/ / Общественно-политические
18.01.2017

Міхаіл Мясніковіч – пра ролю дэпутатаў розных узроўняў

У многім магчымасць людзей самім фарміраваць органы ўлады на месцах стала адным з самых важкіх дасягненняў савецкай дзяржавы. Аднак пасля яна распалася, і ў адрас органаў мясцовага самакіравання пасыпалася шмат заўваг. Тым не менш яны засталіся. Якая роля іх сёння? Ці патрэбна аптымізацыя мясцовых Саветаў? Якім павінна быць іх узаемадзеянне з парламентарыямі? На гэтыя і іншыя пытанні «МС» адказаў Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Міхаіл Мясніковіч

Чалавек – галоўная задача

– Mіхаіл Уладзіміравіч, Прэзідэнт нашай краіны неаднойчы адзначаў, што Беларусь – гэта дзяржава для народа, а ўважлівае стаўленне да чалавека – галоўная задача і вертыкалі ўлады, і народных выбраннікаў на ўсіх узроўнях. На Ваш погляд, на што сёння ў першую чаргу павінны быць нацэлены дэпутаты? Што павінна з’яўляцца галоўным аб’ектам іх увагі?

– Павышэнне жыццёвага ўзроўню беларускіх грамадзян – гэта галоўная мэта дзяржаўнай палітыкі і наша стратэгічная задача, якая вызначаецца пяццю найважнейшымі складнікамі: паўнавартасная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. Менавіта праз іх прызму варта разглядаць усю нашу далейшую працу. У рэалізацыі гэтай задачы павінны быць актыўна задзейнічаны парламентарыі, органы мясцовага кіравання і самакіравання.

Працуючы ў рэгіёнах, члены Савета Рэспублікі надаюць асаблівую ўвагу тым праблемам і недапрацоўкам, якія тармозяць развіццё падведамасных тэрыторый і перашкаджаюць людзям жыць больш годна. 

Новыя тэхналогіі, сучасныя вытворчасці – гэта добра, але за імі трэба бачыць чалавека, усё, што звязана з жыццём, побытам, культурай і дабрабытам нашых людзей.

Канструктыўнае супрацоўніцтва членаў Савета Рэспублікі з органамі прадстаўнічай улады ўсіх узроўняў, аблвыканкамамі дае магчымасць вырашаць шматлікія праблемы, якія выклікаюць негатыўны рэзананс у грамадстве, улічваць і выкарыстоўваць у заканатворчай дзейнасці парламентарыяў абагульненыя прапановы і пажаданні мясцовых Саветаў і дазваляе зрабіць працэс распрацоўкі і прыняцця законаў больш мабільным, узважаным і эфектыўным.

– Ці цалкам выкарыстоўваецца патэнцыял дзевятнаццаці тысяч дэпутатаў Саветаў дэпутатаў?

– Мясцовае самакіраванне – гэта не толькі інстытут публічнай улады, але і грамадскай самаарганізацыі. Сапраўды, праз мясцовы ўзровень улады пралягае самы кароткі і прамы шлях да вырашэння жыццёва важных праблем грамадзян. Акрамя таго, на мясцовым узроўні могуць найбольш поўна рэалізавацца прынцыпы «нізавой дэмакратыі», або, як яе яшчэ называюць, «дэмакратыі ўдзелу».

У сувязі з гэтым асаблівая ўвага да мясцовых Саветаў дэпутатаў, дэпутацкага корпуса з боку кіраўніка дзяржавы – гэта шчырае жаданне ператварыць іх у дзейсную сілу, накіраваную на вырашэнне пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва. У Саветах аб’яднана найбольш палітычна сталая і дасведчаная частка нашага насельніцтва. Праз Саветы дзясяткі тысяч грамадзян удзельнічаюць у кіраванні справамі дзяржавы і грамадства, гэта значыць – у ажыццяўленні рэальнай палітыкі. Дэпутаты з’яўляюцца злучальным звяном паміж уладай і народам – у гэтым вялікая адказнасць народных выбраннікаў перад грамадствам і дзяржавай.

Часам дэпутатаў крытыкуюць за тое, што яны недастаткова актыўныя, што пакуль далёка не заўсёды адчуваюцца іх роля і ўплыў пры вырашэнні праблем мясцовага жыцця, а прадастаўленыя заканадаўствам правы і паўнамоцтвы выкарыстоўваюцца вельмі нясмела. Шмат у чым гэта крытыка справядлівая. Дэпутаты, працуючы ў цесным кантакце з органамі выканаўчай улады на месцах, маглі б больш адчувальна ўплываць на кіраванне эканамічным і сацыяльным развіццём рэгіёнаў краіны, на больш эфектыўнае выкарыстанне ўнутраных матэрыяльных, працоўных, фінансавых, зямельных і іншых рэсурсаў.

