/ / Общественно-политические
17.03.2017

Хібы не ў дакуменце, а ў яго рэалізацыі: Наталляй Гуйвік падзялілася меркаваннем аб тым, што трэба выправіць у Дэкрэце № 3

Дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» стаў найбольш абмяркоўваемым дакументам у краіне. Нядаўна Прэзідэнт на год прыпыніў спагнанне падатковага збору і даручыў падрабязней прапрацаваць дакумент. У сувязі з гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў са старшынёй Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па заканадаўстве Наталляй ГУЙВІК аб тым, што трэба ў дэкрэце выправіць.

Наталля Гуйвік

– Сёння, гаворачы пра Дэкрэт №3, часцей адзначаюць недахопы, але ж ёсць і плюсы...

– Тут хібы не ў дэкрэце, а ў яго рэалізацыі. На мой погляд, гэты дакумент наогул трэба было прыняць значна раней. У нас ёсць Канстытуцыя і канкрэтныя артыкулы: напрыклад, у артыкуле 56 гаворыцца, што грамадзяне павінны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, а ў артыкуле 133 канкрэтна замацавана, што даходы бюджэтаў фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам. Дэкрэт вызначыў, што ўсе грамадзяне краіны павінны ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты адпаведнага падатку, калі яны не ўдзельнічалі ў гэтым ці ўдзельнічалі менш за 183 дні ў год. Ён таксама дакладна вызначыў катэгорыі людзей, занятых у фінансаванні дзяржаўных расходаў, і тых, хто па сацыяльна ўважлівых прычынах не можа працаваць.

Што да плюсоў, то трэба разумець, што гэта часовы дэкрэт. Калі ў нас стабілізуецца сітуацыя, не будзе сацыяльнага ўтрыманства, усе працаздольныя, законапаслухмяныя грамадзяне будуць працаваць і ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, то ён будзе адменены.

Яшчэ адзін станоўчы момант заключаецца ў тым, што пры рэалізацыі гэтага нарматыўнага акта выявілі факты ценявой працоўнай дзейнасці. Колькі людзей у нас працавалі на ўласную кішэню, і пры гэтым яны хадзілі па ўрачах, нічога не плацілі і падаткі не выплачвалі? Акрамя таго, ён дапамог легалізаваць індывідуальную працоўную дзейнасць грамадзян, якія гадамі займаліся рэпетытарствам, здавалі арэнднае жыллё, гэта значыць, атрымлівалі даходы, а падаткі не плацілі, хоць мы ўсе абавязаны гэта рабіць. І яшчэ не менш важны момант: дэкрэт дапамог ацаніць сітуацыю на рынку працы і выявіць рэальны паказчык беспрацоўных. Самым пазітыўным складнікам з'яўляецца норма, якая дала мясцовым Саветам дэпутатаў права вызваляць ад выплаты збору грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

– Чаго не хапае дакументу?

– Як я адзначыла, ёсць пытанні па яго рэалізацыі. Пасля прыняцця дэкрэта было ўпушчана інфармацыйнае поле. Трэба было яшчэ да складання спісаў і рассылкі «лістоў шчасця» ледзь не штодня расказваць і тлумачыць людзям, што такое дэкрэт, якая яго мэта, якія будуць наступствы яго невыканання, якія катэгорыі грамадзян не падпадаюць пад дзеянне гэтага дакумента... Пра гэта трэба было гаварыць адразу ж пасля яго прыняцця і да пачатку яго рэалізацыі. Тады б грамадзяне прынялі ўсе меры па працаўладкаванні. Я лічу, што гэта самы галоўны недагляд.

Вядома ж, за мінулы перыяд трэба было скласці правільную электронную базу, дзе не было б памылак. Ніколі б грамадзяне не сталі абурацца, калі б іх не пакрыўдзілі. Бо дайшло да абсурду – нават памерлым людзям прыходзілі такія лісты або чалавеку, які працуе. Уяўляеце, як адчувалі сябе родныя памерлага, атрымаўшы такі ліст? Вядома, гэта выклікала незадавальненне.

Дэкрэт, у цэлым, правільны і справядлівы дакумент, але яго рэалізацыя вымушае жадаць лепшага. Таму цяпер вядзецца актыўная работа па актуалізацыі інфармацыйнага рэсурсу, што дасць магчымасць выключыць памылкі. Адпаведна, рэалізацыю дэкрэта адклалі на год. А за гэты перыяд усім нам – дзяржаўным органам і дэпутатам усіх узроўняў – трэба дапамагчы грамадзянам з працаўладкаваннем, стварэннем новых працоўных месцаў.

– Як і калі можна забраць грошы тым, хто ўжо заплаціў падатак, але пазней змог працаўладкавацца?

– Паколькі ўсе падаткі і зборы паступаюць у мясцовыя бюджэты, то і заяву аб вяртанні заплачанага падатку грамадзянін павінен напісаць у фінансавы аддзел гар(рай)выканкама. Калі чалавек працаўладкуецца, то да сваёй заявы ён павінен прыкласці копію працоўнай кніжкі або выпіску з загаду аб працаўладкаванні. Вядома, будуць звяртаць увагу на тэрмін заключанага кантракта або працоўнага дагавора, каб людзі не звольніліся праз дзень пасля таго, як ім вернуць грошы. Калі ўсё гэта будзе зроблена, то суму падатку вернуць.

– Падатковыя зборы спынілі да 31 снежня 2017 года. Ці значыць гэта, што ў 2018 годзе падатак будуць плаціць адразу за два гады?

– Тут усё залежыць ад чалавека. Зараз непрацуючым, але працаздольным грамадзянам далі час да 1 студзеня 2018 года, каб працаўладкавацца. Калі яны знойдуць работу да гэтага тэрміну, то за 2017 год падатак плаціць не трэба будзе. Хто не працаўладкуецца да гэтага тэрміну, той заплаціць за два гады.

– Зборы ад рэалізацыі Дэкрэта №3 будуць накіраваны дзецям. На вашу думку, на што канкрэтна іх лепш аддаць?

– Гэта мудрае рашэнне – перадаць выплачаныя падаткі ў мясцовыя бюджэты на патрэбы дзяцей, бо мясцовыя органы ўлады ведаюць, куды іх эфектыўна накіраваць. Напрыклад, на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона, на што складана было знайсці сродкі.

Акрамя таго, ёсць дзіцячыя рэабілітацыйныя цэнтры, якім патрэбна фінансавая падтрымка.

– Давайце ўявім, што прайшло пяць гадоў. Застанецца да таго часу дэкрэт ці не?

– Калі ўсе 4 мільёны працаздольных грамадзян свядома падыдуць да выканання свайго канстытуцыйнага абавязку па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, будуць працаваць і плаціць падаткі, то гэты дакумент не будзе існаваць да 2022 года – я думаю, што яго адменяць і раней! Можа, і праз год. Але ўсе грамадзяне павінны свядома падысці да вырашэння гэтай праблемы. Дэкрэт не вечны, гэта адназначна.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, «Звязда», 17 сакавіка 2017 г.

(фота - «Звязда»)