/ / Общественно-политические
06.12.2017

Чамаданчык з неабдумана набытай касметыкай ужо не вярнуць: Як спажыўцу адстаяць свае правы?

З пачатку года ў Беларускае таварыства абароны спажыўцоў паступіла каля 3,5 тысячы зваротаў па тэлефоне. Было праведзена прыкладна 70 экспертыз па таварах. Пытанні ўзнікаюць самыя розныя. Ці можна вярнуць падарункавы сертыфікат? Што рабіць з каструлямі, купленымі пад угаворамі прадаўцоў на прэзентацыі? Як памяняць тавар, калі чэк на яго не захаваўся?

таварыства абароны спажыўцоў

Падчас прамой лініі чытачоў кансультавала старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Уладзіміраўна Суша.

Чэк – не адзіны доказ куплі

– Купіла святлодыёдную лямпачку, а яна перагарэла. Чэк не захавала, толькі гарантыйны талон і ўпакоўку. Магу я лямпачку вярнуць?

– Можаце. Гарантыйны талон і ўпакоўка – дастатковая падстава, каб даказаць, што вы купілі лямпачку ў пэўнай краме. У новай рэдакцыі Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў» (яна прайшла ўжо першае чытанне) паняцце дакумента, які пацвярджае набыццё тавару ці выкананне паслуг, будзе пашырана. У яго ўключаць не толькі чэк, але і належным чынам аформлены тэхнічны пашпарт, інструкцыю па эксплуатацыі і нават праязны білет.

– Гэта турбуюць з Дзятлава Гродзенскай вобласці. Званю па просьбе свайго мужа, Сёмухі Тадэвуша Вацлававіча. Ён купіў у прадпрымальніка запчастку – галоўку рухавіка. Яна аказалася няспраўнай. Муж прынёс яе назад прадаўцу, а той сказаў: «Калі прадам, тады аддам грошы». Прайшло ўжо больш за год. Прадпрымальнік вазіў у Мінск гэту запчастку, праверыў, кажа, што спраўная, але нам не хоча аддаваць ні галоўку, ні грошы, пакуль не заплацім за тое, што ён патраціўся на дарогу.

– Калі прадавец прыняў тавар, ён абавязаны вярнуць яго кошт у тэрмін не больш як сем дзён (такая норма прапісана ў Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў»). Паколькі справа зацягнулася, то ў вас ёсць права патрабаваць няўстойку – адзін працэнт ад кошту тавару за кожны пратэрмінаваны дзень. Вы павінны напісаць заяву на імя прадаўца. У кожным райвыканкаме ёсць упаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў, як правіла, у аддзеле эканомікі або гандлю – звярніцеся да яго, каб дапамог аформіць прэтэнзію. У ёй вы ўстанаўліваеце тэрмін не больш як 14 дзён для кампенсацыі вашых затрат. Заяву можна адправіць заказным лістом ці з паведамленнем.

Калі гэта не падзейнічае, трэба звярнуцца ў суд. Пры падачы іску спажывец не плаціць дзяржаўную пошліну, усе выдаткі кладуцца на прадаўца.

– Куды мы толькі ні звярталіся: і ў падатковую, і ў пракуратуру...

– Падатковыя і іншыя органы не займаюцца гэтым. Не трэба хадзіць ні ў міліцыю, ні да пракурора. У іх іншыя абавязкі.

– Разумееце, у нас няма чэка. Але, калі падатковы інспектар выклікаў прадпрымальніка, той прызнаўся, што прадаў нам запчастку. Толькі нам акт апытання не даюць. А нам бы грошы вярнуць. 180 долараў для нас, пенсіянераў, сума вялікая.

– Мясцовы выканкам можа запрасіць гэты дакумент, каб у вас былі важкія доказы, што прадпрымальнік прадаў вам пэўны тавар.

Званок прадаўцу не лічыцца – шліце пісьмо

– Пытанне з Мінска. На распродажы ў ДК купіла паліто, а яно з бракам. Як яго вярнуць? Распродаж працягваўся толькі пару дзён і ўжо скончыўся, ДК пусты.

– Вы не ў ДК купілі, а ў канкрэтнага прадпрымальніка ці фірмы. Калі набывалі паліто, абавязкова трэба было ўзяць чэк або распіску: там стаіць найменне прадаўца. Даведацца пра яго месцазнаходжанне, каб адправіць заяву, можна ва ўпраўленні Адзінага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі (Кальварыйская, 1, каб. 705). Інфармацыя даецца бясплатна, але не па тэлефоне – трэба прыйсці асабіста.

– Падкажыце, якія тавары добрай якасці нельга вярнуць на працягу 14 дзён?

