта прадугледжана крымінальная адказнасць. Аднак падчас аперацыі «Арсенал» здаць незарэгістраваную ці самаробную зброю можна ў міліцыю без якіх-небудзь наступстваў. Такі варыянт задавальняе не ўсіх. Хтосьцi, да прыкладу, не хоча здаваць вінтоўку, якую дзед прынёс з вайны як памяць.

– Адзінае выйсце з такой сітуацыі – аднесці вінтоўку ў майстэрню, – падказвае Дзмітрый Карпаў, старшы эксперт упраўлення крыміналістычных экспертыз і ўлікаў упраўлення ГКСЭ па Мінску. – Там яе пераробяць так, каб яна не мела складовых частак і кампанентаў агнястрэльнай зброі. Перароблены экзэмпляр прыносіце нам на экспертызу. Мы яго даследуем і выдаём заключэнне экспертызы на пытанне, ці з’яўляецца вінтоўка агнястрэльнай зброяй і ці ўтрымлівае яна складовыя часткі і кампаненты агнястрэльнай зброі. Гэтае заключэнне заўсёды павінна быць пад рукой на выпадак, калі прыйдзе міліцыя з праверкай.

Нядаўна Дзмітрыю Карпаву прынеслі на экспертызу чамадан з дзевяццю мадэлямі зброі. Арсенал вялікі – рэвальвер, наган, ружжо, пісталет-кулямёт Шпагіна, пісталет канструкцыі Токарава ўзору 1930 года і іншае. Гэтыя экзэмпляры папоўняць фонд аднаго з мінскіх музеяў. Аднак перш чым экспанаваць іх у музеі, неабходна атрымаць заключэнне экспертызы пра тое, што яны не з’яўляюцца агнястрэльнымі і не ўтрымліваюць складовыя часткі і кампаненты агнястрэльнай зброі.

Эксперт круціць у руках пісталет ТТ з памятнай гравіроўкай на ручцы: «Сяржанту Буйкевічу за баявыя заслугі. Камандуючы. 30 мая 1946 года».

Зброя

Гэтыя мадэлі зброі пасля экспертызы могуць папоўніць фонд аднаго з мінскіх музеяў

– У майстэрні курок пісталета зрабілі нерухомым. У ствол паставілі заглушку, якая не дазваляе ўставіць патрон у патроннік. Цалкам прыбралі ўдарнік, які біў па капсулю патрона. У магазін патроны не змяшчаюцца, – пералічвае ўнесеныя змены Дзмітрый Карпаў.

Над рарытэтным рэвальверам у майстэрні таксама папацелі: у барабан уставілі заглушкі, а ў канал ствала – штыфты. Таксама спілавалі частку курка. На першы погляд аб’екты не маюць складовых частак агнястрэльнай зброі, аднак высновы эксперт зробіць толькі правёўшы комплекснае даследаванне.

Што тычыцца купленай зброі, то пасля набыцця яе неабходна здаць экспертам на кантрольны адстрэл. Пасля адстрэлу гільзы і кулі накіруюць у Рэспубліканскую кулягільзатэку, дзе ўстановяць, ці засвяцілася гэтая зброя пры здзяйсненні злачынстваў. Таксама кулі і гільзы занясуць у базу і паставяць на ўлік, каб у будучыні пры неабходнасці можна было выявіць уладальніка.

– Калі праз месяц уладальнік захоча перапрадаць сваю зброю, то новаму ўладальніку працэдуру прыйдзецца паўтарыць, – папярэдзіў Дзмітрый Карпаў.

Баявыя патроны і складовыя часткі агнястрэльнай зброі без адпаведнага дазволу дома таксама трымаць нельга.

– Зброю трэба захоўваць у жалезным сейфе, ключ ад якога павінен быць толькі ва ўладальніка зброі. Доступ да зброі таксама павінен мець толькі ўладальнік, інакш яму пагражае штраф да 10 базавых велічынь. Патроны трэба захоўваць не побач са стрэльбай, а ў сейфе ў спецыяльным адсеку для захоўвання боепрыпасаў, – нагадвае правілы валодання арсеналам старшы інспектар па дазвольнай рабоце аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Цэнтральнага РУУС Мінска Васіль Сапліцкі.

У Мінску ёсць некалькі заўзятых калекцыянераў зброі. У іх зборах дзясяткі экспанатаў, у тым ліку наразныя карабіны коштам па 15 тысяч долараў за штуку.

– Калекцыянеру рарытэтных экзэмпляраў патрэбна спецыяльная ліцэнзія для калекцыяніравання, паколькі звычайная ліцэнзія дазваляе мець толькі тры гладкаствольныя стрэльбы. Ліцэнзія калекцыянера здымае гэты ліміт. Затое патрабаванні прад’яўляюцца больш жорсткія – трэба абсталяваць не проста сейф, а цэлы пакой, які да таго ж будзе здавацца пад сігналізацыю, – растлумачыў тонкасці Васіль Сапліцкі.

Наогул стаць уладальнікам пісталета няпроста. Спачатку трэба атрымаць дазвол на куплю. Каб абзавесціся гладкаствольнай паляўнічай стрэльбай, трэба яшчэ прайсці спецыяльныя курсы, пасля заканчэння якіх вам выдадуць дзяржаўнае пасведчанне на права палявання. Затым трэба прайсці медкамісію і атрымаць даведку. Потым участковы піша рапарт, што ў патэнцыяльнага ўладальніка маюцца неабходныя ўмовы для захоўвання: сейф, а ў выпадку калі зброя з’яўляецца наразной, то і сігналізацыя. Толькі пасля гэтага на працягу месяца разглядаюць запыт і выдаюць альбо адмаўляюць у дазволе на куплю. Гэты дазвол будзе сапраўдны на працягу паўгода.

Але і пасля куплі зброі новаспечанаму ўладальніку не варта расслабляцца: на працягу дзесяці дзён ён абавязаны яе зарэгістраваць. Толькі пасля гэтага атрымлівае дазвол на права захоўвання і нашэння зброі тэрмінам на тры гады. За месяц да заканчэння гэтага тэрміну дазвол трэба працягнуць. Інспектары правераць, ці былі парушэнні, ці прыцягваўся ўладальнік да адміністрацыйнай альбо крымінальнай адказнасці. Ліцэнзію могуць ануляваць за любы промах. Напрыклад, калі ўладальнік прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за браканьерства, за дробнае хуліганства і за кіраванне ў нецвярозым стане. Пазбавіць ліцэнзіі могуць нават таго, хто пусціў за руль свайго аўтамабіля п’янага таварыша.

Калі парушэнняў не было – дазвол працягнуць, калі былі – могуць ануляваць. У апошнім выпадку на працягу года ўладальнік павінен ці перааформіць арсенал на кагосьці іншага, ці здаць на знішчэнне.

Іна Гарбаценка, «Рэспубліка», 24 сакавіка 2017 г.

(фота – Іна Гарбаценка)