/ / Общественно-политические
14.12.2017

Спрэчныя моманты апекі дзяцей. Як палепшыць узаемаадносіны кантрольных службаў і бацькоў?

«Я прыходзіла з работы, падала на канапу і раўла. Не ад болю – ад бяссілля». Гэта словы маці, дзіця якой жыве ў прытулку, бо камісія палічыла, што сям'я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Гісторыя жанчыны стала асновай для дакументальнага фільма, які ўбачылі ўдзельнікі круглага стала «Гіперахова праблемных сем'яў. Як пазбегнуць канфліктаў паміж чыноўнікамі і бацькамі?»

Ребенок

Безумоўна, практыка правяраць сем'і, якія выклікаюць трывогу, арганізавана з добрых памкненняў. Існуюць сітуацыі, калі малому насамрэч лепш трапіць у прытулак. Гэта шанц для яго апынуцца ў прымальных умовах, калі вакол няма п'яных сварак і пастаяннай нястачы. У той жа час і для гора-бацькоў адыманне дзіцяці з'яўляецца апошняй перасцярогай, каб задумацца і выправіць становішча.

Аднак не ўсе бацькі вядуць антысацыяльны лад жыцця. Цяжкія абставіны, хвароба ці пошук работы могуць прывесці да сітуацыі, якую іначай, чым «не пашчасціла», не ахарактарызуеш. Дзе праходзіць мяжа паміж жаданнем бацькоў захаваць сям'ю і імкненнем чыноўнікаў абараніць дзяцей ад неспрыяльных умоў?

Каля размытых берагоў

Адзін са спрэчных момантаў датычыцца акта па выніках праверкі ўмоў жыцця. Гэта дакумент, дзе камісія ацэньвае бытавыя і псіхалагічныя ўмовы, у якіх выхоўваецца непаўналетні.

– Уся бяда ў тым, што крытэрыі, каб прылічыць сям'ю да сацыяльна небяспечнага становішча, размытыя, і калі прыдзірліва ставіцца да кожнай дробязі, то многія «беспраблемныя» сем'і раптам могуць трапіць на ўлік, – разважае кіраўнік рабочай падгрупы па правах сям'і і дзяцей Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Леанід Скарабагаты.

Абследаванне сям'і можа адбывацца не толькі па запыце суда, міліцыі, паліклінікі, разлікова-даведачнага цэнтра, але, напрыклад, і пасля сігналу – паведамлення ад пабочнай асобы. Абмежаванняў па колькасці праверак няма. Умоўна кажучы, у адзін дзень да сям'і могуць завітаць прадстаўнікі навучальнай установы, назаўтра – спецыялісты аддзела адукацыі, а яшчэ праз суткі – камісія з медыцынскай установы. Подпіс асоб, дом якіх наведвала камісія, у акце праверкі не прадугледжаны. Адсюль – можна не паказваць дакумент бацькам, і апошнія ніколі не даведаюцца, што там напісана. Як вынік, яны не змогуць выправіць вынайдзеныя парушэнні або аспрэчыць рашэнне камісіі. Першапачаткова акт праверкі лічыўся службовым, ад таго недаступным для прагляду. Цяпер статус дакумента змяніўся на «да запатрабавання». Такім чынам, бацькі могуць напісаць запыт і азнаёміцца з вывадамі правяраючых асоб.

– Праблема большасці бацькоў – нізкая юрыдычная дасведчанасць, – лічыць юрыст і прыёмная маці Алена Кашына. – Я рэкамендавала б усім шматдзетным сем'ям або сем'ям, якія стаяць на ўліку сацыяльна небяспечнага становішча (далей – СНС), штомесячна рабіць запыт на копію акта праверкі і потым захоўваць адказы, каб абараніць сябе ад магчымых непрыемнасцяў.

Мы прыйшлі вас пасарамаціць

Па словах Леаніда Скарабагатага, пік адбіранняў дзяцей прыйшоўся на 2012–2013 гады, у 2016 годзе гэты паказчык зменшыўся на 1200 дзяцей, у 2017 годзе пакуль што зафіксаваны адзіночныя выпадкі. Існуе тлумачэнне Міністэрства адукацыі, якое забараняе праводзіць нечаканыя праверкі. Такім чынам, бацькі атрымалі магчымасць дамаўляцца на зручны час, і прыход камісіі перастаў быць шокам. Але, са слоў шматдзетнай маці Наталлі Янушкевіч, непрыемныя выпадкі здараюцца:

– У праверках камісій шмат суб'ектывізму. Дэкрэт № 18 ствараўся, каб дапамагаць шматдзетным бацькам і сем'ям з прыёмнымі дзецьмі, але чамусьці некаторыя правяраючыя ператвараюць гэты працэс у пошук абвінавачванняў. У жылым доме, тым больш з дзецьмі, не бывае ідэальнага быту. І калі пасля агляду з пазіцыі «вы нам павінны» члены камісіі сарамацяць маці за пыл на люстры або раскіданыя рэчы, прычым робяць гэта на вачах у дзяцей, то ўявіце, які гэта ўдар па бацькоўскім аўтарытэце і негатыўны вопыт самога маленькага чалавека! У дзіцяці замацоўваецца разуменне, што ў любы момант чужыя дзядзі і цёці могуць зазірнуць да яго ў пакой і насварыцца за цацкі на падлозе.