Калі мы хочам, каб людзі праяўлялі самастойнасць і ініцыятыву, то трэба пачынаць з асветы. 

Таму ў цяперашніх умовах нельга разглядаць дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў па сацыяльна-эканамічным развіцці тэрыторыі ў адрыве ад ідэалагічнай работы. У сувязі з гэтым варта ўзмацніць працу дэпутатаў мясцовых Саветаў з маладзёжнымі аб’яднаннямі, вучнёўскай і студэнцкай моладдзю па павышэнні ўзроўню палітычнай адукаванасці, маральнасці, іх сацыяльнай і грамадзянскай актыўнасці. Усё гэта павінна стаць дадатковым рэсурсам (інтэлектуальным, чалавечым) у вырашэнні актуальных праблем дабрабыту насельніцтва ў рэгіёнах.

Для развіцця ёсць рэзервы

– Падчас ІІІ Форуму рэгіёнаў, які адбыўся летам у Мінску, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на важнасці ўдзелу мясцовага самакіравання ўсіх узроўняў у міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Наколькі актыўна падключыліся да гэтага рэгіёны?

– Правядзенне па ініцыятыве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі стала добрай традыцыяй. Ужо адбыліся тры такія форумы. У двух з іх прынялі ўдзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін. Форумы рэгіёнаў сталі сур’ёзнай пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу па розных напрамках супрацоўніцтва.

Сёння ў нас ёсць даручэнне прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна – шырэй выкарыстоўваць рэзервы рэгіянальнага супрацоўніцтва. Для выканання гэтага даручэння і рашэнняў трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі Саветам Рэспублікі і Саветам Федэрацыі ўжо рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў. Прынцыповымі пры гэтым з’яўляюцца некалькі навацый: гарманізацыя нарматыўных прававых актаў і правапрымяняльнай практыкі, прыярытэт эканамічнага супрацоўніцтва, уцягненне ў гэты працэс моладзі, а таксама апора на рэгіянальныя праекты і ініцыятывы.

У рамках рэалізацыі плана па актывізацыі супрацоўніцтва ў галіне мясцовага самакіравання паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй у жніўні 2016 года ў Магілёве адбыўся форум Магілёўскай вобласці Рэспублікі Беларусь і Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У яго ходзе абмяркоўваліся пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў сферы маладзёжнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве. Неабходна адзначыць, што мерапрыемства прайшло з высокай выніковасцю і мела практычны характар і эканамічную накіраванасць. У ходзе форуму былі падпісаны шэраг пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве і планы мерапрыемстваў па рэалізацыі гэтых пагадненняў паміж рэгіёнамі Магілёўшчыны і Браншчыны.

Магілёўская і Бранская вобласці з’яўляюцца піянерамі ў арганізацыі рэгіянальнага ўзаемадзеяння на прынцыпова новых умовах, таму гэта мерапрыемства па праву можна лічыць Днём рэгіёна і пачаткам вялікай працы.

Абяцае быць эфектыўным узаемадзеянне Брэсцкай і Ленінградскай абласцей. Варта адзначыць, што і іншыя рэгіёны рэспублікі актыўна ўключыліся ў гэту работу.

У цяперашні час рыхтуецца чацвёрты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён пройдзе летам 2017 года ў Маскве і будзе прысвечаны пытанням інтэграцыйнага развіцця рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства.

Удасканальваць тое, што маем

– Ці ёсць сёння неабходнасць у аптымізацыі сістэм прадстаўнічай улады, а менавіта яе нізавога ўзроўню?

– Пытанне рэфармавання сістэмы мясцовага самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь дэталёва вывучалася ў Савеце Рэспублікі, вядучымі навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

У якасці пераўтварэнняў прапаноўвалася, у прыватнасці, перайсці на двухузроўневае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне (вобласць – раён), а таксама ліквідаваць сельскія Саветы і іх выканкамы, замяніўшы іх мясцовай адміністрацыяй. Было прынята рашэнне аб тым, што на сёння няма палітычных, сацыяльных і эканамічных перадумоў для змены сістэмы мясцовага самакіравання, якая склалася ў краіне. Дадзеная прапанова падтрымана кіраўніком дзяржавы.

Лічу, што сёння з улікам новых рэалій часу трэба развіваць і ўдасканальваць існуючую сістэму мясцовага самакіравання, прымаць усе неабходныя меры для актывізацыі работы і павышэння адказнасці мясцовых Саветаў за рашэнне больш шырокага кола сацыяльна-эканамічных пытанняў і надзённых праблем людзей.

– У 2007 годзе пры Савеце Рэспублікі быў створаны Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання – для каардынацыі дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў. Якімі Вам бачацца сёння першачарговыя задачы гэтага органа?

