/ / Общественно-политические и в области права
13.07.2017

Як засцерагчы кватэру ад злодзеяў. Кватэрныя зладзеі ўвесь час павышаюць кваліфікацыю, але ўправа на іх ёсць

Старая англійская прыказка гаворыць: мой дом – мая крэпасць. І задача гаспадара – зрабіць гэтую самую крэпасць як мага больш непрыступнай. Праўда, ва ўсе часы знаходзіліся тыя, хто спрабаваў квапіцца на чужое дабро. Цяпер жа абараніць ад такіх нязваных гасцей сваё жытло вельмі проста дзякуючы каналам сувязі. Але і выкраданне маёмасці з кватэр і дамоў у мінулае, на жаль, не сышло...

Крадзеж

Крадзяжоў стала меней на траціну...

– Гэтыя злачынствы складаюць больш за 63% ад усіх злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, – расказвае намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела «І» 2-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Андрэй Мікуліч. – Год ад году іх колькасць аднак змяншаецца.

А выкрывальнасць іх, наадварот, павялічваецца. Напрыклад, возьмем 2007 год. Па краіне тады было здзейснена 102 тысячы крадзяжоў. Здолелі тады раскрыць не больш за траціну такіх злачынстваў. За 2016 год зарэгістравана ўжо 37 тысяч крадзяжоў. Падзенне – амаль утрая! І раскрывальнасць наблізілася да паловы выпадкаў. 45% зламыснікаў – людзі, раней асуджаныя за крадзеж. Большасць з іх нідзе не працуе і не вучыцца. У сукупнай масе крадзяжоў асноўная іх частка мае дачыненне да жылых дамоў і кватэр. Гэта прыблізна 40–45%. А вось, напрыклад, выкраданне маёмасці з аўтамабіляў сустракаецца нашмат радзей.

Існуе думка, што металічныя дзверы і процьма замкоў абароняць кватэру ад аматараў квапіцца на чужое дабро. Гэты стэрэатып як узнік у 90-я, так нікуды і не падзеўся. Але і «кваліфікацыя» зладзеяў на месцы два з лішнім дзясяткі гадоў таксама не стаяла.

– Сёлета ў сакавіку затрымалі арганізаваную злачынную групу, якая на працягу некалькіх гадоў здзяйсняла кваліфікаваныя кватэрныя крадзяжы ў Мінску і іншых гарадах – Брэсце, Гродне – шляхам падбору ключа, – працягвае Андрэй Мікуліч. – Прычым працавалі так прафесійна, што ў кватэры не заставалася ніякіх слядоў таго, што тут нехта быў. А праз тыдзень-другі гаспадары высвятлялі, што грашовая «заначка» кудысьці падзелася ці некуды прапалі дарагія ўпрыгажэнні...

...але на сігналізацыі эканоміць усё ж не варта

– На сёння самы эфектыўны сродак абароны вашага жылля і маёмасці – заключаны з намі дагавор, – расказвае намеснік начальніка ўпраўлення сродкаў і сістэм аховы Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Алег ШАБЛЫКА. – Мы цяпер сцеражом больш за 170 тысяч кватэр і дамоў. Кошт нашых паслуг за месяц складае ўсяго 7 беларускіх рублёў. Праўда, неабходна будзе выдаткаваць грошы на абсталяванне кватэры сігналізацыяй. А вось гэты цэннік вар'іруецца ў залежнасці ад таго, на якім паверсе знаходзіцца ваша кватэра, і ад яе метражу. Напрыклад, поўная блакіроўка аднапакаёўкі на першым паверсе абыдзецца ў суму 350 рублёў, бо пранікнуць туды можна не толькі праз уваходныя дзверы, але і праз вокны, разбіўшы шкло. Таму датчык у кожным памяшканні, якое мае акно, будзе ўсталяваны абавязкова. Акрамя таго, у стандартны камплект сістэмы ўваходзяць магнітакантактны апавяшчальнік, які рэагуе на адкрыццё дзвярэй, і інфрачырвоны выпраменьвальнік у калідоры, які кантралюе выхады з пакояў і праход каля ўваходных дзвярэй. Яны, як правіла, ставяцца на прамежкавых паверхах дома. Сёлета кватэрных крадзяжоў з ахоўваемых кватэр за пяць месяцаў не было. Хаця спроб пранікнуць туды было некалькі дзясяткаў. Між іншым, карыстальнікі ахоўнай сігналізацыі атрымліваюць прыемны бонус. Наша абсталяванне рэагуе на цеплавое выпраменьванне. І дзякуючы гэтаму былі своечасова выяўлены 6 пажараў.