Наогул, агляд дома, дзе жыве сям'я, чужымі людзьмі – далікатнае пытанне. Камісія зазірае ў пакоі, шафы, халадзільнік, пералічвае адзенне і рэчы... Часам гэта адбываецца на вачах дзяцей, у тым ліку падлеткаў, якія наогул хваравіта адносяцца да заходаў на «іх тэрыторыю».

Ці ёсць варыянт больш ашчаднага для дзіцячай псіхікі метаду кантролю? Алена Кашына лічыць, што так. Той жа настаўнік рэгулярна бачыць школьніка на занятках. Калі дзіця выглядае стомленым, замкнутым, калі ў яго неахайнае адзенне і недагледжаны знешні выгляд, нізкая сацыялізацыя ці пастаянныя канфлікты з аднакласнікамі – гэта трывожныя званочкі небяспечнага становішча.

Ці стане зацікаўленасць выйсцем?

Да пытання па абароне дзяцей ад неспрыяльных умоў нельга падыходзіць адназначна, лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алена Анісім.

Не толькі дзіця са шматдзетнай сям'і можа трапіць у небяспечнае становішча. Галоўная бяда – у адносінах бацькоў да сваіх абавязкаў. Для прыкладу, дзве сітуацыі. З аднаго боку, сям'я, дзе тата і мама заняты на працы з нізкай аплатай і таму церпяць нястачу. З другога – асацыяльны лад жыцця старэйшых родзічаў, якія нават не ўспомняць, ці кармілі яны сёння дзіця. Пры знешне агульным параметры малазабяспечанасці паміж гэтымі двума выпадкамі вялікая розніца. Было б слушна ў выяўленні праблемных сем'яў рабіць акцэнт на прафілактыку і падтрымку. Асабліва гэта актуальна для вёскі, дзе суседзі ведаюць, што маці часта ўжывае алкаголь, але адначасова любіць сваё дзіця. У вачах аднавяскоўцаў гэты факт быццам бы «выбачае» слабасць маці. Але такая любоў можа прывесці да бяды, бо жанчына не ў стане кіраваць нават уласным жыццём, спускаючы сродкі на спіртное.

– Апошнім часам з Міністэрства адукацыі была агучана інфармацыя пра падрыхтоўку змен у адно з палажэнняў. Магчыма, яны дазволяць згладзіць спрэчныя моманты з пастановай сем'яў на ўлік, – кажа Алена Анісім. – Аднак, на мой погляд, важна стварыць у грамадстве інфармацыйны трэнд, які б рабіў упор на імкненне да лепшага жыцця. Чалавеку дадзена шмат магчымасцяў, хай толькі вырашыць, чаго ён хоча, што ўмее і на што прэтэндуе. Сёння дзяржава зацікаўлена ў працаўладкаванні людзей. Калі яшчэ звярнуць увагу на тэхналагічнасць некаторых работ і дастатковую аплату, то некаторыя праблемныя пытанні знікнуць самі сабой: людзям стане нецікава, нявыгадна сядзець на месцы, для іх адкрыецца перспектыва.

Заместа пудзіла – выратавальны круг

– Мы не гаворым, што законы знарок ускладняюць жыццё сем'ям. Законы, наадварот, прызначаныя, каб выявіць праблему як мага раней і дапамагчы не трапіць у складанае становішча, – кажа Алена Кашына. Але пры гэтым дапаўняе, што сам падыход да правядзення праверак павінен змяніцца.

На думку юрыста, найперш трэба пазбавіцца ад стэрэатыпу, што дзяцей адбіраюць толькі ў амаральных бацькоў, маўляў, самі ў гэтым вінаватыя.

Другая мера, якая б магла палепшыць узаемаадносіны кантрольных службаў і бацькоў, – змены ў заканадаўстве, больш дакладныя фармулёўкі крытэрыяў праверкі. Напрыклад, несправядлівая сітуацыя, калі мама баіцца прасіць матэрыяльную дапамогу для дзіцяці, бо адзін з магчымых крытэрыяў пастаноўкі на ўлік СНС якраз звязаны з яе частымі запытамі. Пры гэтым нідзе не прапісана, што трэба разумець пад словам «частыя». Або яшчэ прыклад – пра сямейную тыранію. Калі хто-небудзь з бацькоў праяўляе гвалт у адносінах да родных, то пакараюць не толькі агрэсара, але і ахвяру, прымусова адабраўшы дзіця ў прытулак.

Трэцяя змена, якую б хацелі бачыць удзельнікі абмеркавання, – строгае рэгламентаванне дзеянняў унутры кантрольных устаноў. «Устаўшчына» ў гэтым выпадку дазволіць бацькам абараняць свае правы ў выпадку несправядлівых рэзалюцый камісіі альбо парушэнняў з яе боку.

– Калі бацькі недасведчаныя ў юрыдычных тонкасцях, раю ім звяртацца да спецыялістаў, – кажа Алена Кашына. – Кансультацыю цяпер можна атрымаць па тэлефоне ці праз інтэрнэт. У любым выпадку, бацькі павінны ўсведамляць, што яны змагаюцца за сваё дзіця.

Як бачна, пытанне па праблемных сем'ях не мае адназначнага вырашэння. З аднаго боку, патрэбна ўдакладненне законаў, якія рэгулююць нормы дабрабыту малога. З другога – бацькам таксама неабходна падтрымка. У любым выпадку, галоўную ролю адыгрывае індывідуальны падыход да кожнага выпадку і вечны прынцып урачоў: «Не нашкодзь».

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, «Звязда», 14 снежня 2017 г.