/ / Общественно-политические и в области права
18.08.2017

Кошт комплексу базавых паслуг жыллёва-камунальнай гаспадаркі падрасце 1 верасня на 8 %

Капітальны рамонт, раздзельны збор смецця, павышэнне якасці пітной і сцёкавай вады, тарыфікацыя жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) і іншыя пытанні па ўдасканаленні развіцця і дзейнасці ЖКГ краіны з мэтай стварэння спрыяльных умоў жыццядзейнасці насельніцтва разгледзелі ўчора на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання.

У краіне створана неабходная заканадаўчая база для рашэння пытанняў ЖКГ, зацверджана сістэма дзяржаўных сацыяльных стандартаў, праводзіцца праграма «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе на 2016–2020 гады». Разам з тым у большасці галін ЖКГ існуе шмат праблем, што вырашаюцца марудна і назапашваюцца. З гэтай нагоды кіраўнік дзяржавы на сваім узроўні вырашыў разгледзець пытанні ЖКГ на семінары ў верасні бягучага года, дзе абяцаў прыняць адпаведныя рашэнні і ацаніць кадры, адзначыў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, характарызуючы стан камунальнай гаспадаркі краіны.

– Згодна з дакладам ПРААН, Беларусь уваходзіць у лік 24 краін, насельніцтва якіх мае 100-працэнтна ўстойлівы доступ да палепшаных крыніц вады. Разам з тым у апошнія гады расце колькасць уцечак і няўлічаных расходаў у сістэмах водазабеспячэння, пагоршылася якасць ачысткі сцёкаў. Каля 9 млн кубаметраў недастаткова ачышчаных водаў скідваецца ў вадаёмы. Тэхнічныя рашэнні ўдасканальваюцца слаба, – адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Ён агучыў і шэраг іншых недасканаласцяў сістэмы ЖКГ. Перш за ўсё, вельмі нізкі ўзровень аплаты насельніцтвам паслуг ацяплення, што адбываецца праз адсутнасць сістэм уліку адпушчанай цеплавой энергіі. У жыллёвым фондзе маюцца цепластраты пры выпрацоўцы і транспарціроўцы цепланосьбітаў.

Збор і ўтылізацыя цвёрдых бытавых адходаў патрабуе ўдасканалення і, па сведчанні парламенцкага маніторынгу і службаў аховы прыроды, санітарна-эпідэміялагічны стан аб'ектаў і тэрыторый не паляпшаецца.

– Капітальны рамонт жылля з аднаго боку недастатковы, а з іншага – недасканалы механізм фінансавання капрамонту. У гэтай важнай справе не ўкараняецца прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Хоць ёсць добрыя яго прыклады, скажам, у Расіі. Утрыманне жыллёвага фонду і прыдамавых тэрыторый таксама патрабуе ўдасканалення. А характар наступстваў адміністрацыйнага зніжэння тарыфаў на ЖКП можа быць небяспечны. Замест кампетэнтных эканамічных і арганізацыйна-тэхнічных рашэнняў Мінжылкамгас і камунальныя службы на месцах захапляюцца дырэктыўнай дзейнасцю. Патрэбна адзіная дзяржаўная палітыка ў галіне: эканамічная, метадалагічная, кадравая, інвестыцыйная, тарыфная, – параіў Міхаіл Мясніковіч.

Тарыфная палітыка, дарэчы, цяпер базіруецца на паэтапным павышэнні тарыфаў для насельніцтва. Указам Прэзідэнта № 550 зацверджаны штогадовы рост тарыфаў з 1 студзеня ў эквіваленце пяці долараў і штоквартальная індэксацыя тарыфаў на ЖКП у залежнасці ад росту даходаў насельніцтва. Тарыфная палітыка пралічана ўжо да 2020 года.

Да канца 2017-га запланавана дзве індэксацыі. Кошт комплексу базавых паслуг ЖКГ падрасце 1 верасня на 8 % і 1 снежня – на 10 %.

– Гэта звязана з ростам намінальнага налічанага заробку людзей, – растлумачыў Іван ВЕЖНАВЕЦ, намеснік Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ). – З улікам такой індэксацыі і запланаванага з 1 студзеня 2018-га павышэння платы за ЖКП у межах пяці долараў мы выйдзем па ўсіх паслугах ЖКП, за выключэннем цеплазабеспячэння, на 100-працэнтны ўзровень пакрыцця затрат.

На некаторыя паслугі рост будзе істотны, дадаў ён. Так, тарыф па каналізацыі вырасце на 48,5 %, кошт халоднага водазабеспячэння павялічыцца на 27,7 %, радок па абароце з цвёрдымі камунальнымі адходамі «пацяжэе» на 19 %. Пры гэтым агульна «жыроўка» павялічыцца толькі на пяць долараў. Такім чынам на канец 2017-га аплата ЖКП у двухпакаёўцы памерам 48 м2 з трыма жыхарамі ў ацяпляльны перыяд абыдзецца ў 93 рублі, а ўзровень пакрыцця насельніцтвам комплексу камунальных паслуг уздымецца да 74,8 %. Да канца 2018-га гэты паказчык дасягне 85 %, да 2020 года – будзе 93,3 %, а вось плануемых 100 % дасягнуць можна будзе толькі ў 2025-м.

Аляксандр ПАПКОЎ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні запэўніў, што работа па вырашэнні пытанняў ЖКГ працягнецца праз стасункі са спецыялістамі адпаведных структур, каб распрацаваць канкрэтныя прапановы да верасеньскага семінара з удзелам кіраўніка дзяржавы:

– Калі Прэзідэнт гаворыць пра рэфармаванне камунальных структур, ён, пэўна, мяркуе пра сур'ёзную прадуманую канцэпцыю, якую можна прапанаваць для рэфармавання. Прапановы прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў па ўдасканаленні сістэмы ЖКГ узнялі масу праблем, якія патрабуюць вырашэння. Тарыфная палітыка, навакольнае асяроддзе, функцыянаванне сістэм водазабеспячэння і іншыя – гэта пытанні, якія характарызуюць наша жыццё. Яны патрабуюць сур'ёзнай каардынаванасці і перш за ўсё – на ўзроўні ўрада. Мы пастараліся сёння знайсці кірункі, якія трэба рэалізаваць.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 18 жніўня 2017 г.