Вор

На канчатковы кошт абсталявання могуць паўплываць і архітэктурныя асаблівасці дома.

– Напрыклад, вы жывяце на другім паверсе, і ваша акно выходзіць роўненька на дах казырка пад'езда. Ці ля якога-небудзь з вокнаў праходзіць пажарная лесвіца, – пералічвае магчымыя сітуацыі начальнік Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Беларусі Юрый ФЕДАРЭНКА. – У такім выпадку ў гэтым памяшканні абавязкова будуць усталяваны датчыкі на разбіццё шкла і на рух. Але «экіпіраваць» падобным чынам кватэру можна на любым паверсе. Усё залежыць ад жадання заказчыка. А для фізічных асоб мы прапануем сістэму трывожнай кнопкі, якая каштуе штомесяц тры з паловай рублі. Таксама ў нашым арсенале ёсць кнопкі пацвярджэння зняцця кватэры з сігналізацыі. Скажам, вы трапілі ў кватэру пад прымусам. Але калі ад вас у пэўны тэрмін не паступіць сігнал на пульт, то да вас выедзе група затрымання.

Датчыкі спрацоўваюць на вагу і памеры. Ёсць апавяшчальнікі з «імунітэтам» ад жывёл. Але калі ваш гадаванец занадта вялікі, то мы не зможам дапамагчы. Напрыклад, няма датчыкаў, якія б не рэагавалі на сабаку вышынёй у холцы, скажам, сантыметраў 80. Але і сэнсу ў гэтым няма. Памеры гэтай жывёлы супастаўныя з памерамі чалавека. А мэта сігналізацыі якраз у тым, каб засячы ў кватэры пабочных асоб.

Доўгія гады сігналізацыя падключаецца пераважна з дапамогай тэлефоннага кабеля. І калі раней усе кабелі сувязі былі медныя, то і ахоўная апаратура доўгі час выпускалася менавіта для іх. Але тэхналогіі змяніліся ў апошні час.

– Цяпер РУП «Белтэлекам» у Мінску актыўна замяняе кабелі сувязі, – працягвае Юрый Федарэнка. – На змену класічнай медзі прыходзіць оптавалакно. Што гэта азначае для жыхароў? Калі ў кагосьці яшчэ застаўся стары працуючы тэлефонны кабель, то мы можам прапанаваць падключыцца па GSM-канале з выкарыстаннем паслуг аператараў сотавай сувязі Velcom і МТС. А апараты, якія працуюць толькі па медзі, мы ўжо не ставім. Таму што не выключана, што праз месяц туды прыйдуць прадстаўнікі «Белтэлекама» і абвесцяць пра тое, што медзь мяняецца на оптавалакно. І чалавеку давядзецца мяняць сістэму сігналізацыі за свой кошт. Гэта было б з нашага боку няправільна. Зрэшты, калі вядома, што оптавалакно падключаць літаральна праз некалькі тыдняў ці пару месяцаў, то мы можам прапанаваць апарат, які разлічаны на работу з оптавалакном, але абсталяваны спецыяльным адаптарам для работы па старой тэлефоннай лініі. Праўда, гэта будзе каштаваць крыху даражэй.

– А што будзе, калі я забыўся зняць кватэру з сігналізацыі, але ў яе ўвайшоў? – пацікавіўся я.

– На першы раз мы ніякіх штрафных санкцый не ўжываем. Міліцыянеры адпрацуюць выклік і правядуць тлумачальную гутарку. А вось калі вам захацелася другі раз патрэніраваць групу затрымання – то ўжо, калі ласка, сплачвайце штраф у 5 рублёў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 13 ліпеня 2017 г.