/ / Общественно-политические и в области права
15.02.2017

Каго ў Магілёве вызваляюць ад падатку на ўтрыманства? Пакуль толькі 142 чалавекі атрымалі дазвол не плаціць падатак або кампенсаваць толькі частку яго

Да 20 лютага грамадзяне, якія пазалетась адпрацавалі меней за 183 дні, павінны кампенсаваць дзяржаве фінансавыя выдаткі. Гэта дата агаворваецца ў змяненнях да Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», якія ўступілі ў дзеянне сёлета 12 студзеня. Па некаторых даных, толькі ў Магілёве каля 20 тысяч чалавек атрымалі «лісты шчасця». Яны павінны будуць раскашэліцца на 360 новых рублёў. Ігнараваць закон і рабіць выгляд, што гэта паведамленне не дайшло, сабе даражэй. Бо справа будзе перададзена ў суд і можа абярнуцца штрафам ад 2 да 4 базавых велічынь або наогул арыштам на 15 сутак.

Заложнікі жыццёвых абставін

Заканчэнне адтэрміноўкі па 2015 годзе прымусіла грамадзян актывізавацца. Усяго ж за перыяд дзеяння дэкрэта ў Магілёўскі гарвыканкам паступіла 667 зваротаў з заявай вызваліць ад збору. З іх на 8 лютага 537 было ўжо разгледжана.

З іх толькі 142 чалавекі атрымалі дазвол не плаціць падатак або кампенсаваць толькі частку яго. Яны змаглі даказаць, што мелі ўважлівыя прычыны не працаваць. Або, як гаворыцца ў законе, трапілі ў цяжкія жыццёвыя абставіны, якія не маглі пераадолець.

– Напрыклад, жанчына не магла працаўладкавацца з-за сваёй цяжарнасці, бо наймальнікі і сапраўды не зацікаўлены ў такіх работніках, – растлумачылі ў фінансавым аддзеле Магілёўскага гарвыканкама. – Паслабленні рабіліся і для тых маладых людзей, якія рыхтаваліся да экзаменаў у вышэйшыя ўстановы адукацыі і паступілі. Ад збору вызваляліся людзі, якія, не маючы групы інваліднасці, пацвердзілі наяўнасць хваробы медыцынскімі дакументамі.

А вось прыклады прычын, якія не лічыліся ўважлівымі. Заплаціць збор прыйдзецца, калі чалавек працаздольнага ўзросту даглядаў бацькоў або проста сваякоў з II–III групай інваліднасці. На думку медыкаў, за такімі хворымі не патрэбны пастаянны догляд, а значыць, гэта не можа быць уважлівай прычынай для вызвалення ад працы. Незадаволенымі застаюцца і звароты грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і стаяць на ўліку ў нарка- і псіханеўралагічных дыспансерах.

Перадалі паўнамоцтва камісіі

Апошнія змяненні ў дэкрэт ускладаюць на дэпутатаў місію вырашаць, цяжкае ў чалавека становішча або не. Або, па іх даручэнні, на выканаўчыя і распарадчыя органы. На нядаўняй сесіі Магілёўскага гарсавета былі разгледжаны звароты 54 чалавек, з якіх 22 атрымалі права не плаціць збор цалкам або часткова.

На думку старшыні Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Сяргея Іванова, большасць з тых, хто звяртаецца па льготы, проста не разумеюць, наколькі ўсё гэта сур'ёзна, спадзяюцца, што атрымаецца пазбегнуць наступстваў. Маўляў, даглядаю старых бацькоў і гэтага дастаткова. Або, напрыклад, жанчына не працавала таму, што сям'і хапала зарплаты мужа. Але адна справа – даць суб'ектыўную ацэнку, і зусім іншая – улічыць меркаванне спецыяліста, і лепей не аднаго, лічыць дэпутат. Ёсць і іншыя абставіны, з-за якіх народным абраннікам гэтай справай, мякка кажучы, цяжка займацца.

