/ / Общественно-политические и в области права
14.03.2017

Працэнт удзелу: больш за трэць кошту камунальных паслуг сёння за нас аплачвае дзяржава

Як вядома, адпаведнай пастановай Савета Міністраў з пачатку года ў краіне пачалі дзейнічаць новыя тарыфы на некаторыя віды жыллёва-камунальных паслуг. Нагадаю, што тарыфы на ЖКП павялічваюцца штогод менавіта з першых дзён студзеня, што прадугледжана Указам № 550 кіраўніка нашай дзяржавы. Гэтым дакументам удакладняецца, што пасля такога павелічэння тарыфаў плацяжы насельніцтва па аплаце жыллёва-камунальных паслуг павышаюцца ў памеры, эквівалентным пяці доларам у разліку на сям'ю з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 квадратных метраў, пры нарматыўным спажыванні гэтых паслуг. Сёння мы вырашылі даведацца, у якім памеры насельніцтва цяпер пакрывае затраты на камуналку, а якую долю субсідзіруе дзяржава. Растлумачыць пэўныя пытанні ў гэтай сферы карэспандэнт «Звязды» папрасіў начальніка ўпраўлення рэгулявання натуральных манаполій паліўна-энергетычнага комплексу і транспарту Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Дзяніса Бібікава.

Плюс 4,3%

Паводле слоў суразмоўцы, па выніках мінулага года, летась жыхары краіны праз аплату «жыровак» у сярэднім пакрывалі затраты на камунальныя паслугі на ўзроўні 60,7%, а 39,3% даплачвала за нас дзяржава. Сёлета гэта прапорцыя, пасля павялічэння тарыфаў, крыху змянілася, бо людзі пачалі пакрываць 65% затрат, а на долю дзяржавы прыпадае 35%. Напрыклад, за люты сярэдні памер аплаты жыллёва-камунальных паслуг для двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 квадратных метраў, пры нарматыўным спажыванні паслуг, склаў 79,4 рубля. У далейшым тарыфы ЖКП індэксуюцца, пасля чаго за сакавік сярэдні памер аплаты камуналкі для двухпакаёвай кватэры складзе 79,7 рубля. Зразумела, што ў меншых кватэрах узровень росту гэтых тарыфаў будзе меншы, а ў больш прасторных – большы.

Пакрыццё затрат па вадзе дасягае 80%

Вядома, што сёлета тарыфы на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне павялічыліся на 17%, водазабеспячэнне і водаадвядзенне – амаль на 90%, а тэхабслугоўванне дома – усяго на 0,5%. Чаму тарыфы выраслі менавіта ў такіх прапорцыях? Дзяніс Уладзіміравіч растлумачыў, што больш істотна падраслі тыя пазіцыі, дзе людзі маюць магчымасць эканоміць рэсурсы і, адпаведна, свае грошы. Па водазабеспячэнні і водаадвядзенні сёння пакрыццё затрат насельніцтвам складае прыкладна 80% ад рэальнага сабекошту паслуг. Далейшая індэксацыя тарыфаў гэтых паслуг дазволіць выйсці ў 2018 годзе на 100-працэнтны ўзровень пакрыцця.

За цяпло плацім менш за палову

Начальнік упраўлення паведаміў, што менавіта па цеплазабеспячэнні ў сістэме ЖКП сёння існуе самы нізкі ўзровень пакрыцця, які пасля пад'ёму тарыфаў на цяпло на 17% складае цяпер не больш за 40% ад рэальнага кошту паслугі. Цікава, а колькі чалавек павінен будзе плаціць ужо сёння, калі яму прапануюць цалкам пакрываць затраты на ЖКП?

Пытанне пакуль рытарычнае, але... Ёсць жа ў нас спажыўцы камунальных паслуг, якія не прымаюць удзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў, ды і плаціць адпаведны збор у казну таксама не жадаюць. Суразмоўца паведаміў нам, што пакуль у іх ведамстве не падлічвалі, колькі будзе плаціць жыхар сярэднестатыстычнай двухпакаёвай кватэры за ЖКП пры ўмове поўнага пакрыцця затрат. Напрыклад, спецыялісты камунальнай сферы адзначаюць, што сёння чалавек плаціць за такую кватэру каля 20 рублёў за адзінку вымярэння цяпла, а пры тарыфе з поўным пакрыццём затрат будзе плаціць ужо каля 100 рублёў. Цяпло па поўным кошце даражэйшае ў 5 разоў.