– Гэта харчовыя тавары, метражныя тканіны, шпалеры, нацельная бялізна, аўтамабілі, мэблевыя гарнітуры і наборы, парфумерна-касметычныя тавары, лекі, тавары заакрам, кветкі і іншае. Нельга вярнуць таксама тэхнічна складаныя тавары бытавога прызначэння, якія маюць гарантыйны тэрмін і ў тэхнічным пашпарце якіх зроблена адзнака аб даце продажу: напрыклад, ноўтбукі, тэлевізары, мікрахвалёўкі. Цацкі, інструменты для манікюру і бытавая хімія таксама ўваходзяць у гэты спіс, але калі яны былі ў герметычнай упакоўцы, то іх можна абмяняць.

– Гарадскі пасёлак Старобін турбуе. У верасні купіў кольцы для каналізацыі. Пачалі ў лістападзе манціраваць, а яны аказаліся няякаснымі. Якія дакументы і куды накіраваць, каб мне кольцы памянялі? Размаўляў з прадаўцом па тэлефоне, ён адцягвае сустрэчу.

– Вам трэба адправіць пісьмовае патрабаванне аб вяртанні грошай за няякасны тавар па адрасе прадаўца. Званок не лічыцца: вы не дакажаце потым, што давялі гэты факт да ведама прадаўца. Яму адводзіцца сем, а калі патрабуецца дадатковая праверка якасці, то 14 дзён, не больш. Тэрмін пачынае адлічвацца з моманту ўручэння вашага пісьма.

Доказ таго, што сапраўды маецца дэфект, выдаецца пасля правядзення экспертызы. Яе робіць той, хто зацікаўлены, – звычайна спажывец. Ён абавязаны будзе аплаціць працэдуру і потым разам з коштам тавару можа патрабаваць у прадаўца вярнуць гэтыя затраты. Калі экспертыза браку не выявіла, выдаткі на яе правядзенне спажыўцу не кампенсуюцца.

– Ці можна вярнуць у краму падарункавы сертыфікат?

– Нельга. Гэта, па сутнасці, перадаплата на тавары, паслугі. Калі вы забыліся своечасова скарыстацца сертыфікатам, тэрмін дзеяння таксама нельга перанесці.

За вываз смецця плаціць абавязкова

– Калі ў цырульні зрабілі стрыжку, а яна мне не спадабалася, ці магу я не плаціць за яе?

– Трэба звярнуцца да адміністрацыі цырульні і спрабаваць дамовіцца. Варта прымаць пад увагу, што стрыжка залежыць ад структуры валасоў, формы галавы. Ведаю выпадак, калі маладая жанчына ўжо перад сушкай адчула, што атрымала не тое, што хацела, адразу заявіла пра гэта, і цырульнік усё перарабіў. Але гэта заўсёды вельмі складанае пытанне.

– Нядаўна куплялі кватэру і наймалі для гэтага рыэлтара. Знайшлі патрэбнае жыллё. А потым аказалася, што мы павінны заплаціць не толькі свайму агенту, але і таму, каго наймаў прадавец кватэры. За што? Ён нават не з'явіўся на перадачу ключоў!

– Трэба было ўважліва чытаць дагавор: хутчэй за ўсё, там быў дадатковы пункт аб аказанні рыэлтарскіх паслуг. Але ніхто не мае права адмовіць вам у продажы кватэры, калі вы не хочаце плаціць чужому агенту. Бо ён і так атрымлівае ўзнагароду ад свайго кліента. Увогуле, уважліва вывучайце, што набываеце. Часта прадаўцы кватэр запрашаюць на сустрэчу ў пэўны час, калі няма праблемных сітуацый, а потым аказваецца, што, напрыклад, шумаізаляцыя дрэнная і чуваць, як грукочуць электрычкі.

– У нас у пад'ездзе праводзілі апытанне: ці згодны мы, каб смеццеправод заварылі і замест гэтага паставілі кантэйнеры для асобнага збору адходаў. Большасць жыльцоў выказалася «за». Але я супраць, мне са смеццеправодам зручней было. Магу я адмовіцца плаціць за вываз адходаў, калі не даваў сваёй згоды?

– Вываз цвёрдых бытавых адходаў – гэта абавязковая паслуга, таму адмовіцца ад яе немагчыма. Цяпер наконт гэтага вельмі шмат пытанняў узнікае і ў сельскіх жыхароў, якія не хацелі б плаціць. Але адказ той жа. Вядомы выпадак, калі вясковец самастойна асобна збіраў смецце: дрэва спальваў у печы, макулатуру здаваў у школу, поліэтылен і пластмасу таксама адвозіў у пункт прыёму. У яго нават былі квітанцыі, але, на жаль, суд не падтрымаў спажыўца, не палічыў гэтыя довады пераканаўчымі.

