/ / Общественно-политические
26.01.2017

Чаму гараджане, якія трымаюць сабак, парушаюць закон? Дэпутаты і абаронцы жывел шукаюць рашэнне праблемы

Ларыса падабрала калматага дварняка, якога назвала Манюняй, на аўтастаянцы каля супермаркета «Гіпа». Проста ўбачыла яго, і ўздрыгнула сэрца. Жанчына элементарна пашкадавала сабаку, ды і чужых дзяцей, на вачах якіх таго магла ў любы момант раздушыць чыясьці машына. Пакідаць у сябе не планавала, але нікуды ўладкаваць не атрымалася – ну, не выкідваць жа зноў бедную жывёліну на вуліцу! Так і засталася Манюня ў цёплай кватэры, стаўшы паўнапраўным членам сям'і. Але, як толькі сабака пасяліўся ў доме, аказалася, што Ларыса стала парушальніцай закона...

Выгул сабак

«Два разы на дзень, раніцай і ўвечары, я выводжу Манюню на прагулку, – расказвае Ларыса. – Бяру з сабой шуфлік і пакет, усё як належыць. Выгульваць сабаку вяду ў размешчаны непадалёк лесапарк Мядзведжына. Так, там стаяць таблічкі: выгул сабак забаронены. Але куды яшчэ весці жывёліну? Ёсць пляцоўка для выгулу, але яна абсалютна непрыдатная для гэтых мэт, там усё паламана! Яна не агароджана, а знаходзіцца, між іншым, побач з дзіцячай пляцоўкай. Невядома, дзе яна пачынаецца і дзе заканчваецца, – па якім перыметры там выгульваць сабаку. Ды і, каб патрапіць туды, трэба ехаць на грамадскім транспарце некалькі прыпынкаў. А ў сабакі свае патрэбы, ён цярпець не будзе...»

Сітуацыя, да болю знаёмая практычна кожнаму гараджаніну, які мае сабаку... І правакуе нямала канфліктаў. У спрэчкі з Ларысай і іншымі сабачнікамі, што выгульваюць сваіх гадаванцаў у лесапарку, нярэдка ўступаюць аматары прагулак і прабежак. Яно і зразумела, усе ведаюць, як на бегуна звычайна рэагуюць сабакі. А калі жывёла яшчэ без ланцужка... Даходзіла да таго, што асобныя аматары спорту здымалі ўсё на відэа і пагражалі міліцыяй.

Ніхто не абаронены

Яшчэ адзін балючы момант тычыцца таго, што сабачнікі абавязаныя прыбіраць пасля сваіх гадаванцаў. У горадзе гэта цалкам нармальная мера.

Уся Еўропа жыве па такіх правілах. Калі чалавек не выконвае гэтага прадпісання, то павінен быць пакараны. Але кім? Хто будзе гэта кантраляваць? Ніхто! Гэта нідзе не прапісана.

Калі побач раптам акажацца міліцыянер, то пры вялікай вашай настойлівасці ён можа скласці на парушальніка пратакол. І ўсё! На гэтым справа заглухне. Яна можа зрушыцца з мёртвага пункта хіба што тады, калі вы звернецеся ў суд. Але хто пойдзе падаваць заяву ў суд з такой нагоды? А між тым любая маці, прыходзячы ў дзіцячую паліклініку, бачыць маляўнічы плакат аб тым, што ў сабачых адходах могуць знаходзіцца паразіты, небяспечныя для здароўя...

Але вернемся да выгулу нашых чацвераногіх сяброў. Куды пайсці з сабакам? «Няма куды, – кажа Ларыса. – Вакол дома нельга – гэта прыдамавая тэрыторыя, на якой забаронена выгульваць жывёл. Пляцоўка далёка, не абсталяваная, ды і па ідэі яна патрэбна для заняткаў з сабакам, а для прагулак не падыходзіць. Паспрабуйце самі гуляць дзень пры дні па перыметры клеткі...».

Атрымліваецца, ніхто з нас – ні сабачнікі, ні тыя, хто скардзіцца на іх, – не абароненыя ў належнай меры.

Мад­лен, прын­цэ­са Шве­цыі, пры­бі­рае за сва­ім са­ба­кам

Патрэбны закон, які будзе працаваць

Многія з існуючых цяпер забарон для сабачнікаў не працуюць, таму што яны, па-першае, не забяспечаны належнай інфраструктурай, і, па-другое, ніхто не сочыць за іх выкананнем. Нам патрэбен закон, у якім будзе выразна прапісана, дзе, у якіх умовах і якіх жывёл можна ўтрымліваць... І каб ён рэальна працаваў.

