/ / Общественно-политические и в области права
15.03.2017

Маеш уласную гаспадарку – май юрыдычны дазвол на карыстанне ёй. Калі чалавек, які жыве на вёсцы, становіцца ўтрыманцам?

Чалавек, які зарэгістраваны на вёсцы і займаецца ўласнай гаспадаркай, лічыцца асобай, што ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, таму ў тэорыі ўтрыманцам быць не можа. На практыцы ж высветлілася, што нават калі ты трымаеш карову, парася ды курыцу, даглядаеш сад і садзіш грады, аднак пры гэтым не маеш тэхнічнага пашпарта на дом ці акта землекарыстання для вядзення ўласнай гаспадаркі, то ты – утрыманец.

Хай «сотка», але са статусам

Пры гэтым нідзе ў законе не прапісана, якой колькасцю зямлі трэба валодаць, каб пазбегнуць праблем з дадатковымі выплатамі. Гэта можа быць нават адна сотка, аднак яна павінна мець статус: «для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі». Умоўна кажучы, у акце на зямлю ў 25 сотак павінна быць указана, што 10 з іх адведзена, скажам, пад абслугоўванне дома на ўчастку, а 15 – на ўласную падсобную гаспадарку.

– Каб не апынуцца ў становішчы ўтрыманца і надалей, тым, хто працуе на зямлі, жыццёва неабходна аформіць акт землекарыстання, – упэўнены Віктар РОІК, старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў. – Гэта памылка людзей, што яны не падрыхтаваліся да сітуацыі, калі Дэкрэт №3 толькі прымаўся. Немец адразу прымярае на сябе кожны новы закон, думае, як гэта на ім адаб'ецца, і прымае меры. А наш чалавек чакае, пакуль надыдзе 2017 год, а атрымаўшы ліст з падатковай, пачынае думаць... Цяпер надышоў час меркаваць, як у 2018 годзе пазбегнуць неабходнасці плаціць падатак за сёлетняе нежаданне афармляць дакументы на зямлю.

Дарэчы, афіцыйна аформіць паперы на зямлю карысна яшчэ і таму, што не будзе павінен плаціць збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў не толькі ўладальнік участка, а і ўсе члены яго сям'і, што там зарэгістраваныя. Гэта датычыцца мужа, жонкі, дзяцей, бацькоў абодвух сужэнцаў.

Па законах юрыдычных і чалавечых

Разглядам юрыдычных асаблівасцяў сітуацый і ўнікненнем у акалічнасці цяжкага жыццёвага становішча людзей на вёсцы займаецца спецыяльная камісія. У яе ўваходзяць члены раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй, старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыні сельскіх Саветаў, кіраўнікі галін жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай абароны насельніцтва, аховы здароўя, старшыня камісіі па мандатах і законнасці – усе, да каго ў чалавека могуць быць пытанні ці хто будзе валодаць інфармацыяй пра асобу, якую залічылі ў шэрагі ўтрыманцаў.

– У нас каля 40 чалавек звярнуліся ў райвыканкам па вызваленне ад падатку на ўтрыманства, бо яны лічаць, што трапілі ў цяжкае жыццёвае становішча. Некалькі чалавек сапраўды апынуліся ў такой сітуацыі. Напрыклад, хворыя, што не могуць працаўладкавацца. Аднак прыходзяць жа і здаровыя, якія могуць працаваць. Я адразу пытаюся ў іх, якую спецыяльнасць яны маюць. У многіх ніякай няма. Дзе сёння можна ўладкавацца без спецыяльнасці? Дык давайце вучыцца, – заклікае Мікалай РОЗУМ, старшыня Воранаўскага райвыканкама. – Калі вы хочаце працаваць на прамысловым прадпрыемстве, вам трэба ехаць у Ліду. А калі хочаце ў нашым раёне, то акрамя як у бюджэтнай сферы і ў сельскай гаспадарцы працы вы больш нідзе не знойдзеце. Мы стараемся вызваляць бюджэтныя месцы для маладых, калі папярэднікам прыходзіць час ісці на пенсію. А вось сельская гаспадарка часта пакутуе ад таго, што мы ўсіх трымаем на працы, бо іх няма кім замяніць, ніхто не хоча туды ісці.

Старшыня Савета дэпутатаў мяркуе, што ў некаторых выпадках самі бацькі робяць мядзведжую паслугу сваім дзецям, бо ўсё жыццё песцяць іх і даглядаюць. А цяпер, калі яны без афіцыйнага працаўладкавання, маці бегаюць і думаюць, як пазбегнуць выплаты грошай.

– Кожную сітуацыю мы разбіраем індывідуальна. Шэсць чалавек у раёне вызвалілі ад падатку поўнасцю, шаснаццаць – часткова. За кожнага чалавека доўга спрачаемся, вырашаем, бо ёсць законы юрыдычныя, а ёсць і людскія. Людзям, якія беспадстаўна скардзяцца на атрыманыя «лісты шчасця», расказваю пра падаткі на ўласным прыкладзе. Я падлічыў, якая частка маёй зарплаты штомесяц ідзе на падаткі. Калі гэтую лічбу перавесці ў час, атрымаецца, што 31–32 дні на год я працую на выкананне канстытуцыйнага абавязку грамадзяніна па ўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. За 35 гадоў працы я такім чынам каля 52 месяцаў (а гэта больш за чатыры гады!) адпрацаваў на падаткі... Некаторыя адразу змаўкаюць, калі такія лічбы чуюць.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 15 сакавіка 2017 г.