/ / Общественно-политические
19.06.2017

Як злачынцаў вызначаюць па голасе – падрабязна аб працы экспертаў-фонаскапістаў

«Школа замiнiравана!»: так раней вучнi зрывалi кантрольныя работы. Праўда, пасля iм даводзiлася шкадаваць аб сваiм учынку: бацькоў прымушалi плацiць велiзарны штраф, а непаўналетняга жартаўнiка маглi i на прафiлактычны ўлiк паставiць. Нябачны фронт работ па падобных справах тут прыпадае на экспертаў-фонаскапiстаў, якiм i трэба высветлiць iсцiну.

Фонаскапічная экспертыза

Якiм чынам? Аб гэтым «Звяздзе» расказаў галоўны эксперт аддзела тэхнiчных экспертыз упраўлення спецыяльных i тэхнiчных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камiтэта судовых экспертыз па горадзе Мiнску, маёр юстыцыi Аляксандр Давiдовiч.

– Даводзiлася чуць, што гэты вiд экспертызы праводзiцца з удзелам некалькiх спецыялiстаў. Цi насамрэч гэта так?

– Фонаскапiчная экспертыза складаецца з двух вiдаў даследавання – лiнгвiстычнай i iнжынернай экспертыз. Iнжынер даследуе тэхнiчныя характарыстыкi гуку, высвятляе наяўнасць цi адсутнасць прыкмет мантажу i наўмысных змен у запiсе. Злачынцы ў нас цяпер хiтрыя i добра падкаваныя ў тэхнiчным плане. Але i мы да гэтага заўжды гатовы. Лiнгвiсты ж займаюцца аўдытыўнымi асаблiвасцямi голасу i вымаўлення асобных гукаў i фраз у цэлым. I на аснове гэтага мы даём заключэнне, цi належыць гаворка ўдзельнiка размовы пэўнай асобе.

Голас можа паведамiць аб сваiм уладальнiку вельмi шмат: пол, узрост, псiхiчны стан, эмацыйны стан. Асаблiва гэта важна для раскрыцця так званага тэлефоннага тэрарызму, калi людзi, не вельмi здаровыя псiхiчна, школьнiкi, п'яныя i неўраўнаважаныя асобы паведамляюць пра тое, што нейкi аб'ект замiнiраваны.

– Гадоў 10–15 таму некаторыя вучнi вельмi любiлi зрываць такiм чынам урокi ў школах. А як з гэтым справы цяпер?

– У тыя часы «тэлефонны тэрарызм» быў вельмi вялiкай праблемай для нас i праваахоўных органаў. Але цяпер экспертыз па гэтых справах мы робiм значна менш. У нас створаны базы галасоў, мы пастаянна праводзiм прафiлактычныя гутаркi з вучнямi. I тлумачым, што нiчога добрага ад iлжывых званкоў для iх не будзе.

– А з якiмi справамi звязана цяпер большасць фонаскапiчных экспертыз?

– Як правiла, гэта расследаванне злачынстваў, звязаных з карупцыяй i незаконным абарачэннем наркотыкаў. Што да працягласцi запiсаў, то тут нейкай сярэдняй лiчбы не iснуе. Напрыклад, паведамленнi «тэлефонных тэрарыстаў», як правiла, непрацяглыя па часе. А вось калi расследуецца справа аб дачы буйнога хабару, то тут ужо iх даўжыня можа вымярацца i дзясяткамi гадзiн. I вось усё гэта нам трэба адслухаць разам з лiнгвiстамi i дасканальна перанесцi на паперу ў максiмальна кароткi тэрмiн.

– А цi робяцца экспертызы для фiзiчных асоб?

– Так, але на платнай аснове. Вось за мiнулы год у нас назбiралася каля 10 такiх матэрыялаў. Як правiла, гэта сямейна-бытавыя справы. Напрыклад, муж i жонка не могуць падзялiць дзяцей падчас разводу цi спрачаюцца наконт маёмасцi.

– Колькi без перапынку можа працаваць эксперт з запiсам?

– Па рэгламенце гэты тэрмiн не можа перавышаць 4 гадзiн. Пасля гэтага часу наступае эфект «замыленасцi» вуха. Але гэта не азначае, што астатнюю палову працоўнага дня мы сядзiм i адпачываем. Бо экспертыза – гэта не толькi праслухоўванне запiсу, але i складанне шырокага заключэння, каб пасля падчас судовага пасяджэння ў бакоў не было магчымасцi прычапiцца да нашай работы.

– Як праводзiцца iдэнтыфiкацыя чалавека, чый голас гучыць на запiсе?

– Ад iнiцыятара, што прызначае экспертызу, паступаюць узоры голасу асобы, якая параўноўваецца. Гэта фанетычна збалансаваны тэкст. Затым мы робiм «нарэзку» асобных фраз, адтуль выдаляюцца ўсе шумы i застаецца толькi чысты голас. Лiнгвiсты даследуюць асаблiвасцi гаворкi, я ж займаюся тэхнiчным бокам. Апаратна-праграмны комплекс вылiчвае пэўныя тэхнiчныя параметры гаворкi. I на аснове гэтага робiцца экспертнае заключэнне.

– Колькi часу працягвалася самая доўгая экспертыза?

– Згодна з нарматыўнымi прававымi актамi Дзяржаўнага камiтэта судовых экспертыз Рэспублiкi Беларусь, яна не можа доўжыцца больш за трыццаць дзён. Мы ўкладваемся ў гэты тэрмiн, але бывала так, што даводзiлася выконваць экспертызы амаль упрытык – за 22–27 дзён. Самi разумеем, што зацягваць работу нельга, бо экспертыз трэба праводзiць шмат. Самая доўгая праца датычылася расшыфроўкi i апрацоўкi запiсаў, звязаных з адной справай аб фiнансавых махiнацыях. Было створана прыкладна каля двух дзясяткаў фiрмаў-аднадзёнак, праз якiя пракручвалiся вялiкiя грошы для таго, каб сысцi ад выплаты падаткаў. Следства нам выдала больш за дзве сотнi запiсаў, многiя з iх – працягласцю больш за адну гадзiну. I вось каб вынесцi экспертнае заключэнне, нам спатрэбiлася роўна 30 сутак.

– Мабыць, вы станавiлiся сведкам таго, што падазраваныя iмкнулiся падрабiць свой голас...

– Нядаўна ў нас была такая экспертыза. Мужчына патрабаваў грошы за вырашэнне аднаго пытання, якое нiбыта ўваходзiла ў яго кампетэнцыю. Натуральна, што з яго боку гэта быў падман. Была заведзена крымiнальная справа, а ў матэрыялы справы лягла фанаграма. Падазраваны пры ўзяццi ўзораў голасу i гаворкi пачаў размаўляць не сваiм натуральным голасам. Але квалiфiкаваных экспертаў, якiя сутыкалiся з гэтымi хiтрыкамi не адзiн дзясятак разоў, не падманеш. I камп'ютарныя праграмы таксама паказвалi, што голас ненатуральны. Факт падроблiвання голасу быў тут жа вылiчаны. З чалавекам пагутарылi, растлумачыўшы, што падманваць – не выхад. I ён загаварыў сваiм звычайным голасам...

А неяк мы праводзiлi экспертызу па справах так званага тэлефоннага тэрарызму: чалавек званiў i паведамляў пра нiбыта замiнiраваныя аб'екты, якiя знаходзяцца... на тэрыторыi Расii. Гэта былi дзяржаўныя ўстановы, цягнiкi i аэрапорты.

Валяр'ян ШКЛЕННIК, «Звязда», 19 чэрвеня 2017 г.