/ / Общественно-политические
15.03.2017

Заданне на найбліжэйшы час: што прапаноўваюць беларускія дэпутаты па выкананні Дэкрэта № 3?

Пытанняў да выканання гэтага заканадаўчага акта назбіралася шмат. Дэкрэт №3 абмяркоўваюць як дома, у сямейным коле, так і ва ўладных структурах. Асабліва пасля таго, як тэму правапрымянення дакумента закрануў днямі Прэзідэнт. Мы высветлілі, што прапаноўваюць тыя, хто непасрэдна працуе з людзьмі і асабіста ведае сітуацыю на месцах.

Намеснік старшыні Камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла КАНАНОВІЧ:

– Праводзячы работу ў выбарчых акругах, мы сустракаліся са сваімі выбаршчыкамі і бачылі, што на пачатковай стадыі ўзнікалі пэўныя праблемы. Вельмі шмат было разаслана апавяшчэнняў тым, хто не павінен быў трапіць у спіс плацельшчыкаў. Сёння прынята рашэнне, каб усе зацікаўленыя паўдзельнічалі ў фарміраванні гэтай базы даных. Я думаю, што за пэўны перыяд яна будзе сфарміравана карэктна. Мясцовыя Саветы дэпутатаў у першую чаргу павінны быць праваднікамі Дэкрэта №3. Тлумачэнне на месцах, якое мы трохі ўпусцілі, трэба нагнаць, трэба расказваць усім, даводзіць і актуальнасць дадзенага дэкрэта, і тыя задачы, якія стаяць. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дэкрэт мае ў першую чаргу маральны, ідэалагічны аспект. Жыццёвых сітуацый сапраўды вельмі шмат, і мы павінны былі падыходзіць да кожнага чалавека індывідуальна, разглядаць кожны выпадак у залежнасці ад таго, хто ў якім рэгіёне жыве. Чалавек павінен быць пастаўлены ў аснову ўсіх нашых рашэнняў.

Старшыня Бешанковіцкага раённага Савета дэпутатаў Генадзь ШВЕДАЎ:

– Неабходна больш старанна выверыць спісы людзей, якія трапілі пад дзеянне Дэкрэта №3. Гэта мы бачым як заданне для сябе. Старшыням сельвыканкамаў ужо дадзены адпаведныя распараджэнні. Вядома, ёсць людзі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй. Мы зыходзім з таго, каб даць ім палёгку. Яшчэ адзін момант – праверка спісаў, гэта дасць імпульс для працаўладкавання. Мы больш канкрэтна папрацуем з тымі людзьмі, якіх, можа быць, да гэтага не заўважалі. Ужо многія сталі на біржу працы. І мы робім усё магчымае, каб дапамагчы ім з пошукам.

Старшыня Любашаўскага сельскага Савета дэпутатаў Ганцавіцкага раёна Уладзімір ГАРДЗЕЙ:

– Калі захочаш, працаваць будзеш. А калі не... Ёсць, вядома, розныя катэгорыі людзей. У нас у раёне мала прадпрыемстваў, ідзе аптымізацыя, бывае, што цяжка знайсці працу. Былі і тыя, каго мы вызвалялі ад выплаты ў сувязі з цяжкімі жыццёвымі сітуацыямі. Але і, напрыклад, былі два хлопцы, якія жылі за кошт мамінай пенсіі... У нас тут яшчэ лясы добрыя – можна хадзіць, нешта збіраць. Увогуле трэба рабіць упор на індывідуальнае прадпрымальніцтва, малы бізнес. У нас ёсць гаспадаркі з трыма-чатырма каровамі, яны бяруць для сябе зямлю. Яна іх і корміць.

Старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Алег БАРЫСЕНКА:

– Зараз ужо падрыхтаваны прапановы наконт таго, як удасканаліць працу па Дэкрэце №3. Неабходна ўлічыць памылкі, якія былі дапушчаны. Дэпутаты ўсіх узроўняў працуюць з грамадзянамі і тлумачаць ім, куды яны могуць звярнуцца ў выпадках, калі склалася цяжкая жыццёвая сітуацыя. Але патрэбна і дадатковае інфармаванне. Перш за ўсё – праз тэлебачанне. Наша, мясцовае, займаецца гэтым, але было б больш эфектыўна, калі б пэўныя пытанні разглядаліся на ўзроўні рэспубліканскіх тэлеканалаў. Былі таксама выпадкі, калі ў базу траплялі тыя, каго гэты дэкрэт не павінен датычыцца. Напрыклад, студэнты, якія ў 2015 годзе скончылі ВНУ і не змаглі знайсці працу... Або ўзяць, напрыклад, сельскую гаспадарку. У чым розніца – вырошчваць агародніну на зямлі, выдзеленай пад уласную падсобную гаспадарку ці пад абслугоўванне будынка? Некаторыя з гэтых прапаноў, магчыма, будуць прыняты.

Надзея АНІСОВІЧ, «Звязда», 15 сакавіка 2017 г.