/ / Общественно-политические и в области права
29.06.2017

Тэрмін за захоўванне наркотыкаў можа паменшыцца. Унясенне такой папраўкі ў Крымінальны кодэкс актыўна абмяркоўваюць дэпутаты

Аб гэтым заявіла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аксана НЯХАЙЧЫК на круглым стале на тэму «Жанчыны супраць п'янства і наркотыкаў», які прайшоў у Мінскім абласным клінічным цэнтры «Псіхіятрыя – наркалогія». У мерапрыемстве прынялі ўдзел жанчыны-дэпутаты, члены пярвічнай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Таблеткі

– Сёння атрымалася такая сітуацыя, што за самую нязначную канфіскацыю наркатычнага сродку, напрыклад у студэнтаў, – скажам, у маладога чалавека знайшлі 1 грам спайсу – даюць максімальнае пакаранне. Мы ўжо ўздымалі гэтае пытанне дэпутацкім корпусам, каб было дыферэнцыяванае пакаранне ў залежнасці ад знойдзенай колькасці наркатычнага рэчыва, – растлумачыла дэпутат. – Мы размаўлялі аб гэтым і з Міністрам МУС, пытанне ўвесь час паднімаецца. Мы спадзяёмся, што нам удасца гэта зрабіць, бо ўсё ж такі нельга за 1 грам знойдзенага спайсу даваць 5 гадоў – столькі ж, колькі за кілаграм больш моцнага наркатычнага рэчыва.

Што датычыцца тэрмінаў з'яўлення магчымых паправак у Законе, то пакуль аб канкрэтных датах гаварыць рана. «Хочацца спадзявацца, што за гэты выбарчы тэрмін, за чатыры гады, мы зробім гэта, аднак я баюся даваць нейкія прагнозы, паколькі пытанне знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі», – сказала дэпутат.

Акрамя таго, на думку члена Пастаяннай камісіі, праваахоўным органам неабходна змяніць падыход ў гэтым кірунку. «Мне хацелася б, каб праваахоўныя органы працавалі больш эфектыўна, працавалі ў тым ліку на прафілактыку. Бо прафілактыка ў дарослым асяроддзі – гэта праца ўчастковага інспектара, – адзначыла Аксана Няхайчык. – На жаль, сёння гэтая работа праводзіцца па факце. У тым сэнсе, што меры прымаюцца, калі правапарушэнне ўжо здзейснена».

Нагадаем, Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» уступіў у сілу з 1 студзеня 2015 года. У першую чаргу, ён накіраваны на барацьбу з распаўсюджваннем і ўжываннем псіхатропных рэчываў, у тым ліку са спайсамі.

У дакуменце прапісаны больш жорсткія меры пакарання за названыя правапарушэнні: за збыт наркотыкаў пры наяўнасці абцяжваючых абставін (напрыклад, пры знаходжанні асабліва небяспечных рэчываў) можна атрымаць 15 гадоў зняволення, за продаж наркотыкаў заведама непаўналетняй асобе таксама да 15 гадоў, а за незаконны абарот наркатычных рэчываў у складзе злачыннай групоўкі можна атрымаць да 20 гадоў пазбаўлення волі.

За менш сур'ёзныя парушэнні таксама прадугледжаны немалыя тэрміны: так, абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў можна атрымаць за захоўванне наркотыку без мэты збыту. Пры гэтым, тэрмін зняволення не залежыць ад колькасці наркотыку – 5 гадоў можна атрымаць як за 1 грам, так і за 10.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, «Звязда», 29 чэрвеня 2017 г.