/ / Общественно-политические и в области права
17.08.2017

Якія таямніцы высвятляе судова-медыцынская экспертыза? Судовы медык мусіць валодаць ведамі практычна ва ўсіх галінах медыцыны

Рэдкі дэтэктыўны твор або серыял абыходзіцца без уключэння ў сюжэт судова-медыцынскай экспертызы. Яно і не дзіўна – безліч злачынстваў звязаны з пашкоджаннямі цела. Сёння мы зазіраем па іншы бок гэтых даследаванняў. Аб ім карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік начальніка ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па горадзе Мінску Уладзімір Семянко-Баярынцаў.

– Амаль 100 працэнтаў так званых крымінальных экспертыз звязаны з ужываннем алкаголю. Класічная сітуацыя – некалькі чалавек сабраліся кампаніяй пасядзець. Адвечны «спадарожнік» такіх пасядзелак – моцныя напоі. Падчас размоў за лішкам спіртнога пачынаюць вылазіць старыя крыўды. Пад рукой аказваецца нож. Нядаўнія сябры зводзяць рахункі. Зачастую нажавое раненне бывае ўсяго адно. Але па законе подласці яно прыходзіцца або ў сэрца, або ў аорту. І паранены памірае на месцы.

– Як доўга праводзіцца экспертыза? Па законе гэты тэрмін не перавышае 30 дзён...

– Так. Мы залежым ад нашых «сумежнікаў» – судова-гісталагічных, хімічных даследаванняў. Напрыклад, асаблівасць гісталагічнай экспертызы – аналізу тканак цела – у тым, што тэхналагічны працэс ідзе не менш за два тыдні. Скараціць гэты тэрмін тэхнічна немагчыма.

Як прыклад, даволі шмат даводзіцца рабіць экспертыз, звязаных з атрыманнем траўмаў у грамадскім транспарце. Па заканадаўстве там могуць быць выплачаны страхавой кампаніяй істотныя грошы. І наша задача – высветліць ступень цялесных пашкоджанняў. Да таго ж эксперт мае права суадносіць іх цяжкасць і тэрмін знаходжання на бальнічным лісце.

– Як часта даводзіцца рабіць эксгумацыі?

– Раней іх было вельмі шмат. Выпадак, які запомніўся больш за астатнія, здарыўся каля 10 гадоў таму. Фельчар выдаваў фіктыўныя пасведчанні аб смерці. Шэраг пенсіянераў былі пахаваныя па такіх непраўдзівых даведках. Справа ў чым: калі чалавек памірае, то на месца падзей выязджае хуткая дапамога і міліцыя. Урачы аглядаюць цела на наяўнасць пашкоджанняў, а міліцыянер праводзіць першасную праверку, апытваючы суседзяў і сваякоў. Калі па аб'ектыўных даных падстаў для хвалявання няма, то паліклініка мае права выдаваць пасведчанне аб смерці без анатаміравання. Вось толькі ў той справе з фельчарам эксгумацыя паказвала, што пенсіянеры былі насамрэч забітыя.

– Наколькі праўдзівая фраза «анатаміраванне пакажа»?

– На 100 працэнтаў. Колькі разоў выязджалі на месца здарэння, дзе быў знойдзены труп. Ляжыць цела, усё ў кровападцёках, на галаве – выцятыя раны. Першая ж думка – яго вельмі моцна збілі. А на анатаміраванні становіцца ясна, што жыццёва важныя органы не закранутыя гэтымі ўдарамі. А чалавек памёр насамрэч ад атручэння алкаголем.

Зрэшты, такога адноснага хэпі-энду перыядычна і не бывае. Прыходзіць да нас неяк малады чалавек. І кажа – дайце пасведчанне аб смерці. Я пытаюся – а навошта яно вам? Хлопец увесь у слязах кажа – бабуля памерла. Я гавару, што мы не выдаём пасведчанне аб смерці, бо можам гэта рабіць толькі на падставе анатаміравання. Юнак у адказ – а што мне рабіць, калі паліклініка не хоча выдаваць? Справа падалася нейкай цьмянай. Таму праваахоўныя органы далі дабро на анатаміраванне. Звонку здавалася, што бабуля памерла сваёй смерцю. А ў выніку аказалася, што ўсе рэбры пераламаныя. Знайшлі разрыў кішэчніка, разрыў селязёнкі... Вывад – смерць насамрэч траўматычная! Пасля высветлілася, што гэты самы ўнук і нанёс такія пашкоджанні. Менавіта таму дасведчаны эксперт не будзе ўстанаўліваць прычыну смерці выключна па вонкавых прыкметах.

