/ / Общественно-политические и в области права
25.01.2017

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч: трэба прыняць каля 120 нарматыўных актаў

Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч – пра...

Міхаіл Мясніковіч

...уцягванне ў гаспадарчы абарот камунальнай уласнасці

«У 2016-м планы па ўключэнні ў абарот камунальнай уласнасці выкананы ўсяго толькі на 65 %. З 1115 аб’ектаў 723 былі ўцягнутыя ў эканамічную дзейнасць. Пры гэтым Гродзенская вобласць спрацавала лепш за іншыя: выйшлі амаль на 100 %. У той жа час Віцебская – 47 %. Горш за ўсіх Мінск – 32 %. А Савет дэпутатаў павінен у першую чаргу гэтым займацца, таму што пытанне зямлі – гэта кампетэнцыя адпаведнага Савета».

...навуку

«Мы нядаўна з Уладзімірам Краўцовым (старшыня Гродзенскага аблвыканкама. – Аўт.) наведвалі Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі. Гэта досыць паспяховая навуковая арганізацыя, якая працуе па прыкладной тэматыцы. Яго дзейнасць дастаткова эфектыўная – толькі 11 % сродкаў ён бярэ з бюджэту, астатнія – зарабляе. Значыць, яго НДДКР (навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы. – Аўт.), селекцыйныя матэрыялы запатрабаваныя. А што ў іншых галінах? Паспяховыя тыя, хто ўкладвае ў перспектыўныя распрацоўкі».

...узаемадзеянне органаў мясцовага кіравання і самакіравання

«У цяперашні час склалася такая практыка, калі Саветы дэлегуюць свае паўнамоцтвы выканкамам. Наша заканадаўства гэта не забараняе, але Саветы дэпутатаў не павінны так працаваць. Возьмем бюджэтнае планаванне. Гэта ж выключная кампетэнцыя Савета, і ў нашым заканадаўстве замацаваны стабільныя крыніцы даходаў. Практыка паказвае, што Саветы фармальна падыходзяць да разгляду бюджэтаў і фактычна галасуюць за тое, што распрацавалі адпаведныя выканкамы. Я не заклікаю да канфрантацыі або перацягвання коўдры. Было б што дзяліць у гэтым бюджэце. Але разам з тым трэба глядзець, на якія мэты накіроўваюцца адпаведныя бюджэтныя сродкі і, можа быць, дзесьці больш акумуляваць сродкі для таго, каб яны давалі аддачу».

...бюракратыю

«Мы ў Савеце Рэспублікі распрацавалі адпаведны падыход: пры паспяховым выкананні заданняў пяцігодкі трэба прыняць каля 120 нарматыўна-прававых актаў. Гэта не толькі законы, але і ўказы, дэкрэты Прэзідэнта, распараджэнні ўрада для таго, каб прыбраць бюракратызм, які прысутнічае ў многіх, на жаль, кірунках дзейнасці. Гэта датычыцца не толькі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва або прыватнага бізнесу, вельмі шмат яшчэ непаваротлівасці ў рабоце дзяржаўных прадпрыемстваў. Трэба дапамагаць, але трэба і патрабаваць. У нас на кожным прадпрыемстве, у кожнай сельскагаспадарчай арганізацыі ёсць дэпутацкія групы, і неабходна, каб сесіі гарадскіх і раённых Саветаў разглядалі прынцыпова гэтую работу. Хоць на паперы ўсё як бы добра, фармалізму тут дастаткова».

...экспарт

«Мы кажам, што ў нас экспартаарыентаваная эканоміка. Гэта правільна, але ў сусветным экспарце доля Рэспублікі Беларусь – 0,18 %. Ды і доля Еўразійскага эканамічнага саюза ўсяго толькі 2,9 %. Мы яшчэ вельмі слабенькія экспарцёры, мы не ўмеем працаваць на знешніх рынках. На гэтым, вядома, адбіваецца тое, што ў нас была калісьці закрытая самадастатковая эканоміка. Але сёння вага знешняга гандлю цягне за сабой у тым ліку стабільнасць абменнага курсу нацыянальнай валюты. Не будзе экспартнай выручкі – не будзе ўстойлівай нацыянальнай валюты».

...Саюзную дзяржаву

«Савету Рэспублікі і Савету Федэрацыі, органам прадстаўнічай улады Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі неабходна скаардынаваць работу па гарманізацыі заканадаўства і паглыбленні інтэграцыйных працэсаў. Але мы павінны быць аб’ектыўнымі. Нягледзячы на 25-гадовыя інтэграцыйныя працэсы, у саюзным будаўніцтве, на жаль, так і не дасягнута галоўная мэта – стварэнне роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання нашых краін і для грамадзян Беларусі і Расіі. Часам і ў расійскіх СМІ, і з вуснаў палітыкаў Расіі даводзіцца чуць папрокі ў адрас беларусаў, што мы ўвесь час просім нейкія прэферэнцыі. Гэта зусім не так. Мы паслядоўна, аргументавана настойваем на роўных умовах для прадпрыемстваў і грамадзян на адзінай беларуска-расійскай прасторы».

Надзея АНІСОВІЧ, «Звязда», 25 студзеня 2017 г.
(фота – Сяргей НІКАНОВІЧ)