/ / Общественно-политические и в области права
17.01.2017

Што зменіць ў жыцці дзяржавы і яе грамадзян Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі?

Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь да 2020 года зацверджаны ў канцы мінулага года пастановай Савета Міністраў. Якія змены рэалізацыя гэтага дакумента ўнясе ў жыццё дзяржавы і яе грамадзян?

Як адзначаюць аўтары Нацплана, адной з галоўных перашкод устойлівага эканамічнага росту з'яўляецца пагроза скарачэння прыродных рэсурсаў і зніжэння якасці навакольнага асяроддзя. Паэтапнае пераўтварэнне нацыянальнай эканомікі краіны дазволіць прывесці да гармоніі эканамічных, экалагічных і сацыяльных інтарэсаў і ў канчатковым выніку – да павышэння ўзроўню і якасці жыцця беларускіх грамадзян.

Гэты план дзеянняў рыхтаваўся сумесна з зацікаўленымі ведамствамі, мэтанакіраваная праца доўжылася больш за год, – расказала першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна. – Была створана рабочая група з прадстаўнікоў розных дзяржаўных органаў, галін эканомікі. Акрамя таго, у якасці пілотнага праекта Нацплан прайшоў грамадскія слуханні, шматлікія заўвагі грамадскасці знайшлі сваё адлюстраванне ў гэтым дакуменце.

Ія Малкіна

Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення эканомікі прыродных комплексаў Міністэрства эканомікі Дзмітрыя Матусевіча, у шматлікіх стратэгічных дакументах, напрыклад, Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 года, адзначаны асноўныя палажэнні ў сферы зялёнай эканомікі. А ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2020 года, прынятай па выніках пятага Усебеларускага народнага сходу, былі прапісаны практычныя пункты па рэалізацыі гэтых і іншых палажэнняў. З улікам новых рэалій усімі зацікаўленымі ведамствамі распрацоўваюцца дзяржаўныя праграмы.

Як стваральнікі Нацплана, мы імкнуліся сабраць усе гэтыя элементы комплексна, цэнтралізавана, – адзначыў Дзмітрый Матусевіч.

У дадатках да плана дзеянняў пералічаны мерапрыемствы (усяго іх 40), якія будуць рэалізоўвацца на першым этапе, а таксама адзначаны крытэрыі ацэнкі экалагізацыі эканомікі, г.зн. асноўныя кропкі, па якіх спецыялісты будуць вызначаць, ці сапраўды тая ці іншая галіна рухаецца ў бок «азелянення».

Фінансаванне правядзення мерапрыемстваў у рамках Нацплана мяркуецца з розных крыніц: уласных сродкаў прадпрыемстваў, міжнароднай тэхнічнай дапамогі, крэдытных рэсурсаў еўрапейскіх банкаў, што выдзяляюць сродкі на фінансаванне экалагічных праектаў. Выкарыстанне бюджэтных сродкаў будзе мінімальным.

Якія ж кірункі развіцця «зялёнай» эканомікі ў нашай краіне абраныя прыярытэтнымі?

• Развіццё электратранспарту (інфраструктуры) і гарадской мабільнасці, рэалізацыя канцэпцыі «разумных» гарадоў;

• развіццё будаўніцтва энергаэфектыўных жылых дамоў і павышэнне энергаэфектыўнасці жыллёвага фонду;

• зніжэнне энергаёмістасці ВУП, павышэнне энергаэфектыўнасці;

• павышэнне патэнцыялу выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі;

• стварэнне ўмоў для вытворчасці арганічнай прадукцыі;

• устойлівае спажыванне і вытворчасць;

• развіццё экалагічнага турызму.

Зялёная эканоміка – мадэль рэалізацыі эканомікі, накіраваная на дасягненне мэт сацыяльна-эканамічнага развіцця пры істотным скарачэнні экалагічных рызык і тэмпаў дэградацыі навакольнага асяроддзя.

Вераніка Коласава, «Звязда», № 10 (28374), 17 студзеня 2017 г.

(фота – БЕЛТА)