/ / Общественно-политические и в области права
04.01.2017

Хто абавязкова мусіць падаваць падатковыя дэкларацыі?

Сёлета да 1 сакавіка трэба падаць у падатковыя органы дэкларацыю аб даходах за мінулы год. Тут варта адразу адзначыць, што далёка не ўсе абавязаны наведваць падатковую інспекцыю. Па-першае, дэкларацыі запаўняюць толькі падатковыя рэзідэнты нашай краіны. А гэта фізічныя асобы, якія фактычна знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні ў каляндарным годзе. Па-другое, у часткі плацельшчыкаў існуе толькі права падаць такую дэкларацыю, каб потым атрымаць падатковы вылік. Але ёсць і тыя, хто павінен абавязкова запаўняць падатковую дэкларацыю. Менавіта для іх «Звязда» сумесна са спецыялістамі Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) Беларусі падрыхтавала падрабязны тлумачальнік.

Аўтобус, грузавік ці другі «легкавік»

Да вясны абавязкова падаць дэкларацыю павінны тыя людзі, якія за мінулы год прадалі больш як адзін аўтамабіль, тэхнічна дапушчальная агульная маса якога не перавышае 3500 кг і колькасць сядзячых месцаў у ім, акрамя сядзення кіроўцы, не перавышае васьмі. Абавязак на дэклараванне пачынаецца пасля продажу ўжо аднаго грузавога аўтамабіля ці аўтобуса, калі ў першага агульная маса перавышае 3500 кг, а ў другога колькасць месцаў перавышае восем. Тут спецыялісты МПЗ удакладнілі, што, калі машына, якую вы прадалі, дасталася вам у спадчыну, падатак плаціць не трэба незалежна ад перыядычнасці адчужэння транспартных сродкаў на працягу каляндарнага года.

Адна кватэра – за 5 гадоў

Запаўняць дэкларацыю па выніках года павінны тыя, хто на працягу 5 апошніх гадоў прадаў іншым фізічным асобам другую кватэру ці другі жылы дом, больш за адзін садовы домік, больш за адзін гараж (зямельны ўчастак, машына-месца), якія належаць чалавеку на праве ўласнасці.

Тут эксперты міністэрства ўдакладняюць, што пры атрыманні на працягу 2011–2016 гадоў даходаў ад продажу аднаго наймення аб'екта нерухомасці (напрыклад, у 2014 годзе – адной кватэры, а ў 2016 годзе – аднаго жылога дома) фізічная асоба вызваляецца ад падачы падатковай дэкларацыі (разліку), бо такія даходы вызваляюцца ад падаходнага падатку.

Увогуле не існуе колькаснай падатковай ільготы на продаж аб'ектаў нерухомасці, якія не адносяцца да кватэры, жылога дома з гаспадарчымі пабудовамі (пры іх наяўнасці), дачы, садовага доміка, гаража, машына-месца і зямельнага ўчастка. Калі ўласнік прадаў нават адзін такі аб'ект камерцыйнай нерухомасці, тады ён абавязаны запоўніць дэкларацыю. Да такіх аб'ектаў, напрыклад, належаць гандлёвыя, офісныя і адміністрацыйныя памяшканні.

І ў гэтым выпадку існуе выключэнне з правілаў, калі нерухомая маёмасць была атрымана ў спадчыну. Атрымліваецца, што прадаваць у кароткі тэрмін можна любую колькасць машын, дамоў, дач ці зямельных участкаў і іншую нерухомасць, калі ўсё гэта было атрымана ў спадчыну. І галоўнае, што падаваць дэкларацыю і плаціць падаткі ў гэтым выпадку не трэба незалежна ад перыядычнасці іх адчужэння на працягу пяцігадовага перыяду.

Падлічваем падарункі

Падлічваць за год трэба і тыя даходы, якія былі атрыманы ад продажу ці іншага выплатнага адчужэння долі (паю, часткі долі або паю) у статутным фондзе арганізацыі іншай фізічнай асобе. Тут без варыянтаў. Іншая справа – падарункі.

Калі чалавек летась атрымліваў даходы ў выглядзе дарэння ад фізічных асоб, якія не з'яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у памеры, большым за 4 947 рублёў ад усіх крыніц на працягу года, тады без дэкларацыі яму не абысціся. Падаткаабкладанню падлягае менавіта сума такога перавышэння. У гэтым выпадку падлічваецца не толькі сума грашовых падарункаў, але ўлічваецца і кошт іншай маёмасці, у тым ліку нерухомай.

