/ / Общественно-политические и в области права
10.02.2017

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства дапаможа развіць інфраструктуру: перспектывы такога супрацоўніцтва абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў

Бюджэт мае абмежавальныя рамкі, якія не заўсёды задавальняюць патрабаванні пэўных слаёў насельніцтва. Даўно вядома: хочацца заўсёды больш, чым маеш. Але гэта не значыць, што трэба перастаць разлічваць на большае. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства дазваляе пашырыць магчымасці фінансавання сацыяльна значных праектаў. Адпаведны закон у нашай краіне пачаў працаваць летам мінулага года, а некалькі месяцаў таму стартаваў першы праект у гэтай сферы. Што можа даць дзяржаве, людзям дзяржаўна-прыватнае партнёрства? Якія перспектывы для яго развіцця ў нашай краіне? Гэтыя пытанні абмеркавалі ў Палаце прадстаўнікоў.

Коратка пра прадмет размовы. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства (скарочана – ДПП) – сукупнасць форм ад сярэдне- і доўгатэрміновага ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу, накіраваная на вырашэнне грамадска значных задач на ўзаемавыгадных умовах.

Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, звярнуў увагу: палітычнае рашэнне, заканадаўчая база, арганізацыйныя меры для запуску мадэлі дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі на сёння прыняты. У канцы 2016 года пачата рэалізацыя першага пілотнага праекта – мадэрнізацыя ўчастка аўтамабільнай дарогі М10.

– Паспяховае здзяйсненне гэтага праекта дазволіць не толькі палепшыць транспартную інфраструктуру краіны, пашырыць яе транзітны патэнцыял, але і стане добрым прыкладам, візітнай карткай Беларусі для патэнцыяльных інвестараў, а таксама міжнародных фінансавых арганізацый, – сказаў Уладзімір Андрэйчанка. – Важна, каб такое ўзаемадзеянне дзяржавы і бізнесу выйшла на сістэмную аснову, дазваляючы зводзіць грамадскія прыярытэты, а таксама прадпрымальнасць, тэхналогіі, кіраўніцкія навыкі і фінансы, якімі валодае прыватны сектар. Актыўнае развіццё гэтага інструмента будзе служыць прыцягненню інвестыцый, павышэнню сацыяльнай адказнасці бізнесу і зніжэнню нагрузкі на бюджэт краіны.

Дзмітрый КРУТОЙ, першы намеснік Міністра эканомікі, паведаміў, што нарматыўная база дазваляе працаваць з канкрэтнымі праектамі па ДПП.

– Першы пілотны праект – гэта наша паўднёвая гомельская дарога ад мяжы з Расійскай Федэрацыяй да Кобрына. Ён рэалізуецца з дапамогай кансультантаў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Па сутнасці, мы апрабуем міжнародныя методыкі. Ужо ўзніклі пэўныя нюансы: замежнікі кажуць пра складанасць нашай заканадаўчай базы, асабліва для практычнага прымянення канкрэтнымі спецыялістамі. Таму ў іншых краінах рэкамендуецца выкарыстоўваць іншыя методыкі фінансавай ацэнкі праекта, падрыхтоўкі конкурсных прапаноў. З улікам вопыту работы па дарозе М10, я спадзяюся, мы спросцім і сваё заканадаўства.

Першы намеснік Міністра эканомікі звярнуў увагу, што ў праграме бягучай пяцігодкі ёсць заданне кожнаму губернатару, рэгіёну да 2020 года заключыць не менш за адно пагадненне па праекце дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Аляксандр ШВЕЦ, старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, звярнуў увагу на тое, што сёння дзяржава адчувае пэўныя эканамічныя цяжкасці, і працягнуў думку Дзмітрыя Крутога:

– У Беларусі свой інвестыцыйны імідж. Праз спецыяльнае заканадаўства, зразумелае, выразна акрэсленае для патэнцыяльных інвестараў, мы можам паскорыць прыцягненне інвестараў у нашу краіну.

Уладзімір АЎГУСЦІНСКІ, кіраўнік Прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь, падзяліўся вопытам Германіі ў рэалізацыі праектаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

– Тэма важная і для Беларусі, а ў кантэксце глабальных выклікаў, рэгіянальнай сітуацыі, яна важная для любой краіны, якая імкнецца інтэгрыравацца ў адзіную эканамічную прастору, у глабальную эканоміку, – прызнаў ён. – У Германіі гэты інструмент выкарыстоўваецца таксама адносна нядаўна – на працягу апошніх гадоў. Прычым першыя зачаткі дзяржаўна-прыватнага партнёрства былі яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя – гэта былі некамерцыйныя будаўнічыя кааператывы. Сёння і на федэральным узроўні, і на зямельным, нават на ўзроўні камун у Германіі існуюць прыклады эфектыўнага ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу. Калі будуць створаны добрыя адпаведныя ўмовы, што дазваляюць узаемадзейнічаць уладзе і бізнесу ў інтарэсах грамадства, могуць рэалізоўвацца сур’ёзнейшыя праекты ў галіне інфраструктуры, транспарту, сацыяльнай сферы. Гэта ўнікальная магчымасць, якая ў Германіі ўжо эфектыўна выкарыстоўваецца. Асабліва гэта актуальна ва ўмовах недастатковасці бюджэтных сродкаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ, «Звязда», 9 лютага 2017 г.