/ / Общественно-политические и в области права
25.01.2017

Як дэпутат дапамагаў засыпаць катлаван: Валерый Барадзеня расказаў пра сваю працу ў акрузе

Гэта адзін з самых вядомых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў мінулага склікання. Вядомы не толькі сярод палітыкаў, але і сярод выбаршчыкаў, Валерый БАРАДЗЕНЯ, дэпутат ад Васняцоўскай выбарчай акругі № 93 сталіцы, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, быў перавыбраны другі раз. Ён асабіста ведае значную частку сваіх выбаршчыкаў, знаёмы з іх жыццём і патрэбамі. Пра тое, як яму працуецца ў акрузе, Валерый Барадзеня расказаў нашаму выданню.

Валерый Барадзеня

На першым месцы скаргі

– У мінулым 2016 годзе асноўнай падзеяй для дэпутатаў былі выбары ў Палату прадстаўнікоў, – звяртае ўвагу ён. – У выніку сфарміраваўся новы склад, і гэта пэўнага роду стрэс: само сабой, для палітычнай сістэмы, для сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Новы склад парламента маладзейшы, чым мінулы. Мяне радуе, што будзе пераемнасць, таму што больш за чвэрць складаюць дэпутаты, якія маюць пэўны вопыт. Мне здаецца, новы склад Палаты прадстаўнікоў паспяхова пераняў эстафету, калектыў фарміруецца. Думаю, мы зможам прадукцыйна працаваць – як гэта было ў мінулыя чатыры гады.

Што да работы ў акрузе, то па рэгламенце Палаты прадстаўнікоў дэпутатам адводзіцца на гэта тыдзень.

– Мы з маёй памочніцай Антанінай Піліпаўнай Зінкевіч вядзём прыём – першы і другі панядзелак кожнага месяца. Мае выбаршчыкі ведаюць пра гэта.

І калі дэпутаты з рэгіёнаў вымушаны даваць у газеты аб’явы пра прыёмы – таму што, як правіла, не заўсёды атрымліваецца быць у акрузе ў адзін і той жа час кожны месяц, – то сталічнаму дэпутату, па словах суразмоўцы, з гэтым прасцей.

– У Мінску акругі вельмі кампактныя. У мяне, напрыклад, недзе пяць на пяць кіламетраў. Такім чынам, тыя два дні прыёму мяне цалкам задавальняюць. Ёсць пастаянныя «кліенты». У асноўным прыходзяць са скаргамі. Натуральна, хацелася б, каб была, як належыць па тэорыі, нейкая заканадаўчая ініцыятыва...

Людзі скардзяцца на ЖКГ, на мясцовыя ўлады. Але самае сумнае і непрыемнае – калі яны скардзяцца на сваякоў, адзін на аднаго. Гэта ўвогуле катастрофа! Тут можна толькі развесці рукамі, бо гэта міжасобасныя адносіны. Калі людзі пачынаюць так скардзіцца, даводзіцца тлумачыць, што ніхто ім не дапаможа – акрамя, хіба што, іх саміх.

У сярэднім у кожны «прыёмны» панядзелак прыходзяць пяць-дзесяць чалавек. Калі дачны перыяд пачынаецца, то наведвальнікаў становіца менш.

З кім перапісваюцца дэпутаты?

– Даволі шмат паступае сацыяльна значных калектыўных зваротаў – напрыклад, абрэзаць дрэвы. Або дом прамярзае, і мясцовая ўлада ніяк не можа вырашыць праблему. Неяк скардзіліся, што вырасла бяроза на даху. Згодна з Законам «Аб зваротах грамадзян», калі да нас прыходзяць калектыўныя звароты, мы іх накіроўваем тым, хто павінен вырашаць гэтыя пытанні. Калі пад зваротам падпісалася больш чым 30 чалавек, то пытанне разглядаецца з выездам на месца. Мы павінны туды прыехаць і самі на прычыну звароту паглядзець.

Парламентарый падкрэслівае, што з выканаўчай уладай як у Заводскім раёне, так і ў Ленінскім заўсёды атрымліваецца знайсці агульную мову. Некаторыя пытанні вырашаюцца вельмі марудна, таму што патрабуюць фінансавання. Тым не менш яны вырашаюцца.

