/ / Общественно-политические
30.06.2017

Лес паказвае фокус. За год фотапасткi выкрылі ў лясах больш за 70 парушальнікаў

Лес – наша багацце. Аднак некаторыя ў гэтай фразе бачаць толькі «наша». Падпалы, незаконныя высечкі і горы смецця, на жаль, парушэнні нярэдкія. Каб іх папярэдзіць, спецыялісты лясной гаспадаркі прыкладаюць шмат намаганняў і выкарыстоўваюць розныя метады. Адным з самых папулярных з канца 2014 года стала ўстанаўленне на дрэвах камер – так званых фотапастак. Аднак і гэта не панацэя. Што перашкаджае пакараць усіх, хто ператварае лес у сметнік, мы высвятлялі разам з супрацоўнікамі Гомельскага лясгаса.

– Вось трактар паехаў, у прычэпе гара смецця, – глядзіць на манітор інжынер аховы і абароны лесу Максім Стаськоў.

Максім Стаськоў

Трактарыста аператыўна спыняюць яго калегі. На гэты раз абышлося – смецце вывозілася на спецыяльна абсталяваную пляцоўку.

Здымак трактара атрымалі дзякуючы адной з фотапастак, якія ўстаноўлены на тэрыторыі Гомельскага лясгаса. Усяго тут такіх прылад 19. Ставяць іх каля садовых таварыстваў, на з’ездах з трас, каля месцаў адпачынку і праблемных пунктаў – там, дзе часцей за ўсё ўзнікаюць несанкцыянаваныя сметнікі. Дзе канкрэтна – ведаюць толькі ў лясгасе. Камеры мабільныя, месцазнаходжанне іх леснікі мяняюць раз у 1–2 тыдні. Зробленыя здымкі тут жа адпраўляюць на электронны адрас спецыяліста, таму парушальніка можна затрымаць практычна на месцы. Дапамагаюць камеры пакараць і тых, хто наведвае лес падчас забароны, крадзе нарыхтаваную драўніну са складоў, сячэ незаконна дрэвы, раскладвае агонь і, што бывае часцей за ўсё, ператварае лес у сметнік.

Трактар са смеццем

Максім Стаськоў суправаджае нас на лясную дарогу, каб мы паглядзелі на тэхналогію абароны прыроды. Убачыць на высокім ствале маленькую цёмную «скрыначку» ўдалося не адразу.

– Вось і добра! – усміхаецца Максім. – Часцей за ўсё мы яшчэ і галінкамі камеры маскіруем, каб незаўважна было.

Прымацоўваецца фотапастка да дрэва пры дамамозе рамянёў. Апаратуры не шкодзіць ні дождж, ні вецер. Яна вытрымлівае тэмпературу ад -30 да +60 градусаў. На корпусе ёсць датчыкі руху, таму круглыя суткі здымкі фотапастка не робіць, толькі калі ў кадры з’яўляюцца чалавек, жывёла ці машына.

– На камеры можна наладзіць і відэарэжым, аднак фотаздымкаў хапае, да таго ж павялічваецца тэрмін працы. Удзень яна «бачыць» на адлегласці да 30 метраў, уначы – да 20. У цемры здымаць дазваляе інфрачырвоны рэжым, праўда, фота атрымліваюцца чорна-белымі.

На фотаздымку фіксуюцца не толькі дата і час, але і тэмпература паветра і фаза месяца. Якасць малюнка можна настроіць розную – ад 5 да 12 мегапікселяў, але пры любым варыянце твары і нумары машын бачныя добра. Прасцей за ўсё пакараць парушальніка, калі смецце ў лес той прывозіць на аўтамабілі.

Трактар са смеццем

– Вызначыць, на каго аформлена машына, нескладана, – Максім неаднойчы падшываў такія здымкі да адміністрацыйных спраў. – А вось калі чалавек ідзе пешшу… Ну няма ў міліцыі спецпраграм па распазнаванні твараў, таму прыходзіцца станавіцца следчым і апытваць мясцовых жыхароў, кансультавацца з леснікамі. Зараз я рыхтую матэрыял у суд. Яшчэ ўзімку каля вёскі Грабаўка мужчына гадоў сарака трапіў у кадр: вёз на санках незаконна нарыхтаванае галлё. Дапамаглі ў лясніцтве, парушальніка апазналі. Нават расказалі, што з прутоў ён вяжа венікі на продаж. На павесткі ён не рэагаваў, таму зараз вырашаць яго лёс будзе суд.

У гэтым выпадку доказная база больш чым надзейная. У бягучым годзе ў Гомельскім лясгасе да адказнасці ўдалося прыцягнуць траіх – за смецце і парушэнне пажарнай бяспекі. У некалькі разоў больш тых, каго апазнаць так і не ўдалося. Яшчэ адна цяжкасць – парушальнікі на машынах з замежнымі нумарамі. Тыя ж расіяне не саромеюцца спыняцца каля абочыны, каб выкінуць пакет са смеццем у лес. Адзінай інфармацыйнай базы паміж суседнімі дзяржавамі няма, таму, нават даказаўшы віну госця краіны, спецыялісты лясной гаспадаркі разводзяць рукамі: вадзіцель ужо на тэрыторыі Расіі.

Максім Стаськоў папярэджвае: парушальнікаў наказваюць строга.

– Зразумела, калі ты адну паперку кідаеш пад дрэва, абыдзецца папярэджаннем. А вось калі звозіш смецце – да 20 базавых велічынь фізічнай асобе, 50 – індывідуальнаму прадпрымальніку, 300 – юрыдычнай асобе.

Захады, што прадпрымаюцца, усё ж дзейсныя: выпадкаў парушэння становіцца менш. Дапамагаюць і размовы са старшынямі садовых таварыстваў, і штрафы, і псіхалагічны фактар. Адзін аднаму мясцовыя перадаюць: на дрэвах камеры! Зараз у Гомельскай вобласці ўстаноўлена 100 фотапастак. За год – гэта дзясяткі прыцягнутых да адказнасці, у 2016-м іх было 39. Аднак, па словах начальніка аддзела аховы і абароны лесу Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання Дзмітрыя Ятчанкі, у хуткім часе колькасць камер павялічыцца і ахопіць большую тэрыторыю. Калі не будзе дажджоў, спецыялісты прагназуюць, што праз тыдзень-два ўвядуць забарону на наведванне лясоў. Тады фотапасткі стануць яшчэ больш актуальнымі. Дапамогуць не толькі пакараць парушальнікаў, але і своечасова ўбачыць агонь, які пасля сябе часта пакідаюць адпачывальнікі.

Вольга Вальчанка, «Рэспубліка», 30 чэрвеня 2017 г.
(фота – Гомельскі лясгаз)