– Хачу купіць пуцёўку на мора, але, калі пачытала навіны пра землятрус на Балі, задумалася. Калі ў краіне, куды збіраюся, здарыцца нешта надзвычайнае, ці змагу за пару дзён да адлёту адмовіцца ад пуцёўкі і патрабаваць вярнуць яе кошт?

– У такім выпадку вам павінны будуць вярнуць суму за вылікам рэальна панесеных расходаў (напрыклад, афармленне візы, браніраванне білетаў). Звычайна турфірмы ідуць насустрач.

Кошык пакіньце ў краме

– Трапіў у такую сітуацыю. Купіў прадукты, у кошыку вырашыў данесці да свайго аўтамабіля. На шляху дагнаў ахоўнік і, абвінаваціўшы ў крадзяжы, патрабаваў вярнуць кошык.

– Ахоўнік меў рацыю. Кошык з'яўляецца ўласнасцю крамы, і выносіць яго нельга. Але ў гіпермаркетах звычайна ёсць спецыяльныя каляскі – на іх можна давозіць пакупкі да машыны.

– Не раз бачыла такія аб'явы: «Крама не нясе адказнасці за рэчы, пакінутыя ў камерах захоўвання». Як жа так? І пры гэтым у гандлёвы зал з вялікімі торбамі не пускаюць.

– Такія аб'явы не маюць законнай сілы. Гэта няправільная пазіцыя. Вы прыйшлі на тэрыторыю дадзенай крамы, даручылі ёй захоўваць вашы рэчы, таму ў выпадку непрадбачанай сітуацыі (калі іх укралі), у вас ёсць поўнае права звярнуцца да адміністрацыі гандлёвага аб'екта па кампенсацыю панесеных страт.

– У нас у суседняй краме бывае блытаніна з цэнамі. На цэнніку прачытаеш адну суму, а на касе прабіваюць іншую. Калі кажу пра гэта прадаўцу, ён адказвае, што нічым не можа дапамагчы.

– Калі справа ў тым, што крама не паспела змяніць цэннікі, яна павінна пайсці насустрач і ануляваць суму. Але, бывае, спажывец сам памыліўся. Запомніце: на цэнніку абавязкова прысутнічаюць апошнія тры лічбы штрых-кода тавару. Гэта добрая падказка, калі незразумела, які кошт да чаго адносіцца.

– Маю маму на мінулым тыдні запрасілі на прэзентацыю посуду. Нейкія там суперкаструлі, якія каштуюць шалёных грошай. Угаварылі купіць набор у растэрміноўку. Мама каструлі дадому прынесла, а на наступны дзень у роспачы пазваніла мне: як іх вярнуць? Ці можна што-небудзь зрабіць?

– Калі посуд не выкарыстоўваўся, спажывец мае права яго вярнуць на працягу 14 дзён. Рэкамендую гэтым прадаўцам паслаць тэлеграму з прыпіскай: «Тавар не падышоў, прашу вярнуць кошт, набор будзе ўручаны ў момант чарговай прэзентацыі, якая будзе праходзіць у маім горадзе». Дагавор растэрміноўкі таксама можна ануляваць.

Гэтыя каструлі, дарэчы, прызначаны для індукцыйных пліт. І калі чалавек у якім-небудзь пасёлку набыў іх і паставіў на газавую пліту, посуд расплавіцца. Адзінае, што можна зрабіць у такім выпадку, – паглядзець, ці даў прадавец поўную інфармацыю аб выкарыстанні каструль.

Нашы спажыўцы не навучыліся казаць «не» навязліваму сэрвісу. І калі лячэбныя вусцілкі, падушкі і коўдры яшчэ можна вярнуць, то чамаданчыкі з цудадзейнай касметыкай – не. Кампаніі ўжо ўлічылі свае промахі і, заключаючы дагаворы, стараюцца ўсё прапісаць. Таму трэба думаць загадзя.

– Цяпер крамы распрадаюць вясеннія калекцыі абутку. А з якога моманту на яго пачынаецца гарантыя?

– Для абутку сезоннага прызначэння гарантыйныя тэрміны носкі вылічваюцца наступным чынам: для зімняга абутку – з 15 лістапада, вясенняга – з 1 сакавіка, восеньскага – з 15 верасня, летняга – з 1 мая. Спартыўны абутак і мадэльныя туфлі лічацца пазасезоннымі. Але калі спажывец пачаў насіць чаравікі адразу пасля куплі, то гарантыя дзейнічае з моманту іх выкарыстання.

Усім хачу параіць: не рабіце неабдуманыя пакупкі. Перш чым даставаць кашалёк з кішэні, палічыце хоць бы да пяці і падумайце, ці патрэбна вам гэта рэч.

Наталля Лубнеўская, «Звязда», 6 снежня 2017 г.
(фота – Анатоль Клешчук)