/ / Общественно-политические и в области права
01.02.2017

Валянцін Мілашэўскі: У Республіцы Беларусь рыхтуецца законапраект пра якасць харчовай сыравіны

Калі заканчваецца сесія ў парламенце, дэпутаты, вядома, працягваюць працаваць. Па іх словах, работы ў міжсесійны перыяд становіцца нават больш. Акрамя штомесячнай працы ў акрузе, трэба рыхтаваць да разгляду ў Авальнай зале законапраекты. Праходзяць пасяджэнні рабочых груп, пастаянных камісій, каб выніковы дакумент меў мінімум «нестыковак».

Харчовыя прадукты

Валянцін МІЛАШЭЎСКІ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы, зараз займаецца дакументам, што ўносіць змены і дапаўненні ў Закон «Аб якасці і бяспецы харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў для жыцця і бяспекі чалавека».

– Законапраект ідзе вельмі цяжка, – дзеліцца ён сваімі меркаваннямі. – Мы працуем над ім ужо больш за два гады. Натуральна, за гэты час змянілася міжнародная нарматыўна-прававая база, уступіў у сілу Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе...

Па словах парламентарыя, узнікае шмат, на першы погляд, дробязных пытанняў.

– Але яны сапраўды важныя для здароўя чалавека, – адзначае Валянцін Мілашэўскі. – Сёння, купляючы любы прадукт харчавання, нямногія людзі глядзяць нават на тэрмін яго прыдатнасці, не кажучы ўжо пра тое, што ўваходзіць у склад. А часам у склад прадуктаў, афіцыйна дапушчаных да вытворчасці, уваходзяць дабаўкі, фарбавальнікі, якія на пэўным этапе шкодныя для здароўя чалавека. Мы ведаем, што ў многіх ёсць алергічная скіраванасць арганізма на той ці іншы прадукт. Не прачытаўшы, што ўваходзіць у склад, можна атрымаць абвастрэнне захворвання.

Як расказаў дэпутат, у заканатворцаў ёсць шмат пытанняў: што і як пісаць на ўпакоўках, якім шрыфтам.

– Мы працуем з многімі аднатыпнымі законамі іншых дзяржаў. Некаторыя прапануюць такі шрыфт, каб можна было прачытаць склад прадукта без акуляраў. Але як на абгортцы глазіраванага сырка напісаць такімі літарамі, каб можна было са зрокам 50 % прачытаць? Натуральна, так не напішаш, бо сама ўпакоўка маленькая.

Тым не менш неабходная інфармацыя спажыўцу павінна прадастаўляцца.

– Калі ў гэтым прадукце ёсць нейкія інгрэдыенты, генна-мадыфікаваныя арганізмы з колькасцю больш за 0,9 % ад усяго складу, гэта абавязкова будзе ўказана, – падкрэсліў Валянцін Мілашэўскі.

Што да цаны, то сёння кошт прадуктаў харчавання залежыць ад многага. Натуральна, у першую чаргу ад таго, наколькі яны экалагічныя.

Адказваючы на пытанне, ці звязаны законапраект з экспартам беларускай прадукцыі і ці можа яго прыняцце дапамагчы справіцца з прэтэнзіямі да яе якасці, Валянцін Мілашэўскі падкрэсліў, што дакумент улічвае падпісанне Дагавора аб ЕАЭС.

– Нарматыўна-прававыя акты, міжнародныя дагаворы па сіле вышэйшыя, чым нашы ўнутраныя дамоўленасці, – звярнуў увагу ён. – Сёння адбываецца рэалізацыя заканадаўства Еўразійскага эканамічнага саюза на нашай глебе – каб не было рознагалосся. Калі сёння наш прадукт харчавання, які пойдзе на экспарт, будзе адрознівацца ўпакоўкай, надпісам, складам – яго проста не прымуць на іншых рынках. Безумоўна, нашым вытворцам – пачынаючы ад індывідуальных прадпрымальнікаў і заканчваючы буйнымі кампаніямі – неабходна адпавядаць міжнародным нарматывам.

Надзея ЮШКЕВІЧ, «Звязда», 1 лютага 2017 г.