/ / Общественно-политические
20.02.2017

Як павялічыць стаж сваёй дзяржаўнай службы? На пытанне адказвае спецыяліст Міністэрства юстыцыі

– Цяпер я супрацоўніца райвыканкама, а з 1994 па 1998 год працавала на дзяржаўным заводзе. Ці будзе гэты перыяд (праца на заводзе) залічаны мне ў стаж дзяржаўнай службы? З павагай, Ганна, г. Жабінка.

На пытанне адказвае Яўгенія МІЦКЕВІЧ, кансультант упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

Яўгенія Міцкевіч

– Магчымасць залічэння перыяду вашай працы на заводзе ў стаж дзяржаўнай службы залежыць ад пасады, якую вы займалі на прадпрыемстве, а таксама адпаведнасці ўстановы некаторым крытэрыям. Выніковае рашэнне на гэты конт прымаецца дзяржаўным органам, супрацоўнікам якога вы цяпер з’яўляецеся як дзяржаўны служачы.

Парадак і ўмовы падліку стажу дзяржаўнай службы вызначаны законам «Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь» і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 1997 года № 471 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку і ўмовах падліку стажу дзяржаўнай службы».

Згодна з названым законам у стаж дзяржаўнай службы ў пэўных межах колькасці гадоў залічваецца час папярэдняй работы ў дзяржаўных арганізацыях у якасці кіраўнікоў, іх намеснікаў, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў, галоўных спецыялістаў.

Пры гэтым дзяржаўнай арганізацыяй, работа ў якой залічваецца ў стаж дзяржаўнай службы, прызнаецца ўстанова, якая адпавядае ў сукупнасці наступным крытэрыям:

  • створана дзяржаўным органам краіны, упаўнаважанай у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржаўнай арганізацыяй або службовай асобай гэтага органа ці арганізацыі; 
  • з’яўляецца юрыдычнай асобай; 
  • маёмасць такой установы поўнасцю знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці і замацоўваецца за арганізацыяй на праве гаспадарчага вядзення або аператыўнага кіравання.

Адпаведнасць арганізацыі названым крытэрыям трэба ўстанаўліваць у кожным выпадку на падставе звестак, якія вызначаюць статус прадпрыемства (статут (палажэнне), рашэнне аб стварэнні, рэарганізацыі, ліквідацыі канкрэтнай установы, іншыя дакументы, якія дзейнічалі непасрэдна ў перыяд ажыццяўлення грамадзянінам працоўнай дзейнасці ў разглядаемай арганізацыі).

Запытаць неабходныя дакументы можна ў правапераемнікаў арганізацый, архіўных установах, а таксама ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах (у іх правапераемнікаў), іншых дзяржаўных органах, па рашэннях якіх гэтыя арганізацыі ствараліся.

Магчымасць заліку працы ў пэўнай арганізацыі ў стаж дзяржаўнай службы разглядаецца дзяржаўным органам, супрацоўнікам якога з’яўляецца дзяржаўны служачы, пры дапамозе самастойнага аналізу і ацэнкі дакументаў і звестак, якія пацвярджаюць статус установы, дзе раней працаваў грамадзянін.

Здараецца, што пры падліку стажу дзяржаўнай службы грамадзяніна ў кадравага аддзела дзяржаўнага органа ўзнікаюць спрэчныя пытанні наконт статусу арганізацыі, дзе працаваў чалавек. Калі немагчыма прыняць адназначнае рашэнне, спецыялісты кадравай службы могуць накіраваць у Міністэрства юстыцыі і Міністэрства эканомікі запыт з дадаткам статутных і іншых дакументаў, якія вызначалі прававое палажэнне арганізацыі ў перыяд, калі там працаваў пэўны грамадзянін, каб атрымаць неабходныя тлумачэнні.

Адначасова хачу заўважыць, што Мінюст і Мінэканомікі адрасавалі ў рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты ліст «Аб некаторых пытаннях падліку стажу дзяржаўнай службы» ад 12 лістапада 2013 года № 04-2-12/3233/31-11/9779. Выкладзеная ў ім інфармацыя карысная пры вызначэнні статусу арганізацый з мэтай заліку часу работы ў іх у стаж дзяржаўнай службы.

Са зместам названага ліста таксама можна азнаёміцца на сайце Міністэрства юстыцыі ў раздзеле «Дзейнасць Міністэрства», у інфармацыйна-пошукавай сістэме «ЭТАЛОН», даведачнай прававой сістэме «КансультантПлюс».

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

«Звязда», 18 лютага 2017 г.