– Такі законапраект цяпер распрацоўваецца, – сцвярджае старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Юрый Дарагакупец. – Разлічваем прыняць яго ў першым чытанні гэтай вясной. У красавіку 2016 года было праведзена яго грамадскае абмеркаванне... Усяго за гэты час паступіла больш за тысячу прапаноў ад грамадзян.

Цяпер дзейнічаюць правілы ўтрымання свойскіх жывёл. У іх агаворана, што выгульваць сабак неабходна ў спецыяльна адведзеных месцах. Адміністрацыі раёнаў павінны дакладна вызначыць месцы выгулу сабак. У новым законапраекце гэта будзе прадугледжана. Таксама будзе прадугледжана чыпіраванне асабліва небяспечных парод. Лічу, што нашы людзі на цяперашні момант не гатовыя да паўсюднага чыпіравання свойскіх жывёл. Калі мы будзем прымушаць гэта рабіць, палова сабак і катоў апынецца на вуліцы. Іх выганяць, і бяздомных жывёл стане яшчэ больш...

У абаронцаў жывёл ёсць прапановы

Старшыня праўлення дабрачыннага аб'яднання «Заашанс» Вольга Карпава, якая ўваходзіла ў рабочую групу па распрацоўцы Закона аб абыходжанні з жывёламі, кажа: «Мы прапаноўвалі ўвесці павышаны падатак на нестэрылізаваных гадаванцаў, каб скараціць колькасць бяздомных жывёл. Так прынята ў большасці краін. Калі ваш гадаванец нестэрылізаваны, значыць, вы або атрымліваеце нейкі прыбытак ад яго, або проста ствараеце пагрозу мясцоваму бюджэту, які аддае грошы на адлоў бяздомных, нікому не патрэбных жывёл. Так што такі крок здаецца разумным і рацыянальным. Аднак Міністэрства па падатках і зборах не падтрымала такую норму. Хоць у нас сёння велізарная праблема з бяздомнымі жывёламі. Іх адлоўліваюць і жорстка забіваюць нярэдка на вачах у дзяцей.

У нас наогул можна забіць жывёлу, і ў абсалютнай большасці выпадкаў вам нічога за гэта не будзе. І ў нашым грамадстве, аказваецца, нямала жывадзёраў. Мне даводзілася бачыць жывёл, у якіх была здзёртая скура...

Мы таксама прапаноўвалі рэгістрацыю з дапамогай чыпіравання, каб мець магчымасць ідэнтыфікаваць кожную жывёліну. Думаю, кожны ўладальнік у стане «адшкадаваць» адзін раз 10 долараў у эквіваленце на чып для свайго гадаванца, які будзе выкарыстоўвацца на працягу ўсяго жыцця жывёлы. Гэта не такія вялікія траты. І ад дзяржавы чыпіраванне не запатрабуе ніякіх капіталаўкладанняў – трэба будзе толькі стварыць сервер і вылучыць адну працоўную адзінку на ўсю краіну – чалавека, які будзе гэтым займацца.

На Захадзе ўсе жывёлы чыпіраваныя і ў большасці сваёй стэрылізаваныя. У гэтым выпадку чалавек не зможа выкінуць свайго гадаванца на вуліцу – з дапамогай чыпа яго імгненна «вылічаць» і ён атрымае велізарны штраф».

І сабачнікі падцягнуцца...

У Еўропе забарон, звязаных з жывёламі, мінімум. Там можна зайсці з сабакам нават у краму ці рэстаран, з ёю можна шпацыраваць па парку, прычым без намордніка... Іншая справа, што ўладальнік павінен сачыць за сваім гадаванцам, каб той не стварыў ніякіх нязручнасцяў навакольным людзям. І там уладальнікі сабак адказна ставяцца да іх выхавання. Яны разумеюць, што ў выпадку чаго заплацяць велізарны штраф, а потым яшчэ дадаткова за курсы дрэсіроўкі жывёл, якія іх абавяжуць прайсці.

У нас жа, нават калі мы прымем закон, – няма нікога, хто б сачыў за яго выкананнем. ЖКГ гэтым відавочна займацца не будзе. Гэта значыць, трэба, акрамя самога закона, прымаць дакументы, якія рэгламентавалі б яго выкананне.

