/ / Общественно-политические
22.02.2017

«Пераблыталі» сваё і чужое: пра што сведчыць колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў?

У 2016 годзе ў Мінскай вобласці колькасць выяўленых карупцыйных злачынстваў павялічылася са 158 (у 2015-м) да 311. Найбольш іх зарэгістравана ў Мінскім, Барысаўскім, Маладзечанскім і Салігорскім раёнах. У лідарах за мінулы год сфера дзяржаўнага кіравання, ахова здароўя, сельская гаспадарка, будаўніцтва, прамысловасць. Адпаведна ўзнікае пытанне: гэтыя лічбы сведчаць пра ўзмацненне барацьбы з карупцыяй або пра рост апошняй? 

– Гаворка ідзе аб выяўленні эпізодаў злачыннай дзейнасці асоб, якія трапілі ў поле зроку міліцыі. Крымінальная справа ўзбуджаецца па нейкім адным канкрэтным факце, а ўжо ў ходзе следства раскрываецца цэлы шлейф ранейшых злачынстваў, – тлумачыць пракурор Мінскай вобласці Алег ЛАЎРУХІН.Напрыклад, ёсць выпадкі, калі за адным чалавекам стаіць 111 эпізодаў атрымання хабару. Гэта былы інжынер прадпрыемства «Белтэхагляд» па Мінску і Мінскай вобласці, які адказваў за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху. Фігурант крымінальнай справы займаў гэтую пасаду з 2013 па 2015 гады, пачаў браць хабар у 2014-м. Акрамя таго, яму інкрымінуецца серыя махлярскіх дзеянняў: браў у людзей грошы і абяцаў унесці ў касу, але клаў сабе ў кішэню. У цэлым жа ён унёс у скарбонку Міншчыны 140 эпізодаў злачыннай дзейнасці. Мужчыну пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Завяршаецца расследаванне крымінальнай справы ў адносінах да галоўнага спецыяліста ўпраўлення антыманапольнай і цанавой палітыкі Мінаблвыканкама. Жанчына праводзіла праверкі на прыватных і дзяржаўных прадпрыемствах гандлю. Вядома, у гэтай сферы парушэнняў хапае. Таму падазраваная абяцала прадпрымальнікам, службовым асобам спрыяльна рашыць пытанне за ўзнагароду. Падчас следства ўстаноўлена 20 эпізодаў злачынства.

Яшчэ адзін рэкардсмен – былы генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Мінаблаўтатранс». Яму інкрымінуецца крадзеж маёмасці прадпрыемства, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, у тым ліку шляхам выкарыстання працы падначаленых на абъектах, якія належалі яму асабіста. Усяго выяўлена 13 эпізодаў злачынства. Нанесеныя страты таварыству перавышаюць 400 млн рублёў. На яго маёмасць накладзены арышт у памеры 500 тыс. долараў.

Восем крымінальных спраў заведзена летась па матэрыялах пракурорскіх праверак выканання заканадаўства па барацьбе з карупцыяй. Так, старшыня Астрашыцкагарадоцкага сельвыканкама Мінскага раёна выдала афіцыйныя дакументы для рэгістрацыі на тэрыторыі сельсавета дачкі сваёй сяброўкі. Гэта дазволіла паставіць яе на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і прадаставіць у прыватную ўласнасць зямельны ўчастак на льготных умовах для будаўніцтва дома. У выніку дзяржаве нанесены страты ў памеры больш чым 13 тыс. рублёў.

Летась органамі пракуратуры ў цэнтральным рэгіёне выяўлена 336 фактаў парушэння антыкарупцыйнага заканадаўства. Па патрабаванні пракурораў Мінскай вобласці 200 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, 75 – да адміністрацыйнай, 36 – да матэрыяльнай, шэсць пазбавіліся займаемых пасад.

– Карупцыя ёсць у любой краіне свету, – разважае пракурор. – Звесці яе да нуля немагчыма, паколькі на яе ўплывае чалавечы фактар. Чаму чалавеку, які распараджаецца дзяржаўнымі грашыма або маёмасцю, складана не пакласці чужое ва ўласную кішэню? Мяркую, тут пытанне маральнага плана. Акрамя таго, карупцыйныя злачынствы глыбока латэнтныя: хабарнікаў выяўляць складана.

Метады па выяўленні такіх фактаў павінны ўдасканальвацца з боку аператыўных службаў. Важна, каб людзі ведалі, што рана ці позна злачынныя дзеянні стануць здабыткам грамадскасці і суда. Разам з тым, лічыць Алег Лаўрухін, неабходна развіваць сферу грамадскага кантролю. Работнікі, якія працуюць у арганізацыях, на прадпрыемствах, ведаюць, чым займаецца кіраўнік. «Сістэма грамадскага кантролю супрацьдзеяння карупцыі, як адзін са сродкаў прафілактыкі, мае права на жыццё, – адзначыў пракурор, – і будзе развівацца. Такая норма ўнесена і ў Закон аб барацьбе з карупцыяй. Будзем глядзець, аналізаваць, як яна працуе».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, «Звязда», 22 лютага 2017 г.