/ / Общественно-политические и в области права
07.02.2017

Вадзіцелям сталі прыходзіць фальшывыя «лісты шчасця». Як на іх рэагаваць і дзе праверыць дакладнасць інфармацыі пра штраф?

Праз інтэрнэт пачалі распаўсюджваць фальшывыя «лісты шчасця». Першым уладальнікам такога ліста стаў адзін з банкаў, на электронную пошту якога прыйшло паведамленне аб «грубым парушэнні». У ДАІ МУС карэспандэнту «Рэспублікі» расказалі, як рэагаваць на такія лісты і дзе праверыць дакладнасць інфармацыі пра штраф.

Фота Сяргея ЛАЗЮКА

«Аўтамабіль, які належыць Вашай кампаніі, груба парушыў п. 17 ч. 1 ПДР. Перавышэнне хуткасці складае 52 км/г». Ліст такога зместу прыйшоў на электронную пошту банка ад Photofiksatsia @gai.by. Прычым ч. 1 п. 17 ПДР не мае ніякага дачынення да невыканання хуткаснага рэжыму. Гэты параграф абавязвае пешаходаў рухацца па тратуары, пешаходнай або веласіпеднай дарожках, а пры іх адсутнасці – па абочыне. Далей установу папярэджваюць, што на аплату штрафу ў іх ёсць тры дні. Подпіс яшчэ больш сумніўны – УУС ДАІ. Такой арганізацыі ў краіне наогул не існуе. Банк выклаў скрыншот гэтага ліста ў інтэрнэт. Не выключана, што знойдуцца і іншыя атрымальнікі фальшывых «лістоў шчасця».

– Да ДАІ гэты ліст не мае ніякага дачынення, – пракаментаваў сітуацыю старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Станіслаў Салавей. – Інфармацыя пра парушэнне хуткаснага рэжыму прыходзіць на адрас юрыдычнай асобы заказным лістом па звычайнай пошце. У тэксце пазначана марка аўтамабіля, перавышэнне ім хуткасці, дата парушэння і іншая інфармацыя. На працягу пяці дзён юрыдычная асоба павінна падаць у ДАІ звесткі пра вадзіцеля, які знаходзіўся ў той момант за рулём. Непасрэдна на яго і выпішуць штраф.

Усім, хто атрымаў фальшывыя «лісты шчасця» на электронную пошту, Станіслаў Салавей рэкамендуе звярнуцца ў органы ўнутраных спраў. Перш чым гэта зрабіць, можна праверыць дакладнасць інфармацыі аб парушэнні на афіцыйным сайце МУС mvd.gov.by. Для гэтага трэба зайсці ў раздзел «Паслугі» і выбраць укладку «Фотафіксацыі». Далей неабходна запоўніць названыя палі. Іх пяць. Гэта прозвішча, імя і імя па бацьку ўладальніка аўтамабіля (адказнасць па змаўчанні ўскладаецца на яго), а таксама серыя і нумар пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку. Калі праверка паказала, што парушэнне рэальна было зафіксавана, то пад табліцай, якая з’явіцца на экране, аўтаматычна размяшчаецца падрабязная інструкцыя пра спосабы і алгарытмы аплаты штрафу.

Фота Сяргея ЛАЗЮКА

На сайце таксама звяртаюць увагу, што «звесткі аб наяўнасці факта перавышэння хуткасці становяцца даступнымі не з моманту фіксацыі, а з дня вынясення ў дачыненні да ўласніка пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання». Калі казаць пра канкрэтныя тэрміны, то інфармацыя аб парушэнні з’яўляецца на сайце амаль адразу пасля афармлення пастановы аб перавышэнні хуткасці. А на накладанне адміністрацыйнага спагнання ў ДАІ ёсць два месяцы з дня здзяйснення правапарушэння.

Што тычыцца сайтаў, то ў дзяржаўных органаў нашай краіны інтэрнэт-адрас павінен заканчвацца на gov.by. Таму калі нехта для атрымання інфармацыі пра штраф прапануе вам перайсці на .com, .ru альбо проста .by для прагляду быццам канфідэнцыяльнай інфармацыі, якая зыходзіць ад беларускага дзяржаўнага органа, то, хутчэй за ўсё, гэта будзе фальшывы сайт. 

Інна ГАРБАЦЕНКА, «Рэспубліка», 6 лютага 2017 г.

(фота – Сяргей ЛАЗЮК)