/ / Общественно-политические
05.12.2017

Што мы чакаем ад вынесенага на грамадскае абмеркаванне праекта Стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018–2040» – каментар эксперта

Праект Стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018–2040» вынесены на грамадскае абмеркаванне. У дакуменце вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад у перспектыве на сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці па шэрагу кірункаў. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3%, доля прарыўных навуковых даследаванняў і распрацовак – 30% у агульным аб'ёме, доля высокатэхналагічных сектараў у структуры эканомікі – 10%. У агульным аб'ёме вытворчасці прамысловых прадпрыемстваў інавацыйная прадукцыя будзе займаць 25%. Пра тое, наколькі дасягальныя пастаўленыя мэты, мы пацікавіліся ў эксперта.

Васіль САФОНАЎ, прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

– Адзін з раздзелаў стратэгіі прысвечаны развіццю кадравага патэнцыялу і практычнай рэалізацыі канцэпцыі «Універсітэта 3.0». Што маецца на ўвазе? У першую чаргу, стварэнне інтэграванага адукацыйнага, навукова-даследчага і прадпрымальніцкага асяроддзя, адзінства сістэмы «адукацыя – навука – інавацыя – камерцыялізацыя». Усе ўніверсітэты, якія ўваходзяць у сусветных рэйтынгах у ТОП-10 і нават у першую сотню, уяўляюць сабой магутныя навукова-адукацыйныя карпарацыі, цэнтры навуковых ведаў і генератары інавацыйнага развіцця. Сучасны ўніверсітэт ужо апрыёры не можа займацца толькі падрыхтоўкай кадраў. Гэта агульнасусветны трэнд, які нельга ігнараваць. Дзеля справядлівасці хачу заўважыць, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт даўно рухаецца тым жа шляхам. На сённяшні дзень у склад БДУ ўваходзяць чатыры навукова-даследчыя інстытуты, два нацыянальныя навуковыя цэнтры і пяць інавацыйных унітарных прадпрыемстваў. У комплексе БДУ працуюць каля 700 навуковых даследчыкаў і высокакваліфікаваных спецыялістаў. Як завяршальнае звяно ў інавацыйным ланцужку ў гэтым годзе ў БДУ арганізаваны навукова-тэхналагічны парк на базе УП «Унітэхпрам БДУ». Навукова-вытворчая дзейнасць універсітэта нацэлена на рэалізацыю вынікаў даследаванняў у самых актуальных напрамках: бія- і нанатэхналогіі, зялёная хімія і фармацэўтыка, інфарматыка і камп'ютарныя тэхналогіі, касмічныя тэхналогіі і г. д.

Пры складанні сусветных рэйтынгаў вну адны з самых важных крытэрыяў, што бяруцца пад увагу, гэта акадэмічная рэпутацыя, індэкс цытавання навуковых работ, навуковая прадукцыйнасць і ацэнкі наймальнікаў. Паколькі БДУ ў апошнія гады прысутнічае ва ўсіх самых аўтарытэтных рэйтынгах, уваходзіць стабільна ў два працэнты найлепшых універсітэтаў свету, мяркую, што рухаемся мы правільным шляхам. Самае галоўнае – імкнёмся ствараць для моладзі і маладых вучоных умовы і магчымасці. У рамках рэалізацыі канцэпцыі «Універсітэта 3.0» студэнты і маладыя навукоўцы БДУ атрымаюць навыкі прадпрымальніцтва ў навукова-інавацыйнай сферы, у тым ліку ва ўніверсітэцкім стартап-цэнтры. У БДУ сёння працуе 43 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, больш за 100 навуковых гурткоў. З мэтай стымулявання іх актыўнасці на працягу многіх гадоў праводзіцца конкурс на самую лепшую лабараторыю. Быў праведзены таксама конкурс на найлепшы навуковы гурток. Важным інструментам маладзёжнай палітыкі з'яўляецца конкурс на самую лепшую навуковую работу сярод студэнтаў БДУ і ўдзел нашых хлопцаў і дзяўчат у аналагічным рэспубліканскім конкурсе. Мы матэрыяльна заахвочваем абарону кандыдацкіх дысертацый. Але пакуль яшчэ застаецца шэраг, так бы мовіць, тэхнічных праблем, якія трэба вырашаць на ўзроўні заканадаўства.

Што хацелася б змяніць? Мы ўносілі прапанову па вызваленні ад падатку на дабаўленую вартасць пры набыцці абсталявання для ажыццяўлення навуковай інавацыйнай дзейнасці. Ёсць пытанні па рабоце цэнтраў калектыўнага карыстання навуковым абсталяваннем, хацелася б, каб яны працавалі больш эфектыўна. Раней студэнты пасля трэцяга курса маглі залічвацца стажорамі малодшых навуковых супрацоўнікаў. Але цяпер амаль усе спецыяльнасці перайшлі на чатырохгадовы тэрмін навучання. Мы лічым, што маладым людзям трэба дазволіць быць стажорамі ўжо пасля першага ці нават на першым курсе, каб яны маглі вучыцца і паралельна зарабляць на навуцы грошы. Студэнты, якія займаюцца навукай, хацелі б удзельнічаць у міжнародных канферэнцыях і навуковых мерапрыемствах, але з фінансаваннем такіх паездак таксама ўзнікаюць праблемы.

Упэўнены, што мэты, пастаўленыя ў стратэгіі развіцця навукі да 2040 года, – дасягальныя, а вось распрацоўка механізмаў іх рэалізацыі будзе залежаць ад кожнага з нас ну і, вядома, ад таго, наколькі аператыўна будуць прымацца важныя заканадаўчыя акты.

Напамінаем, што прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні праекта Стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018–2040» можна на Прававым форуме Беларусі ў адпаведнай тэме

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда», 5 снежня 2017 г.