/ / Общественно-политические и в области права
19.01.2017

Як дэпутаты вучыліся карыстацца інфармацыйна-прававымі рэсурсамі: веды, неабходныя для выканання Плана падрыхтоўкі законапраектаў

Не так даўно кіраўнік дзяржавы зацвердзіў План падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 год. Прадугледжваецца распрацоўка 33 нарматыўных дакументаў у розных сферах: ад міжнародных адносін да рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Каб працаваць з такім грунтоўным пакетам, парламентарыям неабходна быць максімальна дасведчанымі. Учора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў удзельнічалі ў семінары па азнаямленні з інфармацыйна-пошукавай сістэмай «Эталон» і іншымі рэсурсамі Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў удзельнічаюць у семінары

У Палаце прадстаўнікоў новага склікання больш за 70% – новыя людзі, якія, безумоўна, у сваёй мінулай дзейнасці не займаліся норматворчасцю, – кажа Баляслаў Пірштук, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў. – Таму для іх вельмі шмат новага ў гэтай працы. Сёння мы праводзім семінар, таму што адаптацыя ўжо прайшла, амаль усе дэпутаты актыўна ўключыліся ў работу. Яны ўжо зразумелі, якім аб'ёмам інфармацыі трэба аперыраваць, каб прафесійна абмяркоўваць той ці іншы законапраект. Заканадаўства – гэта не мастацкая літаратура, тут паняцця «дробязь» не бывае. Нават перастаноўка коскі, змяшчэнне акцэнтаў могуць кардынальна сказіць сэнс таго ці іншага законапраекта.

Па словах Баляслава Пірштука, дэпутату трэба засвоіць і зразумець вельмі вялікі матэрыял. Гэта праблематычна, калі парламентарый не вельмі добра валодае інфармацыйным рэсурсам.

Нам важна, каб дэпутаты прафесійна выкарыстоўвалі інфармацыйныя рэсурсы, – заявіў Баляслаў Пірштук. – Дэпутат не можа выкарыстоўваць нечыя падказкі, ён павінен добра валодаць тэмай, якой прысвечаны чарговы законапраект. Нам хацелася б, каб усе дэпутаты ў роўнай ступені мелі агульнае ўяўленне пра нарматыўную базу, пра сітуацыю ў краіне – каб максімальна прасоўваць тыя законы, якія яны абмяркоўваюць. Гэта трэба і для таго, каб дэпутаты маглі прафесійна кантактаваць са сваімі выбаршчыкамі.

Галіна Філіповіч, член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, расказала журналістам пра планы работы Палаты прадстаўнікоў на гэты год.

Работа дэпутатаў, Пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў арганізавана ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на чарговы каляндарны год. Калі казаць пра план 2017 года, то мне хацелася б адзначыць, што права заканадаўчай ініцыятывы выкарыстоўвалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў, Савет Рэспублікі і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У план уключаны законапраекты, якія ахопліваюць у асноўным усе сферы жыццядзейнасці нашага грамадства і дзяржавы і накіраваны на рашэнне задач, якія былі пастаўлены на пятым Усебеларускім народным сходзе, на выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Дэпутаты таксама ініцыявалі змяненні ў два законы.

Надзея Юшкевіч, «Звязда», № 12 (28376), 19 студеня 2017 г.
(фота 
– «Звязда»)