– Нашы рашэнні прымаюцца толькі падчас сесій. А сесія склікаецца па меры неабходнасці, але не радзей за адзін раз на квартал. Затое камісія гарвыканкама мае магчымасць збірацца кожны тыдзень. І заявы людзей, якія трапілі пад дзеянне Дэкрэта №3, з самага пачатку разглядаліся менавіта на камісіі гарвыканкама, – тлумачыць Сяргей Іваноў. – Але раней яна працавала на падставе артыкула 43 Падатковага кодэкса. У яе склад уваходзяць эканамісты, фінансісты, прадстаўнікі падатковай інспекцыі, РАУС, медыкі і іншыя кампетэнтныя спецыялісты, якім прасцей больш аб'ектыўна ацаніць тую ці іншую сітуацыю. А заадно праверыць, праўду чалавек кажа або не. Чаму мы павінны верыць на слова? Можа, гэты чалавек сёлета дзве машыны прыгнаў, а скардзіцца на цяжкае жыццёвае становішча. Кожны, хто хоча, каб яго вызвалілі ад гэтага збору, павінен пацвердзіць словы дакументальна. І камісія, калі ёсць такая неабходнасць, можа зрабіць запыт у любую інстанцыю. Таму на гэтай сесіі мы і перадалі свае паўнамоцтвы гарвыканкаму.

Дэпутаты прапануюць

Людзі ж працягваюць звяртацца да народных абраннікаў. Не так даўно на прыём да дэпутата Магілёўскага гарсавета Галіны Бяляевай прыйшла жанчына, якая паведаміла, што спачатку не змагла працаўладкавацца па спецыяльнасці, потым была ў дэкрэтным адпачынку, потым занялася дабрачыннасцю. Сям'я жыла небагата, але грошай хапала. Вось жанчына і не спяшалася шукаць працу. Яна зразумела, што зрабіла памылку, і ўжо пайшла працаваць у сацслужбу. Але яе заява наконт збору яшчэ разглядаецца. Разам з прыкладзенымі да яе дакументамі яна перададзена ў камісію гарвыканкама. На погляд Галіны Бяляевай, кожная жыццёвая сітуацыя патрабуе вельмі стараннага аналізу і індывідуальнага падыходу. Трэба быць гібкім у рашэннях. Дзесьці пайсці чалавеку насустрач, а дзесьці заняць больш жорсткую пазіцыю. «Па сваіх дэпутацкіх справах я часта бываю ў дзіцячых садках, – кажа яна. – Не раз прыходзілася чуць пра жанчын-дэкрэтніц, якія адправілі дзіця ў садок, а самі выкарыстоўваюць вольны час для вырашэння сваіх асабістых спраў. Вось у такіх матуль, магчыма, і трэба было б спытацца: чаму дзяржава павінна плаціць вам грошы?»

– Пакуль усё ацэньваецца суб'ектыўна кожным членам камісіі, але павінна быць больш дакладная фармуліроўка таго, што разумеецца пад складанай жыццёвай сітуацыяй, – дадае Сяргей Іваноў. – Сумесна з Магілёўскім гарвыканкамам мы накіравалі шэраг прапаноў у адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Трэба больш канкрэтна абазначыць, што такое пенсійны ўзрост. Дапрацаваць пункт, дзе гаворка ідзе пра тых, хто даглядае інвалідаў, асабліва калі гэта блізкія родзічы. Удакладніць наконт асоб, якія цалкам выпрацавалі працоўны і страхавы стаж. Трэба ўнесці ўдакладненні ў 200-ы Указ па адміністрацыйных працэдурах, каб чалавек ведаў, якія дакументы павінен прадставіць разам з заявай, а якія запытваць праз службу «аднаго акна». Калі мы атрымаем адказы на ўсе гэтыя пытанні, будзе прасцей прымаць рашэнні.

Нэлі Зігуля, «Звязда», 15 лютага 2017 г.