/ / Общественно-политические и в области права
07.06.2017

Як павысіць эфектыўнасць дзейнасці мясцовых дэпутатаў у вырашэнні праблем занятасці насельніцтва?

Як павысіць эфектыўнасць дзейнасці мясцовых дэпутатаў у вырашэнні праблем занятасці насельніцтва? Гэта пытанне стала тэмай гутаркі нашага карэспандэнта з доктарам эканамічных навук, прафесарам, академікам НАН Беларусі, даследчыкам практыкі дзяржаўнага кіравання, экспертам Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Пятром НІКІЦЕНКАМ.

Пётр Нікіценка

– Так атрымалася ў маім жыцці – амаль што на самым яго пачатку мяне неаднойчы выбіралі дэпутатам: Цэнтральнага і Маскоўскага (тады яшчэ) райсаветаў сталіцы, гарадскога Савета Мінска. За гэты досвед я потым неаднойчы сказаў дзякуй лёсу. Тыя гады мне шмат чаго далі, асабліва ў сэнсе вывучэння тонкасцяў і асаблівасцяў узаемаадносін насельніцтва і мясцовай улады, набыцця навыкаў работы з людзьмі, прыцягнення іх да работы на грамадскіх пачатках. Мы, дэпутаты, тады разам з жыхарамі сваіх выбарчых акруг шмат рабілі карыснага для паляпшэння ўмоў іх жыцця: займаліся арганізацыяй дзяжурстваў дружын па ахове парадку на вуліцах, стварэннем паркаў і сквераў, добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый, у прыватнасці будаўніцтвам спартыўных і дзіцячых пляцовак. З удзелам дэпутатаў рабілася шмат карыснага.

– Пётр Георгіевіч, аднак і часы былі іншыя... Сумняваюся, што тады дэпутаты райсаветаў працаўладкоўвалі сваіх выбаршчыкаў, бо беспрацоўя амаль не існавала. Наадварот, паўсюдна каля прахадных прадпрыемстваў пастаянна віселі аб'явы: патрабуюцца, патрабуюцца... Не хапала рабочых рук. Сёння ж райсаветам даводзіцца займацца і пошукам працы для тых, хто страціў яе. Аднак ёсць аб'ектыўныя прычыны запаволенай работы мясцовай улады ў гэтым кірунку. Як іх вырашыць?

– Дзеянні мясцовых Саветаў яшчэ ў многім абмежаваны і стрымліваюцца недасканаласцю прававой сістэмы дзяржавы. У дадзеным выпадку, у сферы занятасці. Гэта, як паказалі спрэчкі вакол вядомага Дэкрэта №3, даволі тонкая справа. Не так проста адказаць на пытанне, каго лічыць занятым ці незанятым чалавекам. Каб потым нядобразычліўцы не вешалі на яго крыўдны ярлык тунеядца.

Мы пад занятасцю традыцыйна разумеем фармалізаваны (працоўная кніжка, загад аб прыёме на работу і г. д.) удзел у дзейнасці дзяржаўнай ці недзяржаўнай структуры. Такі падыход, на мой погляд, састарэў, бо ён не адлюстроўвае сапраўднай занятасці чалавека працай. Я ў першую чаргу маю на ўвазе вядзенне хатняй гаспадаркі і выхаванне дзяцей. Гэта ж вельмі працаёмкі від занятку для жанчын. Без іх жадання не дасягнуць 20-мільённага насельніцтва Беларусі. У нас знаходжанне ў дэкрэтным водпуску не залічваецца ў працоўны стаж, бо гэта ж «водпуск»! А на самай справе – складаная і адказная праца.

Як вядома, пры СССР так званыя горадастваральныя прадпрыемствы нярэдка выступалі галоўным працадаўцам, служылі базай і гарантам нармальнага жыцця ў невялікіх гарадах і пасёлках: заробак, сацыялка, добраўпарадкаванне вуліц, двароў і г. д. Цяпер такія заводы амаль не ўзводзяцца, нямала сярэдніх савецкіх прадпрыемстваў у рынкавых умовах не вытрымалі канкурэнцыі, закрыліся або з'яўляюцца стратнымі. А праца, як асноўная крыніца заробку, людзям патрэбна.

– У прыклад часта прыводзяць Злучаныя Штаты, іншыя развітыя краіны. Там людзі самі шукаюць лепшую працу, часта пераязджаюць туды, дзе адкрываюцца прывабныя вакансіі. Ці можна такі падыход узяць за ўзор?

