/ / Общественно-политические и в области права
08.02.2017

Новы законапраект узмоцніць інвестыцыйную актыўнасць: ён арыентаваны як на ўнутраны рынак, так і на замежнага інвестара

Развіццё эканомікі немагчыма без арганізаванага фінансавага рынку. Для ўзмацнення інвестыцыйнай актыўнасці ў дзяржаве распрацоўваецца законапраект «Аб інвестыцыйных фондах». Яго ствараюць не толькі зацікаўленыя міністэрствы, але і прадстаўнікі банкаў і бізнес-супольнасці. Калі закон будзе прыняты, то на беларускім рынку з’явіцца новы від інвестыцыйнага фонду і каштоўных папер.

Злева направа: Аляксей Красінскі, Максім Ермаловіч, Андрэй Аўхіменя, Людміла Дабрыніна

Законапраект арыентаваны як на ўнутраны рынак, так і на замежнага інвестара. «Праект закона «Аб інвестыцыйных фондах» адказвае ўсім прынцыпам міжнароднай практыкі і будзе адпавядаць ўсім планам і намерам інтэграцыі фінансавых рынкаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў адзіны рынак, – падкрэсліў першы намеснік Міністра фінансаў Максім Ермаловіч. – Мы ствараем новы інструмент, які дасць магчымасць не толькі юрыдычным, але і фізічным асобам удзельнічаць у калектыўным інвеставанні». На яго думку, стварэнне калектыўных інвестыцый павінна пацягнуць за сабой і павышэнне попыту на каштоўныя паперы, а ў выніку прыняцце гэтага законапраекта паспрыяе павелічэнню нормы зберажэнняў, якая ў цяперашні час не вельмі высокая.

У распрацоўцы законапраекта актыўны ўдзел прымае Беларуская валютна-фондавая біржа, якая прадастаўляе ўласную пляцоўку для набыцця і продажу каштоўных папер. «Мы павінны прапанаваць фізічным асобам магчымасць ўкладання сваіх сродкаў у акцыі і каштоўныя паперы нашых прадпрыемстваў для таго, каб гэтыя сродкі працавалі ў рэальным сектары эканомікі, – адзначыў старшыня праўлення Беларускай валютна-фондавай біржы Андрэй Аўхіменя. – Што прапануе біржа? Выкарыстанне адкрытага рынку, адкрытае цэнаўтварэнне, адкрытае заключэнне здзелак і рынкавыя механізмы абароту каштоўных папер».

Закон «Аб інвестыцыйных фондах» прадугледжвае з’яўленне на нашым рынку акцыянерных і паявых інвестыцыйных фондаў. Першыя мала чым адрозніваюцца ад звычайных акцыянерных фондаў, у той час як паявыя інвестыцыйныя фонды – гэта новая з’ява на беларускай прасторы. «Практыка функцыянавання паявых фондаў на тэрыторыі Беларусі ў прынцыпе адсутнічае», – адзначыў намеснік дырэктара Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў і адзін з распрацоўшчыкаў законапраекта Аляксей Красінскі.

Па сутнасці, паявы інвестыцыйны фонд з’яўляецца арганізацыяй, якая збірае грошы ў людзей, пасля чаго ўкладвае іх у каштоўныя паперы. Кожны ўдзельнік такога фонду валодае сваёй часткай фонду – паем, які з’яўляецца новым відам каштоўнай паперы ў Беларусі. «Гэта імянная каштоўная папера, якая будзе ўлічвацца ў дэпазітарнай сістэме. Увядзенне новага віду каштоўнай паперы пашырыць магчымасці па інвеставанню», – дадаў Аляксей Красінскі.

Па яго словах, законапраект «Аб інвестыцыйных фондах» забяспечыць стварэнне новага інстытута на рынку, дазволіць узмацніць канкурэнцыю паслуг і паспрыяе актывізацыі рынку каштоўных папер у цэлым.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, «Звязда», 8 лютага 2017 г.