/ / Общественно-политические и в области права
21.01.2017

Аліменты можна выплачваць як грашыма, так і маёмасцю. Асаблівасці добраахвотнага пагаднення аб утрыманні непаўналетніх

З бацькам майго непаўналетняга сына мы не распісаны, аднак ён дае грошы на ўтрыманне малога. Мы хацелі б пісьмова аформіць дамоўленасць па пытанні матэрыяльнага забеспячэння дзіцяці. Ці магчыма зрабіць гэта добраахвотна, без звароту ў суд? Яшчэ хацелася б даведацца, ці можна адлюстраваць у гэтым дакуменце нейкія дадатковыя ўмовы, каб забяспечыць нашага сына ўсімі правамі адносна магчымасці атрымання грашовай дапамогі ад бацькі, асабліва калі ў яго з'явяцца яшчэ іншыя дзеці?

Раіса П., г. Паставы, Віцебская вобл.

Фото - газета «Звязда»

На пытанні адказвае Вольга Козел, кансультант упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі:

– Паколькі ў гэтай сітуацыі бацька добраахвотна выконвае абавязкі па ўтрыманні непаўналетняга сына, пры складанні пісьмовай дамоўленасці пра гэта можна абысціся без суда.

Заканадаўства дазваляе заключыць пагадненне аб утрыманні сваіх непаўналетніх і (або) непрацаздольных паўналетніх дзяцей, што маюць патрэбу ў дапамозе, – так званае Пагадненне аб выплаце аліментаў (далей — Пагадненне). Гэта магчыма, калі няма судовай пастановы (што ўступіла ў законную сілу), дзе вырашаны пытанні выплаты аліментаў, а таксама калі аліменты не выплачваюцца адпаведна ўмовам Шлюбнага дагавора ці Пагаднення аб дзецях.

Азначанае Пагадненне дазваляе без удзелу суда вызначыць парадак, форму, спосаб і ўмовы прадстаўлення ўтрымання дзецям, памер сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх (аліменты). Пры гэтым яно не павінна парушаць правы і інтарэсы дзіцяці. Дакумент заключаецца пісьмова і патрабуе натарыяльнага засведчання.

Пагадненне заключаецца паміж асобай, абавязанай выплачваць аліменты, і асобай, якая будзе іх атрымліваць. Як правіла, гэта бацькі дзіцяці. Аднак Пагадненне можа быць аформлена таксама паміж адным з бацькоў (плацельшчыкам аліментаў) і дзіцем ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў са згоды законнага прадстаўніка (другога з бацькоў, усынавіцеля, апекуна), а пры адсутнасці такіх асоб – органа апекі і папячыцельства.

Пагадненне пачынае дзейнічаць пасля яго натарыяльнага засведчання. Выключэннем з'яўляецца Пагадненне або яго асобныя ўмовы, у адпаведнасці з якімі ва ўласнасць дзіцяці перадаецца нерухомая маёмасць. Гэтыя палажэнні будуць уступаць у сілу пасля дзяржаўнай рэгістрацыі згаданага дакумента.

Індэксацыя аліментаў і іх выплата паўналетнім

У Пагадненні можна прадугледзець шэраг дадатковых дамоўленасцяў адносна спосабу, памеру, умоў і парадку выплаты сродкаў на ўтрыманне дзіцяці. Могуць таксама акрэслівацца формы і ўмовы наступлення адказнасці, калі абавязацельствы ў адпаведнасці з гэтым дакументам не выконваюцца або выконваюцца неналежным чынам.

Ва ўзгаданым дакуменце можа быць вызначаны памер аліментаў не ніжэй за суму аліментаў, якая спаганяецца ў судовым парадку ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і.

Пагадненне дазваляе ўстанавіць дадатковыя ўмовы ўтрымання дзіцяці. У прыватнасці, можна прадугледзець выплату грошай і паўналетняму падчас яго навучання.

Згодна з законам, аліменты можна выплачваць:

  • у працэнтных адносінах да заробку і (ці) іншага даходу аднаго з бацькоў, які мусіць плаціць аліменты;
  • у цвёрдай грашовай суме, якая выплачваецца перыядычна;
  • у цвёрдай грашовай суме, якая выплачваецца аднаразова;
  • шляхам перадачы маёмасці ва ўласнасць дзіцяці.

Хачу падкрэсліць, што вы можаце абраць любы, найбольш аптымальны спосаб з пералічаных, а таксама прадугледзець іх спалучэнне. Напрыклад, устанавіць памер аліментаў у цвёрдай грашовай суме, якая падлягае выплаце штомесяц, і дадаткова перадаць ва ўласнасць дзіцяці нейкую маёмасць, што належыць плацельшчыку аліментаў.

Пры першых двух вышэйзгаданых спосабах аліменты будуць выплачвацца перыядычна (штотыднёва, штомесяц, кожны квартал і іншае), што трэба ўрэгуляваць у Пагадненні.

У гэтым дакуменце можна акрэсліць таксама парадак індэксацыі памеру аліментаў, якія выплачваюцца ў цвёрдай грашовай суме. Калі гэты момант у Пагадненні не абумоўлены, то індэксацыя будзе праводзіцца прапарцыянальна павелічэнню базавай велічыні.

Пагадненнем вызначаецца канкрэтная форма выплаты аліментаў. Іх можна перадаваць наяўнымі сродкамі непасрэдна асобе, якая атрымлівае аліменты, або пералічваць безнаяўна на банкаўскі рахунак.

Штраф за пратэрміноўку

Мэтазгодна прадугледзець адказнасць плацельшчыка аліментаў за невыкананне або неналежнае выкананне дагаворных абавязацельстваў. Напрыклад, устанавіць няўстойку (штраф, пеня) за пратэрміноўку плацяжоў.

Калі сродкі на ўтрыманне малога не выплачваюцца добраахвотна ў адпаведнасці з умовамі, Пагадненне можна выканаць прымусова. Згодна з заканадаўствам Беларусі, гэты дакумент належыць да тых, што не патрабуюць дадатковага прызнання. Абапіраючыся на Пагадненне, суд выдасць выканаўчы дакумент, які стане падставай для прымусовага спагнання сродкаў. Пры выдачы выканаўчага надпісу суд правярае законнасць Пагаднення і выносіць матываваную пастанову аб выдачы ці адмове ў выдачы выканаўчага надпісу.

Пагадненне можа быць зменена ці скасавана па ўзаемнай згодзе бакоў у любы час. Пры гэтым заканадаўствам устаноўлены асаблівасці яго змянення ці скасавання, якія прадугледжваюць перадачу маёмасці ва ўласнасць дзіцяці. Азначаны дакумент можна змяніць ці скасаваць са згоды органаў апекі і папячыцельства, а ў выпадку набыцця непаўналетнім дзеяздольнасці ў поўным аб'ёме – са згоды дзіцяці. Змяненне або скасаванне Пагаднення патрабуе натарыяльнага засведчання.

Калі бакі не дасягнулі дамоўленасці пры істотным змяненні матэрыяльнага або сямейнага становішча ўдзельнікаў дакумента, то змяніць ці скасаваць яго можна праз суд. Пры разглядзе справы суд мае права ўлічваць любы інтарэс бакоў, які заслугоўвае ўвагі, у тым ліку і ўзяцце шлюбу, нараджэнне іншых дзяцей, звальненне з работы.

«Звязда» № 14 (28378), 21 студзеня 2017 г.

(фота – «Звязда»)