/ / Общественно-политические и в области права
30.01.2017

Пры аптымізацыі дзяржаўных органаў нельга скарачаць навуковае ядро – Міхаіл Мясніковіч

Падчас аптымізацыі структуры органаў дзяржаўнага кіравання і расходаў на ўтрыманне кіруючага звяна нельга пайсці па шляху скарачэння супрацоўнікаў, што займаюцца інавацыйнымі даследаваннямі. Пра гэта на ўрачыстых мерапрыемствах Дня беларускай навукі сказаў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, усе пытанні, звязаныя з аптымізацыяй колькасці работнікаў і фінансавання дзяржаўных структур, ні ў якім разе не павінны паўплываць на развіццё навуковай сферы.

Дзень навукі, 2017

Гэта, дарэчы, зусім невялікія выдаткі, – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. – Але часам нашы вучоныя проста не ўмеюць сябе адстаяць. З іншага боку, некаторыя кіруючыя асобы, якія, можа быць, не маюць такой істотнай функцыі, умеюць сябе, што называецца, прыгожа падаць. Таму мы будзем усімі спосабамі абараняць тых, хто стварае новае і прарыўное.

Акрамя таго, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што работа па развіцці кірунку саюзных навукова-тэхнічных праграм з Расіяй заслугоўвае крытыкі. Працэс іх адбору і зацвярджэння застаецца бюракратызаваным, а з боку Саюзнага камітэта не паступае ініцыятыў па ўдасканаленні гэтых працэсаў. Сёння менш за палову сродкаў саюзнага бюджэту накіроўваецца на праграмы Саюзнай дзяржавы.

Падчас рэспубліканскага сходу навуковай грамадскасці, што адбыўся ў Дзень беларускай навукі, найлепшым навукоўцам і даследчыкам краіны былі ўручаны ўзнагароды. Так, ад Нацыянальнай акадэміі навук былі адзначаны аўтары топ-10 фундаментальных даследаванняў за 2016 год. Працавала таксама выстава дасягненняў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ў краіне, удзел у якой узялі прадстаўнікі 78 навуковых арганізацый, а ўсяго было прадстаўлена больш за паўтысячы распрацовак.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ, «Звязда», 28 студзеня 2017 г.