/ / Общественно-политические и в области права
03.03.2017

Сакрэты экспертызы мабільных прылад: мабільныя апараты адыгрываюць усё большую ролю ў жыцці чалавека

Мабільныя апараты адыгрываюць усё большую ролю ў жыцці чалавека. Можна сказаць, гэта прадметы, без якіх ужо немагчыма абысціся, у тым ліку і злачынцам. Як прымусіць смартфон ці планшэт «загаварыць»? Адказ на гэта ведаюць спецыялісты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па горадзе Мінску.

Мабільны тэлефон

Прыкладна палова мабільных прылад трапіла да экспертаў па крымінальных справах, звязаных з ужываннем і незаконным абарачэннем наркотыкаў.

У сувязі з гэтым спецыялістам прыходзіцца даваць адказы на мноства пытанняў, якія тычацца гісторыі і часу наведванняў разнастайных інтэрнэт-рэсурсаў, вызначэння самых наведвальных вэб-старонак на мабільным тэлефоне ці планшэце, здабыцця электроннай перапіскі, у якой могуць захоўвацца сляды злачыннай дзейнасці.

– Мы даём поўны пералік сайтаў, якія наведваліся, і на падставе зробленых заключэнняў супрацоўнікі па наркакантролі альбо следчыя праводзяць далейшыя дзеянні, – расказвае дзяржаўны судовы эксперт аддзела тэхнічных экспертыз упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па г. Мінску Аляксей Дворнікаў.

– Апарат можа змяшчаць звесткі, здольныя кардынальна паўплываць на ўстанаўленне факта злачынства ці на яго раскрыццё. Аднойчы ў Мінску дзяўчына выкінулася з акна. Было незразумела: яна сама наклала на сябе рукі ці ж нехта ўсё-такі ёй «дапамог». Мабільны тэлефон, які знайшлі на месцы здарэння, быў перададзены нам. Падчас аналізу інфармацыі мы знайшлі фотаздымак. Ён уяўляў сабой сэлфі нябожчыцы, зробленае на краі балкона. І гэта акалічнасць аказала дапамогу ў прыняцці рашэння.

Мабільны тэлефон

Год таму ўвесь свет абышла гісторыя, як Федэральнае бюро расследаванняў ЗША ўзламала ІPhone, які належаў так званаму «стралку з Сан-Бернардына». На гэта спатрэбілася некалькі тыдняў. Амерыканская структура тады звярталася па дапамогу да ізраільскай фірмы Celebrіty, якая ў рэшце рэшт і дапамагла ўзламаць ІPhone, нягледзячы на тое, што вытворца наадрэз адмовіўся раскрываць сакрэты доступу да інфармацыі ўнутры апарата. Гэтая ж арганізацыя паставіла абсталяванне і беларускім судовым экспертам.

– Да нас радыёэлектронная прылада паступае ва ўпакованым выглядзе, – расказвае Аляксей Дворнікаў. – Пасля гэтага ўпакоўка фатаграфуецца. Гэта важна – каб не ўзнікла прэтэнзій, што апаратам карысталіся ў нейкіх іншых мэтах. Велізарная колькасць апаратаў паступае да нас поўнасцю разраджанай, таму неабходны час на зарадку батарэі. Спробы схаваць ці знішчыць акумулятар да апарата будуць беспаспяховыя. Так, у нас няма батарэй да ўсіх магчымых мадэляў мабільных прылад. Але трымаць такую калекцыю зусім і неабавязкова. На нашым узбраенні стаіць універсальная батарэя: вальтаж ва ўсіх апаратаў аднолькавы, бо з'яўляецца сусветным стандартам. Пасля зарадкі мабільная прылада падключаецца да нашага абсталявання. І спецыяльная праграма капіруе ўсе даныя на патрэбны носьбіт.

Іншая справа, колькі часу зоймуць гэтыя маніпуляцыі. Напрыклад, вывудзіць усю неабходную інфармацыю з найпрасцейшай «званілкі» цалкам рэальна за 15–20 хвілін. Такія тэлефоны шмат інфармацыі не змяшчаюць. Гэта тэлефонная кніга, SMS, журнал званкоў, нататкі. Са смартфонамі складаней – там ужо знаходзяцца відэафайлы, фатаграфіі, паведамленні чатаў, гісторыя прагляду старонак у браўзеры.

– Ёсць кітайскія апараты, якія ствараюць дадатковыя праблемы з-за сваёй малараспаўсюджанасці, – гаворыць эксперт. – Там выкарыстоўваюцца працэсары, спецыфікацыі якіх у свеце мала вывучаны. З-за недастатковай распаўсюджанасці інфармацыі аб тэхнічных складніках працэс экспертызы можа зацягнуцца. Але нічога невыканальнага тут няма.

Таксама час экспертызы залежыць ад таго, запаролены тэлефон ці не. Быў выпадак, калі ўзлом пароля ў эксперта заняў цэлы дзень. Таму са старымі тэлефонамі прасцей. Хоць «званілак» зараз не так шмат. Прычым цікава, што і дагэтуль на стол экспертаў трапляюць апараты з «гісторыяй». Напрыклад, не так даўно спецыялісты даставалі інфармацыю з апарата фірмы Sіemens. І гэта прытым што апошні тэлефон такой маркі сышоў з канвеера 12 гадоў таму! Ці, напрыклад, не так даўно трапіўся SonyErіcsson, выпушчаны наогул на пачатку тысячагоддзя. З сучасных жа мадэляў часцей за ўсё эксперты аналізуюць змесціва апаратаў марак Texet, Keneksі, Nokіa.

– Часцей за ўсё апараты паступаюць да нас па матэрыялах праверкі ці па крымінальных справах, – зазначае Аляксей Дворнікаў. – Але да нас могуць смела звяртацца і фізічныя асобы, каб вырашыць звычайныя сітуацыі, звязаныя з захоўваннем інфармацыі на носьбітах. Напрыклад, нехта рыхтаваў дакумент, запісаў яго на флэшку і... выпадкова выдаліў. Або пры захаванні адбыўся нейкі збой, і дакумент перастаў карэктна адкрывацца. Ці, напрыклад, на картцы памяці кудысьці прапалі патрэбныя фотаматэрыялы і відэазапісы. Судовая экспертыза радыёэлектронных прылад і электрабытавой тэхнікі такую інфармацыю аднавіць здольная. Праўда, гэта будзе каштаваць грошай.

Цікава ведаць

Летась спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правялі больш за 300 даследаванняў смартфонаў і планшэтаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 3 сакавіка 2017 г.