/ / Общественно-политические и в области права
20.01.2017

Што плануецца змяніць у Законе «Аб фізічнай культуры і спорце»: абмеркаванне прайшло ў Палаце прадстаўнікоў

Змяненні ў Закон «Аб фізічнай культуры і спорце» абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў.

Урокі фізкультуры ў школе

Іх дастаткова шмат, і закранаюць яны самыя розныя аспекты сферы. Учора на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы абмяркоўвалі, як можна зрабіць фізкультуру больш папулярнай сярод розных слаёў насельніцтва і што ў айчынным спорце трэба ўдасканаліць.
Што плануецца змяніць у Законе? Па-першае, тэрміналогію.

Мы шмат кажам пра тое, што ў нас ёсць заўзятары, страхавыя агенты, але такіх прававых статусаў на заканадаўчым узроўні няма, – звяртае ўвагу Ігар Невар, член названай Пастаяннай камісіі. – Зараз гэтыя тэрміны ўносяцца як афіцыйна прызнаныя. Акрамя таго, упершыню ў нас уводзіцца тэрмін «сцюард».

Вялікае значэнне мае тэхніка бяспекі і ўвогуле тэхніка правядзення спартыўных, спартыўна-масавых спаборніцтваў. Для гэтага ўводзіцца больш жорсткі рэжым пропуску на стадыёны. Напрыклад, на стадыёны забараняецца прыносіць рэчы, якія па сваіх параметрах перавышаюць дапушчальныя 40х40х45 сантыметраў, калі гэта не ўзгоднена з арганізатарамі мерапрыемстваў. Акрамя гэтага, забараняецца прыносіць іншыя прадметы, якія прызнаныя небяспечнымі – петарды, напрыклад.

Некаторыя навацыі законапраекта датычацца гатоўнасці будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для правядзення спартыўных мерапрыемстваў.
Ёсць асобны артыкул, скіраваны на масавую папулярызацыю здаровага ладу жыцця і развіцця спаборніцкіх рухаў.

Яшчэ адна змена ў Законе: даецца права мясцовым органам улады з мясцовых бюджэтаў стымуляваць і матываваць спартсменаў зборных каманд, выплачваць ім стыпендыі.

Раней гэтага не было. Тут мы разглядаем дваяка гэтае пытанне: ці гэта будзе рэспубліканскі фонд, ці мясцовы. Але гаворка ідзе пра рэспубліканскія і зборныя каманды па розных відах спорту.

У вышэйназваным законапраекце наша краіна карэктуе сваё заканадаўства з улікам новай версіі Сусветнага антыдопінгавага кодэкса. Там, у прыватнасці, прадугледжана забарона на супрацоўніцтва спартсменаў і іншых асоб, якія маюць прамыя прафесійныя адносіны да спорту, з персаналам спартсмена, абвінавачанага ў парушэнні антыдопінгавых правілаў або ў якіх-небудзь іншых дзеяннях, звязаных з выкарыстаннем допінгу. Як падкрэсліў намеснік Міністра спорту і турызму Аляксандр Дубкоўскі, дзяржава мае намер строга прытрымлівацца гэтай і іншых нормаў Кодэкса.

Надзея Юшкевіч, «Звязда», № 13 (28377), 20 студзеня 2017 г.