/ / Общественно-политические и в области права
01.02.2017

Непрацуючых прадпрымальнікаў хочуць вызваліць ад страхавых узносаў. Шляхі ўдасканалення сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва

Такая прапанова членам Савета Рэспублікі паступіла ад мінскага абласнога ўпраўлення Фонду сацабароны насельніцтва. Цяпер індывідуальным прадпрымальнікам неабходна выплачваць страхавыя ўзносы незалежна ад таго, ажыццяўляюць яны сваю дзейнасць ці не. Хоць да 2014 года тых з іх, у каго не было даходу, не абавязвалі рабіць адлічэнні ў ФСАН. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Марыяна Шчоткіна прапанову падтрымала. «Гэта будзе справядліва ў адносінах да людзей», – пракаментавала яна падчас «круглага стала» на базе прадпрыемства «Азярыцкі-Агра», дзе абмяркоўвалі шляхі ўдасканалення сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва.

Непрацуючых прадпрымальнікаў хочуць вызваліць ад страхавых узносаў.

Кандыдаты ў сядзелкі

Сярод прапаноў, якія агучваліся падчас «круглага стала», – зрабіць больш жорсткім кантроль пры назначэнні дапамогі па доглядзе інваліда 1-й групы ці асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

– Часам людзі, якія не хочуць працаваць, афармляюць дапамогу па доглядзе. Але ніхто не глядзіць, які лад жыцця яны вядуць. Законных падстаў адмовіць ім няма. Варта было б пытанне аб назначэнні дапамогі па доглядзе пакінуць на разгляд мясцовых органаў, каб у кожным канкрэтным выпадку вырашаць, каму яе выдаваць, а каму – не, – лічыць намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама Ала Шахоцька.

Намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак пагадзіўся: праблема ёсць. Былі выпадкі, калі пасля павелічэння бюджэту пражытковага мінімуму (ад яго залежыць памер дапамогі) рэзка ўзрастала колькасць ахвотных аформіць догляд пажылога сваяка. Але, адзначыў намеснік Міністра, у мясцовых органаў і цяпер ёсць паўнамоцтвы пазбаўляць чалавека гэтых выплат, калі ён не клапоціцца пра падапечнага.

Па законе тыя, хто афармляе дапамогу па доглядзе, не могуць выйсці на работу, інакш пазбавяцца выплат. Марыяна Шчоткіна мяркуе, што неабходна зняць гэту забарону:

– Трэба дазволіць людзям працаваць на палову стаўкі, дыстанцыйна і пры гэтым захаваць дапамогу, як гэта будзе ў адносінах да бацькоў, што даглядаюць дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў. Так мы даём магчымасць фарміраваць права на пенсію.

Адрасная дапамога былым зняволеным

Спрэчнае пытанне ўзняў Лагойскі райвыканкам: ці можна выключыць з ліку атрымальнікаў дзяржаўнай адраснай дапамогі асоб, якія знаходзіліся ў месцах пазбаўлення волі і таму не зарабілі стаж і жывуць на сацыяльную пенсію?

На думку Марыяны Шчоткінай, такое рашэнне было б не зусім правільным.

– Чалавек аступіўся, адсядзеў. Ён ужо адбыў сваё пакаранне, – аргументуе яна. – Калі гэта грамадзянін у працаздольным узросце, ён можа яшчэ ўладкавацца на работу, каб палепшыць сваё матэрыяльнае становішча. А калі пенсіянер, які атрымлівае палову бюджэту пражытковага мінімуму ў месяц (такі памер сацыяльнай пенсіі ўстаноўлены для мужчын і жанчын, якія дасягнулі 65 і 60 гадоў адпаведна. – Аўт.) і не ў стане падпрацоўваць? Мы ж не павінны ствараць неспрыяльную сітуацыю і штурхаць людзей на злачынства.

Расцэнкі на сацыяльныя паслугі

Гаварылі таксама пра неабходнасць павысіць кошт норма-гадзіны сацыяльных паслуг. Сацработнікі Чэрвеньскага раёна звярнулі ўвагу на тое, што гэтыя лічбы не мяняліся ўжо некалькі гадоў. А ад іх, між іншым, залежаць заробкі супрацоўнікаў тэрытарыяльных цэнтраў.

– Устанаўліваць кошт норма-гадзіны – кампетэнцыя аблвыканкамаў. Гэта вызначана Законам «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь». Але мы настойліва рэкамендуем абласным органам павышаць расцэнкі, – адзначыў Аляксандр Румак.

Цяпер кошт норма-гадзіны ў рэгіёнах складае ў сярэднім 45–50 капеек. Поўная цана за месяц сацыяльнага абслугоўвання (пры візіце работніка 5 разоў на тыдзень) вар'іруецца ад 26 да 29 рублёў. Але для розных катэгорый грамадзян аплата дыферэнцыравана. Тыя, у каго сярэднедушавы даход ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму, атрымліваюць паслугі бясплатна. А для грамадзян, якія не з'яўляюцца адзінокімі, прадугледжана магчымасць заключэння трохбаковага дагавора, каб за візіты сацыяльнага работніка разлічваліся дзеці.

Марыяна Шчоткіна, у сваю чаргу, заўважыла, што тэрытарыяльным цэнтрам трэба развіваць пералік паслуг, каб павысіць заробкі сваім супрацоўнікам. Напрыклад, аказваць дапамогу іншым катэгорыям грамадзян, не вызначаным заканадаўствам, але ўжо за большую цану.

Наталля Лубнеўская, «Звязда», № 21 (28385), 1 лютага 2017 г.