/ / Общественно-политические
18.01.2017

Узмацненне мясцовага самакіравання – неадкладная задача дзяржавы – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Леанід Цупрык

Ці трэба чакаць змен у заканадаўстве, што рэгулюе працу органаў мясцовага кіравання і самакіравання? Як рэальна можа дапамагчы сваім выбаршчыкам дэпутат Палаты прадстаўнікоў? Ад чаго залежыць эфектыўнасць працы мясцовай улады? Пра гэта «МС» расказаў Леанід Цупрык, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Леанід Цупрык

– Як бы Вы вызначылі ролю мясцовага самакіравання, мясцовых дэпутатаў у дзяржаўным будаўніцтве?

– Вядома, што мясцовае самакіраванне – неад'емная частка грамадзянскай супольнасці. Яно ўяўляе сабой найважнейшую форму народаўладдзя, непасрэдна выражае волю народа і з'яўляецца адной з асноў дэмакратычнай дзяржавы. На мой погляд, мясцовае самакіраванне – адна з форм арганізацыі мясцовага дзяржаўнага кіравання. Мясцовая ўлада максімальна набліжана да насельніцтва, закранае інтарэсы кожнага чалавека, вырашае большасць яго надзённых праблем.

Органы мясцовай улады павінны іграць значную ролю ў сучасным грамадстве. На гэтым пастаянна акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у сваіх выступленнях, пасланнях беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. На маю думку, узмацненне значнасці мясцовага самакіравання з'яўляецца адной з неадкладных задач сучаснай дзяржавы.

– Над чым працуе ваша камісія – у плане ўдасканалення заканадаўства ў сферы мясцовага самакіравання?

– Сёлета Пастаянная камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце плануе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы і правядзенні парламенцкіх слуханняў, па пытаннях дзейнасці органаў мясцовага самакіравання, якія праводзяцца Палатай прадстаўнікоў. Акрамя таго, запланавана правядзенне некалькіх выязных пасяджэнняў Пастаяннай камісіі па гэтай тэме.

Варта адзначыць, што з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» зроблены сур'ёзны крок у бок еўрапейскіх стандартаў. Гэты Закон адказвае патрабаванням сённяшняга дня, адкрываючы пры гэтым вялікія перспектывы, асабліва ў плане работы мясцовай улады з насельніцтвам. Ён сістэматызуе і комплексна рэгулюе грамадскія адносіны ў галіне мясцовага самакіравання. Змяненні і дапаўненні ў гэты закон уносяцца перыядычна. Толькі за час, які прайшоў з моманту яго падпісання, навацыі прымаліся сем разоў.

Сённяшнія працэсы развіцця нашага грамадства патрабуюць пашырэння актыўнасці людзей у вырашэнні пытанняў мясцовага жыцця. Адпаведна гэтаму павінны садзейнічаць прававыя і арганізацыйныя высновы заканадаўства. Наша Пастаянная камісія, аснову якой складаюць дэпутаты-практыкі мясцовага кіравання і самакіравання, удзяляе значную ўвагу напрацоўцы варыянтаў заканадаўчых ініцыятыў па павышэнні эфектыўнасці мясцовага самакіравання.

– На якім узроўні цяпер знаходзіцца якасць паслуг насельніцтву ў розных сферах жыццядзейнасці?

– Эфектыўнасць работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання залежыць ад выбранай мадэлі кіравання, дастатковасці фінансавання для выканання сваіх функцый, развітасці формаў непасрэднага ажыццяўлення насельніцтвам мясцовага самакіравання, адказнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання перад насельніцтвам, а таксама актыўнасці насельніцтва, якое ажыццяўляе мясцовае самакіраванне.

У нас у краіне ідзе пастаянная работа над павышэннем якасці і забеспячэннем паўнаты паслуг, якія аказваюцца ўладай усіх узроўняў і іншымі арганізацыямі ў розных сферах. Ствараюцца такія ўмовы, пры якіх грамадзяне і прадстаўнікі юрыдычных асоб не будуць марнаваць час і сілы пры звароце ў дзяржаўныя органы і арганізацыі, якія аказваюць паслугі і забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва. Узровень паслуг адпавядае ўзроўню развіцця канкрэтнай адказнай галіны і яе ўстаноў, іх магчымасцям, а таксама залежыць ад узроўню кваліфікацыі кадраў, у тым ліку кіруючых. Тыя паслугі, якія непасрэдна аказваюць органы мясцовага кіравання і самакіравання, у значнай частцы рэгламентаваны адміністрацыйнымі працэдурамі сістэмы «Адно акно».

– Якая, на Вашу думку, роля дэпутата Палаты прадстаўнікоў у вырашэнні праблем сваёй акругі? Што рэальна ён можа зрабіць?

– Паўнамоцтвы дэпутата немалыя, ён упаўнаважаны праводзіць сходы выбаршчыкаў акругі, насельніцтва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, сустрэчы з калектывамі работнікаў. Дэпутат таксама ўдзельнічае ў пасяджэннях органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Бясспрэчна, без узаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады дэпутацкая дзейнасць была б значна больш складанай.

Хачу адзначыць, што ў праблемах выбарчай акругі добра разбіраюцца мясцовыя ўлады. І па большай частцы яны ўлічваюцца ў праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый. Але ёсць група пытанняў у грамадзян, калі яны хацелі б паскорыць тэрмін выканання работ, ёсць частка пытанняў, што маюць чыста арганізацыйны характар, ёсць скаргі на якасць паслуг...

На мой погляд, трэба больш увагі ўдзяляць інфармаванню людзей аб тым, дзе і кім павінны вырашацца іх пытанні, асабліва тыя, што падпадаюць пад юрысдыкцыю Грамадзянскага кодэкса. Часта людзі прыходзяць да дэпутата з крыўдамі і скаргамі, якія, акрамя судовых органаў, ніхто не мае права разглядаць.

У сваёй выбарчай акрузе падчас работы з насельніцтвам тлумачу найбольш значныя нарматыўна-прававыя акты і, у сваю чаргу, маючы зносіны з выбаршчыкамі, атрымліваю новыя заканадаўчыя ініцыятывы.

«Звязда», № 11 (28375), 18 студзеня 2017 г.
(фота 
– «Звязда»)