– Савет быў створаны як калегіяльны дарадчы орган для распрацоўкі прапаноў па далейшым удасканаленні дзейнасці органаў мясцовага самакіравання і арганізацыі ўзаемадзеяння паміж імі і органамі дзяржаўнага кіравання.

Задача, якая вырашалася праз утварэнне такой структуры, – забеспячэнне каардынацыі ўзаемадзеяння паміж Саветам Рэспублікі, органамі мясцовага самакіравання і органамі дзяржаўнага кіравання з мэтай дасягнення канкрэтных вынікаў шляхам вывучэння актуальных праблем у рэгіёнах, іх аналізу і абагульнення. Савет закліканы павысіць эфектыўнасць прымаемых кіраўніцкіх рашэнняў і выпрацаваць дзейсны механізм «зваротнай сувязі» з насельніцтвам, а таксама садзейнічаць органам прадстаўнічай улады ў вырашэнні праблем людзей. Работа Савета на працягу амаль 10 гадоў дазволіла павысіць даступнасць і аператыўнасць вырашэння шматлікіх рэгіянальных і тэрытарыяльных праблем.

Аднак з улікам новых стратэгічных задач па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, выразна абазначаных на пятым Усебеларускім народным сходзе, у работу Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання неабходна ўнесці адпаведныя карэктывы.

У цяперашні час Саветам Рэспублікі прапрацоўваюцца новыя падыходы да далейшага развіцця мясцовага самакіравання ў краіне. 

Гэта работа накіравана на ўзмацненне ролі мясцовых Саветаў у вырашэнні праблем жыццезабеспячэння насельніцтва, на выпрацоўку механізмаў ініцыявання Саветамі прававога і арганізацыйнага вырашэння ўказаных пытанняў. У гэтых мэтах у Савеце Рэспублікі створана рабочая група пад кіраўніцтвам старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Папкова Аляксандра Андрэевіча. Пасля аналізу становішча спраў у рэгіёнах і дзеючага заканадаўства будуць выяўлены «вузкія» месцы ў працы мясцовых органаў улады, а таксама патэнцыйныя магчымасці і рэсурсы мясцовага самакіравання, якія зараз не выкарыстоўваюцца, і пабудавана адпаведная дакладная сістэма работы мясцовых Саветаў дэпутатаў па перспектыўных напрамках устойлівага развіцця падведамаснай тэрыторыі.

З людзьмі – напрамую

– Наколькі, на Ваш погляд, мэтазгодна падключэнне заканадаўчай улады на месцах не толькі да ўвасаблення законаў у жыццё, але і да абмеркавання асабліва сацыяльна значных законапраектаў на этапе іх падрыхтоўкі?

– Неабходна адзначыць, што ў любым дэмакратычным грамадстве заканадаўчая дзейнасць ажыццяўляецца з улікам грамадскай думкі. Англійскі філосаф Джон Сцюарт Міль лічыў юрыдычныя законы «штучнымі сацыяльнымі ўмовамі», якія вызначаюцца нацыянальным характарам, думкамі, «адчуваннямі», норавамі народа.

У сувязі з гэтым важнымі складнікамі работы над законапраектам з’яўляюцца прагназаванне наступстваў прыняцця закона, а таксама вывучэнне адносін грамадскасці і суб’ектаў гаспадарання да яго палажэнняў. Для ўліку рэальных патрэб грамадства і суб’ектаў гаспадарання, больш даступнага і зразумелага выкладу нормаў, што рэгулююць пэўную сферу грамадскіх адносін, праекты законаў, якія знаходзяцца на разглядзе ў парламенце, павінны шырока абмяркоўвацца з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, працоўнымі калектывамі і насельніцтвам. Уключэнне грамадскай думкі ў практыку распрацоўкі і прыняцця законапраектаў, рэалізацыі прававых рашэнняў – адна з асноўных умоў павышэння аўтарытэту членаў Савета Рэспублікі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сярод насельніцтва, што стварае аб’ектыўную сітуацыю для росту прававой актыўнасці людзей, уцягвання іх у заканатворчую дзейнасць па фарміраванні закона са змястоўнага боку, а ў канчатковым выніку – стварэння дзейсных законаў.

Пры рабоце над праектам павінны быць задзейнічаны веды парламентарыяў, іх жыццёвы вопыт, інтуіцыя, а таксама пазіцыі і рэкамендацыі не толькі навукоўцаў-юрыстаў, экспертаў, але і мясцовых органаў улады, тых, хто ўвасабляе законы ў жыццё. Заканадаўцу неабходны дакладныя веды аб аб’ектыўных патрэбах грамадства.

«Звязда», 18 студзеня 2017 г.
(фота – Юрый ІВАНОЎ)