– Быў выпадак з катлаванам, які ледзь закапалі. Ён пятнаццаць гадоў быў разрыты! Прыватнік выкупіў участак, раскапаў яму, паставіў палі – і знік. Скаргі ж пайшлі ад школы – калі выпадаў снег, дзеці ішлі ў гэты катлаван, каб пакатацца з горкі. Там арматура, жалеза. Дырэктар баяўся, што хто-небудзь разаб’ецца. Усё-такі праблему вырашылі, катлаван закапалі – пасля доўгай перапіскі. Тут жа юрычныя пытанні: каму належыць, хто павінен адказваць. А бізнесмен на судовыя пасяджэнні не прыходзіў.

Дэпутат таксама з усмешкай успамінае, як яны з Антанінай Піліпаўнай лазілі ў падвалы. Былі неаднаразовыя скаргі ад людзей на тое, што падвалы затапляе. Схадзілі, паглядзелі – сапраўды. Пасля запрасілі прадстаўнікоў улады, каб тыя таксама пабачылі на свае вочы, што адбываецца, а не прыкрываліся адпіскамі. Скаргі, адзначае Валерый Барадзеня, могуць быць якімі заўгодна, але ж трэба праверыць, ці так яно на самай справе.

– На жаль, у органы мясцовай улады часам прыходзяць людзі без вопыту работы, якія не зусім разумеюць місію сваёй дзейнасці. Можна дзейнічаць у рамках закона, але не бачыць, што ідзеш супраць сацыяльна скіраванай палітыкі дзяржавы. Выразна рэгламентаваць кожны крок кожнага чалавека ў законах немагчыма ўвогуле!

Валерый Анатолевіч ганарыцца выпадкам, калі ўдалося дапамагчы пажылой жанчыне. Сітуацыя была такая. Муж і жонка пражылі ўсё жыццё ў службовым памяшканні, якое калісьці выдзялялі дворнікам. Падышоў час прыватызацыі. Аказалася, што муж яе адпрацаваў толькі восем гадоў у гэтай сістэме з неабходных 10, а яна адпрацавала 30. Але ордар на службовае памяшканне ў далёкіх 70-х гадах быў аформлены менавіта на мужа. Такім чынам, жанчына не магла прыватызаваць кватэру.

– Але ж да 90-х гадоў у нас не было раздзялення «муж – жонка», асновай ўсяго была сям’я. Нікому ў галаву не магло прыйсці ў той час: з-за таго, што муж памяняў работу, ордар перапісваць на яго жонку... Недзе год мы змагаліся, і ўсё-такі жанчына, нарэшце, змагла прыватызаваць кватэру.

Замест ініцыятывы – канцэпцыя

– Былі і заканадаўчыя ініцыятывы – тыя, што я ўнёс і ў сваю выбарчую праграму, а цяпер імкнуся неяк рэалізоўваць, – расказвае Валерый Барадзеня. – Супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, напрыклад, распрацавалі цэлую канцэпцыю дэкрыміналізацыі заканадаўства.
Валерый Анатолевіч дастае гэтую канцэпцыю.

– Я паслаў яе ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў. Але і сам ёй карыстаюся. Вось, напрыклад, ёсць распрацоўка па ўдасканаленні сістэмы мер адміністрацыйна-крымінальнай адказнасці за правапарушэнні ў сферы эканамічнай дзейнасці. Нават склалі праект указа Прэзідэнта. Натуральна, гэта тое, для чаго дэпутаты і працуюць. Калі прыходзяць з такога роду дакументамі, то гэта вельмі дапамагае.

Дарэчы, эканамічны ўніверсітэт знаходзіцца на тэрыторыі акругі дэпутата, яго калектыў і вылучыў Валерыя Барадзеню падчас парламенцкіх выбараў у 2012 годзе. Мой суразмоўца прызнаецца, што сувязяў з родным універсітэтам не парывае, працуе на кафедры лагістыкі і цэнавай палітыкі на палову стаўкі, і яго студэнты рэгулярна наведваюць Палату прадстаўнікоў.

Надзея ЮШКЕВІЧ, «Звязда», 25 студзеня 2017 г.
(фота – «Звязда»)