– Часткова. У адрозненні ад амерыканцаў, большасць якіх у душы мігранты, нашы людзі не схільныя ў масавым парадку пераязджаць на новае месца. Я не ўпэўнены, што гэты працэс у нас набудзе шматлікіх прыхільнікаў. Змена месца жыхарства дзеля новай, няхай і перспектыўнай і выгаднай, работы, пацягне за сабой шмат іншых праблем. Лічу, што працоўныя месцы неабходна ствараць у канкрэтных раёнах і населеных пунктах, дзе ёсць значная колькасць свабоднай рабочай сілы.

А колькі перспектыў для самазанятасці адкрывае для жанчын і мужчын праца на зямлі ў тых раёнах, якія мы называем глыбінкай?! І не абавязкова ў калектыўнай аграрнай гаспадарцы. Скажам, чаму б главе сямейства, працавітаму беларускаму мужыку, не займець прысядзібную гаспадарку? Гадоўля жывёлы і птушак, розныя віды рамёстваў, аказанне дробных гаспадарчых паслуг, утрыманне невялікай гасцінічкі ў маляўнічай мясцовасці на некалькі ложкаў можа стаць асноўным законным месцам працы. Гэта выдатны шлях для самарэалізацыі вясковага чалавека, самазабеспячэння сабе і сваіх дзяцей сродкамі для існавання. Моладзь можа актыўна выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэту для дыстанцыйнай працы па месцы жыхарства. Такіх выпадкаў становіцца ўсё больш.

– Як мясцовай уладзе больш актыўна ўключыцца ў працэс пашырэння надомнай працы на сваіх тэрыторыях?

– Пакуль юрыдычна статус самазанятасці заканадаўцы і юрысты дакладна не вызначаць, рэзервы самазанятасці будуць знаходзіцца ў рэжыме чакання. І тым самым перашкаджаць мясцовым уладам кваліфікавана займацца справай працаўладкавання на сваіх тэрыторыях.

Пакуль хатнія гаспадаркі афіцыйна не будуць прызнаныя сферай сацыяльнага ўзнаўлення, мы пастаянна будзем спрачацца вакол таго, хто ўтрыманец, а хто не. Нагадаю яшчэ раз, нараджэнне і выхаванне дзіцяці як будучага працаўніка – важная шматмэтавая задача, у тым ліку і эканамічнага характару. Яе вырашэнне мы чамусьці не лічым вытворчай працай. Да апошняй памылкова працягваем адносіць занятых пераважна ў рэальнай эканоміцы. Сёння гэта няправільна. Занятасць у хатняй гаспадарцы, напрыклад, жанчыны, асабліва ў шматдзетнай сям'і, павінна набыць працоўны статус, а не адносіцца, скажам, да хобі.

– Але тут, відаць, спатрэбяцца змены ў заканадаўстве...

– Абавязкова. Прычым канкрэтныя: занятасць у хатняй гаспадарцы павінна будзе лічыцца працоўнай дзейнасцю з налічэннем працоўнага стажу, вызначэннем механізма выплат у пенсійны фонд, ажыццяўленнем іншых працэдур. Паглядзіце прынятую ў свеце статыстыку. Там даўно ўжываецца тэрмін «хатняя гаспадарка» як важны фактар эканамічнага жыцця краіны.

– А ці не пераацэньваеце вы патэнцыял хатніх гаспадарак для далейшага развіцця занятасці і самазанятасці?

– Не. Па вялікаму рахунку мы да яго задзейнічання яшчэ і не прыступалі. Так, нешта робіцца, і ўсё. Тут на першае месца выходзіць, вобразна кажучы, неабходнасць пэўнага разняволення мясцовай улады ў сферы занятасці вясковага насельніцтва, жыхароў маленькіх гарадкоў і пасёлкаў. На жаль, у мясцовай улады няма законных рычагоў самастойна вызначаць спосабы ажыццяўлення сваёй працоўнай палітыкі. Ужо надышоў час асобныя правы цэнтра дэлегаваць органам мясцовай улады, каб іх прадстаўнікі не ўдакладнялі бясконца розныя дробязі, не раіліся пастаянна з абласным начальствам.

Надышоў час мяняць адначасова і падатковую сістэму, якая пакуль яшчэ носіць фіскальны характар і тым самым стрымлівае эканамічнае развіццё хатніх гаспадарак і малога прадпрымальніцтва. Так можна «грузіць» да пэўнай мяжы, а потым – што? Закрыццё, апатыя, незадаволенасць усім і ўсімі... Нам гэта трэба? Не.

Таму, на мой погляд, заканадаўцы і юрысты зараз апынуліся ў своеасаблівым даўгу перад той часткай працаздольнага насельніцтва краіны, якое ў сілу пэўных абставін трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю. Ад яго вяртання цяпер у многім залежыць вырашэнне злабадзённых праблем.

Леанід ЛАХМАНЕНКА, «Звязда», 7 чэрвеня 2017 г.
(фота –Яўген ПЯСЕЦКІ)