/ / Общественно-политические и в области права
07.03.2017

Дакументы павінны адпавядаць прынцыпам і нормам канкурэнтнага права: Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю расказаў пра навацыі

Сёлета спыняць практыку падпісання пагадненняў паміж канцэрнамі і Міністэрствам гандлю на пастаўку тавараў. «Мы павінны стварыць роўныя ўмовы і выключыць практыку лабіравання інтарэсаў прадпрыемстваў», – адзначыў Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Уладзімір КАЛТОВІЧ на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасныя механізмы функцыянавання гандлёвага бізнесу і турыстычнай індустрыі: рэальнасць і перспектывы», якая прайшла ў БДЭУ.

Міністр звярнуў увагу на тое, што цяпер асноўная задача – аднаўленне культуры разумення добрасумленнай канкурэнцыі. «Мы ставім сабе задачы, каб усе дакументы, якія праходзяць, – рашэнні, пастановы, указы, законы – адпавядалі прынцыпам і нормам канкурэнтнага права». Дзяржаўная падтрымка не павінна ўплываць на баланс сіл на рынку. Інакш інвестыцыі ў малы і сярэдні бізнес становяцца бесперспектыўнымі. Неабходна вызначыць асноўны прынцып: увядзенне забароны на абмежаванні, якія ствараюць дыскрымінацыйныя ўмовы, і на неабгрунтаванае ўмяшанне ў вольнае функцыянаванне таварных рынкаў, выданне актаў ці рашэннях, якія супярэчаць прынцыпам антыманапольнага заканадаўства.

За апошнія паўгады працы былі ўнесены змены ў больш чым 700 нарматыўна-прававых актаў, падрыхтаваны праект змяненняў у законе аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў. Адна з навінак гэтага года – стварэнне праграмы развіцця канкурэнцыі ў нашай краіне. Гэта азначае напісанне «дарожных карт» па кожнай галіне, каб правесці рэвізію і аптымізацыю рашэнняў, прынятыя на ўсіх узроўнях улады.

Уладзімір Калтовіч расказаў і пра новую спецыяльнасць, якая адкрыецца з першага верасня ў магістратуры БДЭУ, – «Эканамічнае і антыманапольнае рэгуляванне». Зараз у міністэрстве знаходзяцца 14 чалавек на практыцы, частка з іх зможа атрымаць пасле яе працу і адначасова працягнуць навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі. 

Прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Генадзь КАРАЛЁНАК расказаў, што ў год навукі ўсе факультэты гэтага ВНУ праводзяць мерапрыемствы па пашырэнні навуковых даследаванняў. У канферэнцыі, якая прайшла на гэтым тыдні, удзельнічалі каля 150 маладых навукоўцаў, у тым ліку з Расіі, Украіны, Эстоніі і Італіі. «Сёння без навукі практычна немагчыма рыхтаваць спецыялістаў. Неабходна, каб студэнты вывучалі самастойна многія прадметы, удзельнічалі ў навуковых даследаваннях, таму што гэта будучы інтэлект нацыі. Мы павінны падрыхтаваць студэнтаў для працы ў новых умовах гаспадарання».

Надзея АНІСОВІЧ, «Звязда», 6 сакавіка 2017 г.