Выключэнне складаюць выпадкі атрымання даходаў ад асоб, якія знаходзяцца паміж сабой у адносінах сваяцтва. Менавіта тады падобныя падарункі вызваляюцца ад падаходнага падатку незалежна ад памеру атрыманага ў выніку дарэння даходу.

Увага! Асобамі, якія знаходзяцца ў адносінах блізкага сваяцтва, лічацца бацькі (усынавіцелі), дзеці (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя), родныя браты і сёстры, дзед, бабуля, унукі, прадзед, прабабуля, праўнукі, муж і жонка. У адносінах сваяцтва будуць блізкія сваякі мужа або жонкі, у тым ліку памерлых.

Даход ад арэнды лепш падлічыць да капейкі

Гэта тычыцца тых кліентаў інспекцый, хто летась здаваў сваю ўласную кватэру на працяглы тэрмін і плаціў фіксаваны падатак. Цяпер яны павінны падлічыць гэты даход ад здымнага жылля за ўсе 12 месяцаў. Калі такія даходы ад здачы ўнаём жылых і нежылых памяшканняў дасягнулі агульнай сумы 4 947 рублёў і больш, тады трэба наведваць падатковую інспекцыю. Потым такія даходы абкладаюцца падаходным падаткам па стаўцы 13 %. Пры гэтым сумы падаходнага падатку ў фіксаваных сумах, выплачаныя за 2016-ты, падлягаюць заліку пры вылічэнні падатку па стаўцы 13 %.

Напрыклад, у прэс-службе МПЗ падлічылі, што пры атрыманні агульнага даходу за здачу аднапакаёвай мінскай кватэры ў памеры 6000 рублёў дадатковы аб'ём падаходнага падатку па пададзенай дэкларацыі складзе каля 550 рублёў. І гэтую суму ўласніку жылля лепш падлічыць да першых дзён вясны і заплаціць добраахвотна да 15 мая, бо інакш канчатковыя сумы выдаткаў будуць у разы большыя.

Сума падаходнага падатку ў гэтым прыкладзе да даплаты падлічваецца так: 780 рублёў – 231 рубель = 549 рублёў.

Тут 780 рублёў – сума падаходнага падатку, вылічаная па стаўцы 13 %, а 231 рубель – агульная сума падаходнага падатку ў фіксаваных сумах, выплачаная за 2016 год.

Заробкі з-за мяжы

Эксперты падатковай галіны асобна адзначаюць, што абавязкова дэкларуюцца любыя даходы, што былі атрыманы падаткаплацельшчыкамі за мяжой і (або) з-за мяжы нашай краіны.

Гэта могуць быць грошы ад працы па найме (кантракце), даходы ад продажу акцый або іншых каштоўных папер, ад продажу доляў у статутных фондах замежных арганізацый, у выглядзе працэнтаў па рахунках (укладах) у замежных банках, атрыманыя ў дар ад замежных грамадзян і інш.

Фактычна выплачаныя ў адпаведнасці з заканадаўствам замежнай дзяржавы сумы падатку з даходаў, атрыманых у такой замежнай дзяржаве (за выключэннем даходаў, атрыманых з афшорных зон), падлягаюць заліку пры вызначэнні сумы падаходнага падатку, які налічваецца падатковым органам Беларусі на падставе падатковай дэкларацыі. Тут існуе адзін нюанс. Такі залік ажыццяўляецца работніку пры ўмове прадастаўлення дакумента аб атрыманым даходзе і ўтрыманым падатку, пацверджаным падатковым або іншым кампетэнтным органам замежнай дзяржавы.

Такое пацвярджэнне даецца фізічнай асобай альбо ў момант падачы падатковай дэкларацыі (разліку), альбо на працягу аднаго года з дня падачы заявы аб правядзенні заліку падатку, які быў аплачаны ў бюджэт замежнай дзяржавы.

Пры спыненні будаўніцтва і пагашэнні жыллёвых аблігацый

Па выніках года дэкларуецца і даход, атрыманы грамадзянінам праз механізм вяртання раней унесеных сродкаў пры спыненні будаўніцтва жылля, а таксама ў выпадку патаннення такога будаўніцтва альбо ў выпадку выбыцця фізічнай асобы з членаў арганізацый забудоўшчыкаў.

