/ / Общественно-политические и в области права
12.07.2017

Што новага ў сацыяльным абслугоўванні? У Беларусі з'явяцца замяшчальныя сем'і для старых

Плануецца, што ў найбліжэйшы час у нашай краіне будуць уведзены новыя формы сацыяльнага абслугоўвання і стандарты якасці сацыяльных паслуг. Спросціцца і працэдура дзяржаўнага сацыяльнага заказу. Гэтыя і іншыя навацыі прадугледжаны Законам «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні».

Помощь пожилым людям

«Замяшчальная сям'я»: што гэта такое

Штогод павялічваецца сярэдняя працягласць жыцця. Але пры гэтым адначасова становіцца больш старых, у тым ліку адзінокіх і адзінока пражываючых. А гэта значыць, расце колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні. У апошнія гады ў нашай краіне актыўна ўкараняліся новыя віды сацыяльных паслуг. Гэта і сацыяльная перадышка, і сацыяльны патранат, і суправаджанае пражыванне, і паслугі няні. Зараз, каб яшчэ больш грамадзян, што маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, атрымалі яго, Законам уведзена яшчэ адна форма сацыяльнага абслугоўвання – замяшчальная сям'я. Гэта свайго роду аналаг прыёмнай сям'і.

Як паведаміла начальнік аддзела адраснай сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Фёдарава, любая фізічная асоба пры жаданні зможа ўдзельнічаць у абслугоўванні пажылога чалавека ці інваліда (які павінен быць паўналетнім), але пры гэтым іх не павінны звязваць адносіны, якія абавязваюць Законам утрымліваць дадзенага грамадзяніна. Прадугледжана, што яны будуць разам жыць і весці агульную гаспадарку.

Мяркуецца, што аказанне такіх паслуг некаторым катэгорыям непрацаздольных грамадзян будзе выплатным.

Пры арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання ў замешчанай сям'і будзе заключацца трохбаковы дагавор. Бакамі такога дагавора будуць выступаць фізічная асоба, якая ўзяла на сябе абавязкі па доглядзе, непрацаздольны чалавек, якога даглядаюць, і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які будзе суправаджаць такую сям'ю.

На практыцы такая сацыяльная тэхналогія ў нашай краіне ўжо апрабаваная і існуе, адзначае Таццяна Фёдарава. Цяпер яна замацавана і заканадаўча.

Каб рынак сацыяльных паслуг развіваўся

Згодна з Законам «Аб сацыяльным абслугоўванні», што быў прыняты ў новай рэдакцыі ў 2013 годзе, прадугледжана прыцягненне юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў да аказання сацыяльных паслуг і рэалізацыі сацыяльных праектаў. Гаворка ідзе аб дзяржаўным сацыяльным заказе, дзякуючы якому некамерцыйныя арганізацыі могуць прэтэндаваць на субсідыі дзяржавы ў гэтай сферы.

Гэта дазваляе прыцягнуць у сістэму сацабслугоўвання дадатковыя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы і сфарміраваць рынак сацыяльных паслуг. Новым Законам прадугледжана ўдасканаленне механізма дзяржаўнага сацыяльнага заказу, што павінна пашырыць кола ўдзельнікаў рынку сацыяльных паслуг і палепшыць іх якасць.

Так, дагавор паміж мясцовымі органамі ўлады і грамадскай або недзяржаўнай арганізацыяй, якая збіраецца працаваць у рамках дзяржаўнага сацыяльнага заказу, будзе заключацца на тэрмін да пяці гадоў. Да апошняга часу такія дагаворы заключаліся, як правіла, на адзін год, але заўважылі, што, пакуль пройдуць усе ўзгадненні, будуць выдзелены грошы, часу на аказанне сацыяльных паслуг звычайна застаецца не так ужо і шмат.

Яшчэ адна змена датычыцца сітуацыі, калі ў конкурсе на выкананне дзяржаўнага сацыяльнага заказу ўдзельнічала толькі адна арганізацыя. Цяпер, калі яна адпавядае ўсім неабходным патрабаванням, будзе лічыцца, што конкурс адбыўся. Такое змяненне вельмі актуальнае для раёнаў, дзе не так шмат недзяржаўных арганізацый, якія хацелі б удзельнічаць у падобных конкурсах.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны таксама адзначаюць, што цяпер мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы атрымалі паўнамоцтвы па пашырэнні пераліку аказаных дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання сацыяльных паслуг, а таксама катэгорый грамадзян, якія маюць права на іх атрыманне.

Законам замацавана і магчымасць аказання сацыяльных паслуг на падставе трохбаковага дагавора, які мы ўжо згадвалі, расказваючы пра замешчаныя сем'і. Заканадаўчае замацаванне трохбаковага дагавора дазволіць членам сям'і, дзе ёсць, напрыклад, асобы з псіхічнымі захворваннямі, а таксама іншым фізічным і юрыдычным асобам выступаць трэцім бокам у дагаворы і аплачваць сацыяльныя паслугі, у тым ліку пры арганізацыі догляду ў псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах на платнай аснове.

Святлана БУСЬКО, «Звязда», 12 ліпеня 2017 г.