Сярод некрымінальных прычын смерці лідзіруюць сардэчна-сасудзістыя захворванні. Гэта ішэмія, кардыяміяпатыя, гіпертанія... Прычым прыведзеная статыстыка актуальная не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету.

– Якая экспертыза вам запомнілася больш за іншыя?

– У пачатку 2000-х гадоў да нас у Беларусь прыехаў жыхар Масквы. Ён звярнуўся ў нашу буйную страхавую кампанію. У той час калі сярэдні заробак складаў $60–65, ён застрахаваў сябе адразу на 5 тысяч долараў. Пасля гэтага праз некаторы час з'ехаў у Маскву. Але не назаўсёды – неўзабаве прыязджае назад у Мінск і прывозіць з сабой амбулаторную картку. А там напісана, што ў яго чэрапна-мазгавая траўма. Прычым з вельмі сур'ёзнымі наступствамі, сярод якіх было нават звужэнне палёў зроку. Масквіч паехаў да нашых страхаўшчыкоў – маўляў, давайце плаціце. Тыя, разгледзеўшы паперы, прыйшлі ў стан шоку. І не дзіўна – на першым часе яны мусілі выплаціць каля 10 тысяч долараў! Праўда, звярнуліся яны да нас не адразу. За гэты час па дагаворы набегла няўстойка, пеня, масквіч наняў адваката... І сума ўжо дасягала астранамічных для тых часоў 100 тысяч долараў.

Пасля таго як страхавая кампанія звярнулася па нашу дапамогу, экспертызу даручылі мне. І вось адчуваю: падманвае нахабна чалавек. Але як гэта даказаць? Нейраафтальмолагі з 9-й бальніцы высветлілі, што чалавек сімуляваў і згубу зроку, і чэрапна-мазгавую траўму. Тут жа закруцілася крымінальная справа. Следчыя органы Беларусі выйшлі на паліклініку ў Маскве, якая паставіла непраўдзівы дыягназ. Пасля аказалася, што ўрач таксама быў замяшаны ў гэтай справе – пра выпадковасць гаворкі і не было. Як высветлілася, у Беларусь прыехаў ашуканец са стажам. Ён вандраваў па краінах Садружнасці Незалежных Дзяржаў і «зарабляў» вялікія грошы на такіх страхоўках. Але ў Беларусі, на шчасце, яго крымінальны шлях скончыўся.

– Чым адрозніваецца праца судмедэксперта ад працы патолагаанатама?

– І яны, і мы высвятляем прычыну смерці чалавека. Але ў нас вельмі моцна адрозніваецца кантынгент. Да патолагаанатамаў на стол трапляюць целы з лячэбных устаноў з негвалтоўнай прычынай смерці. Разам з імі прыходзіць гісторыя хваробы з выкладкай усіх аналізаў і даследаванняў. А ў судова-медыцынскі морг паступаюць целы з гвалтоўнай прычынай смерці або з падазрэннем на яе. І, як правіла, – мы першапачаткова не ведаем аб іх нічога. Таксама мы працуем з людзьмі, якія памерлі па-за межамі лячэбных устаноў ці на працягу сутак знаходжання ў ёй, нявысветленымі асобамі і тымі, хто ў бальніцу трапіў з нанесенымі цялеснымі пашкоджаннямі.

– Як гэтая прафесія змяняе чалавека?

– Я стаў больш міласэрны. Напрыклад, я не здолеў бы працаваць у рэанімацыі, дзе на тваіх руках можа памерці чалавек. Паверце, гэта куды страшней у параўнанні з нашай працай. Акрамя таго, судовы медык мусіць валодаць ведамі практычна ва ўсіх галінах медыцыны. Вось возьмем для прыкладу хірургію. Яна ж дзеліцца на шмат галін – таракальную, сасудзістую, афтальмалагічную, нейрахірургію... А судовы эксперт усяго адзін. Вось перад ім – траўма вока, вось – траўма жывата. І высвятляй, ці прывялі яны да нейкіх наступстваў. І да таго ж эксперт за кожнае слова да апошняй літары высноў нясе крымінальную адказнасць. Усяго ж за мінулы год нам давялося правесці больш за 16 тысяч даследаванняў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 17 жніўня 2017 г.