Тут спецыялісты падатковай галіны адзначаюць, што вернутыя пры гэтым грашовыя сродкі, у тым ліку паявыя ўзносы, падлягаюць падаткаабкладанню падаходным падаткам у выпадку, калі на такія ўзносы раней быў прадастаўлены маёмасны падатковы вылік. У гэтым выпадку фізічная асоба, якой у 2016 годзе былі вернуты названыя вышэй грашовыя сродкі, абавязана падаць у падатковы орган падатковую дэкларацыю і заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія ёй раней была дадзена льгота па падаходным падатку ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Трэба дэклараваць таксама і даходы, што былі атрыманы ў выглядзе грашовых сродкаў пры пагашэнні (датэрміновым пагашэнні) жыллёвых аблігацый, а таксама ў выглядзе вяртання грашовых сродкаў, унесеных у аплату кошту жылога памяшкання шляхам набыцця жыллёвых аблігацый, у выпадку невыканання забудоўшчыкам абавязацельстваў па дагаворы. Дэкларацыя тут падаецца ў тым выпадку, калі па такіх унесеных сумах для набыцця жыллёвых аблігацый раней быў прадастаўлены маёмасны падатковы вылік.

Такім чынам, былы забудоўшчык, які атрымаў летась такія грашовыя сродкі, абавязаны падаць у падатковы орган падатковую дэкларацыю і заплаціць падаходны падатак у дачыненні да сум, на якія яму раней была прадастаўлена льгота па падаходным падатку ў выглядзе маёмаснага падатковага выліку.

Падатковыя вылікі

Падатковую інспекцыю можна наведваць не толькі, каб пакінуць там грошы. Калі чалавек пераплаціў падаходныя падаткі за мінулы год, то праз інспекцыю гэтыя грошы ён можа яшчэ вярнуць. У гэтым выпадку дэкларацыю аб даходах за год падаюць тыя грамадзяне, якія маюць права на атрыманне падатковых вылікаў (сацыяльных, маёмасных і прафесійных), пры ўмове, што абавязак па прадастаўленні такіх вылікаў грамадзянам ускладзены на падатковыя органы. Вяртанне падатку ажыццяўляецца на працягу 30 дзён з моманту падачы фізічнай асобай адпаведнай заявы. Звычайна такія вылікі атрымліваюць работнікі па месцы асноўнай працы. Увогуле ўзор формы падатковай дэкларацыі аб даходах за год можна знайсці на афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах.

Лепш не забывацца

Парушэнне фізічнай асобай тэрміну прадстаўлення ў падатковы орган (да 1 сакавіка) падатковай дэкларацыі за 2016 год цягне накладанне штрафу ў памеры 2 БАЗАВЫХ ВЕЛІЧЫНЬ з павелічэннем яго на 0,5 базавай велічыні за кожны поўны месяц пратэрміноўкі, але НЕ БОЛЬШ 10 базавых велічынь.

Даведачна, з 1 студзеня 2017 года памер базавай велічыні складае 23 рублі. Такім чынам, памер штрафу складзе ад 46 да 230 рублёў.

Пры парушэнні тэрміну выплаты падаходнага падатку (да 15 мая), вылічанага на падставе прадстаўленай падатковай дэкларацыі за 2016 год, калі незаплачаная або няпоўнасцю заплачаная сума падатку перавышае адну базавую велічыню, цягне накладанне штрафу ў памеры 15 % ад нявыплачанай сумы падатку, але не меней 0,5 базавай велічыні. Такім чынам, памер штрафу складае ад 11,5 рубля і больш.

Гэта сур'ёзна

Дэклараваць свае даходы па выніках года павінны і тыя грамадзяне, у каго ўтрыманне падатку з такіх сум не прадугледжана падатковымі агентамі – арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Дэкларацыю аб даходах і маёмасці могуць патрабаваць у любога грамадзяніна ў тым выпадку, калі ў падатковай інспекцыі ўзнікнуць пытанні аб тым, за якія даходы была набыта тая ці іншая маёмасць. А вось тэрміну даўнасці па падатковых парушэннях не існуе. Як правіла, праверкі ажыццяўляюцца за апошнія 10 гадоў. Мне здаецца, што лепш такіх праверак не чакаць.

Сяргей Куркач, «Звязда» № 2 (28366), 4 студзеня 2017 г.