Але калі закон будзе працаваць, то ўладальнікі сабак «падцягнуцца» пад яго выкананне. Вось у нас цяпер вельмі дысцыплінаваныя пешаходы, але так было не заўсёды. Калі сталі штрафаваць людзей, якія пераходзяць на чырвонае святло, то і з'явіліся тыя самыя законапаслухмяныя пешаходы, якія мы сёння. Тут тая ж сістэма. Калі дзяржава зверне ўвагу на праблемы сабачнікаў, пакажа сваю зацікаўленасць, то ў нас будуць дысцыплінаваныя ўладальнікі сабак. Ну, а калі будуць уводзіцца абмежаванні ці забароны, але не з'явіцца рэальных умоў для іх выканання, то незадаволенасць будзе толькі расці. І грамадзяне вымушаны будуць штодня парушаць закон.

На працягу ўсёй гісторыі людзі жылі побач з жывёламі, і няма аніякіх прычын думаць, што цяпер яны адмовяцца ад гэтай звычкі. Многія сем'і заводзяць хатніх гадаванцаў, таму што хочуць, каб іх дзеці навучыліся дабрыні, клопату і міласэрнасці. А для кагосьці сабака або кошка можа стаць адзінай аддушынай, выратаваннем ад адзіноты. Чалавечая патрэба даваць і атрымліваць любоў і цеплыню невыкараняльная! Патрэбны толькі дакладныя правілы гульні, каб мы маглі ўтрымліваць сваіх свойскіх жывёл так, як гэта прынята ў цывілізаваных краінах.

І аб падатку...

Між іншым кожны гараджанін, які мае сабаку, павінен зарэгістраваць яе і аплаціць адпаведны падатак. Хоць павінен – яшчэ не значыць, што плаціць.

Як заявіла нам начальнік аддзела добраўпарадкавання, санітарнага стану і работы з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Маргарыта Язінская, усяго ў сталіцы за мінулы 2016 год было выяўлена 299 незарэгістраваных сабак. Гэтая лічба грунтуецца на звестках з дзяржаўных ветэрынарных станцый, якія абавязаны паведамляць у органы ЖКГ аб усіх незарэгістраваных жывёлах, з якімі да іх звярнуліся ўладальнікі.

Але, думаецца, рэальныя лічбы незарэгістраваных жывёл нашмат большыя, бо многія ўладальнікі сабак звяртаюцца ў прыватныя ветклінікі, якія ніякіх даных нікуды не адпраўляюць.

Каб скласці хоць бы прыблізнае ўяўленне аб тым, колькі незарэгістраваных жывёл можа пражываць у сталіцы, мы ў рэдакцыі вырашылі правесці невялікі эксперымент. Для гэтага палічылі колькасць сабак у адным з пад'ездаў шматкватэрнага жылога дома, размешчанага ў Савецкім раёне сталіцы. Іх аказалася шэсць. Затым мы пацікавіліся ў старшага майстра ЖЭУ №1 Савецкага раёна, якому належыць гэты дом, Ірыны Кот, колькі сабак зарэгістравана ў гэтым пад'ездзе. Аказалася, усяго адзін!

Калі ўявіць, што ў сярэднестатыстычным пад'ездзе пражывае дзесьці пяць-шэсць незарэгістраваных сабак, і ў кожным доме, напрыклад, 6 такіх пад'ездаў, то акажацца, што ў адным толькі доме можна налічыць каля 30 няўлічаных жывёл. А цяпер уявім сабе, колькі дамоў у амаль двухмільённым горадзе...

«Большасць уладальнікаў жывёл не плацяць падаткі прынцыпова, хаваючы сваіх сабак, – упэўненая гераіня нашага артыкула Ларыса. – Але калі б яны бачылі, што грошы ідуць на стварэнне пляцовак для выгулу, людзі б плацілі гэты падатак. Таму што большасць уладальнікаў жывёл любяць сваіх гадаванцаў».

«Праблема ў тым, што падаткі, якія плацяць уладальнікі сабак, а дакладней не плацяць, не ідуць на жывёл, – кажа Вольга Карпава. – Яны паступаюць перш за ўсё на ўтрыманне «Фаўны горада» – арганізацыі, якая займаецца адловам жывёл, іх часовым утрыманнем і эўтаназіяй».

Святлан Бусько, «Звязда», № 17 (28381), 26 студзеня 2017 г.
(фота – Сяргей Нікановіч)