Наш эксперт адзначае, што на прыкладзе аднаго дома ці ЖЭСа абагульняць вывады не карэктна. Канчатковая лічба па цяпле залежыць ад канструкцыі дома, яго ўзросту, канкрэтнай крыніцы цяпла і іншых фактараў. (Але лічбы будуць сапраўды ўнушальнымі, калі будзе прынята адпаведнае рашэнне. – Аўт.) Прыклады такіх «залатых» жыровак ужо і сёння ёсць. Цяпер максімальна кампенсуецца пакрыццё затрат ЖКП тымі гаспадарамі, якія маюць ва ўласнасці некалькі кватэр, калі ў падобным жыллі ніхто не зарэгістраваны і (або) ніхто не жыве.

Слабаабароненым – субсідыі

Сёння ў міністэрстве спадзяюцца, што ў хуткім часе будзе завершана дапрацоўка сістэмы безнаяўных жыллёвых субсідый. Наконт гэтага кіраўніцтва ЖКГ раней паведамляла, што будуць зменены падыходы (парогі) у гэтай сістэме, каб субсідыі маглі атрымаць усе малазабяспечаныя людзі.

Лічыцца, што новая сістэма субсідый у першую чаргу павінна падтрымаць асоб пенсійнага ўзросту і сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян ва ўмовах росту ўзроўню кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне жыллёва-камунальных паслуг. Тут выкарыстоўваюцца два прынцыпы – выяўляльны і заяўны. Хутчэй за ўсё, сёлета павялічыцца колькасць атрымальнікаў такой дапамогі ад дзяржавы па выяўляльным прынцыпе, якім будуць налічвацца субсідыі аўтаматычна. Акрамя таго, можа павялічыцца і колькасць тых сем'яў, якія пачнуць звяртацца па субсідыі ў выканкамы самастойна. Спецыялісты ўпэўнены, што толькі ў тым выпадку, калі сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый запрацуе бездакорна, у краіне можна будзе ажыццяўляць істотнае павелічэнне тарыфаў на цеплавую энергію. У гэтым выпадку такое змяненне тарыфаў стане не вельмі балючым для насельніцтва.

Аб планава-разліковых цэнах на ЖКП

Адпаведнай пастановай Саўміна ўнесены змяненні і дапаўненні ў шэраг пастаноў урада па пытаннях жыллёва-камунальных паслуг. У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца, што разлік планава-разліковых цэн на жыллёва-камунальныя паслугі па тэхнічным абслугоўванні ліфта будзе ажыццяўляцца за аднаго грамадзяніна, зарэгістраванага па месцы жыхарства ў жылым памяшканні, і асобы, што мае права валодання і карыстання жылым памяшканнем камерцыйнага выкарыстання.

Таксама ўдакладняецца парадак фарміравання арганізацыямі жыллёва-камунальнай гаспадаркі планава-разліковых цэн на жыллёва-камунальныя паслугі на чарговы фінансавы год. Прадугледжана, што такая цана на адзінку паслугі сцвярджаецца рашэннем гарадскога (гарадоў абласнога падпарадкавання), раённага выканаўчага камітэта, Мінскага гарвыканкама пасля ўзгаднення ва ўстаноўленым парадку, але не пазней за 1 кастрычніка. Калі планава-разліковыя цэны на ЖКП на чарговы фінансавы год не былі зацверджаны да названай даты, Саветам Міністраў могуць вызначацца гранічна дапушчальныя планава-разліковыя цэны на ЖКП у сярэднім па вобласці, Мінску на падставе прапаноў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам да 10 кастрычніка прадстаўляюць у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі абгрунтаваныя прапановы аб вызначэнні ўрадам гранічна дапушчальных планава-разліковых цэн на жыллёва-камунальныя паслугі на чарговы фінансавы год у сярэднім па вобласці, Мінску.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 14 сакавіка 2017 г.